19 сакавiка 2024, aўторак, 9:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Юры Хашчавацкі: Шчасце залежыць ад кожнага з нас

9
Юры Хашчавацкі: Шчасце залежыць ад кожнага з нас
ЮРЫ ХАШЧАВАЦКІ
ФОТА: CHARTER97.ORG

Вядомаму беларускаму рэжысёру Юрыю Хашчавацкаму - 70 гадоў.

Адказваючы на пытанні сайта Charter97.org, вядомы кінарэжысёр-дакументаліст звярнуўся да суайчыннікаў.

- Юры Іосіфавіч, 70 гадоў - важная вяха для кожнага чалавека. Азіраючыся на пражытае, што б вы назвалі самым галоўным у сваім жыцці?

- Самае важнае - гэта тое, што маёй унучцы ўжо сем гадоў, што мы жывем моцнай і добрай сям'ёй, што я прадаўжаю рабіць фільмы і яшчэ поўны творчых планаў. Гэта вельмі важна, бо я разумею: жыццё прадаўжаецца.

Лёс ратаваў мяне ад нейкіх ганебных учынкаў, ад занадта сур'ёзных памылак. Самае важнае для кожнага - і спадзяюся, у мяне гэта атрымалася - застацца прыстойным чалавекам. Мабыць, гэта і ёсць самае галоўнае для чалавека ў 70. Цяпер я мала магу ўспомніць са свайго жыцця таго, чаго варта саромецца. Штосьці, вядома, ёсць, як і ў кожнага - але агулам магу з вышыні 70 гадоў ставіцца да сябе нармальна. І гэта стаўленне да сябе - безумоўна важна для кожнага ў 70 гадоў.

- Вы сказалі, што яшчэ поўныя творчых планаў. Як ідуць справы з вашым новым фільмам «Гэты вар'яцкі, вар'яцкі, вар'яцкі расейскі свет»? Чаму ўзнікла ідэя зняць фільм на такую тэму?

- Рэч у тым, што ў творчасці заўсёды ідзеш ад простага да складанага. Калі 21 год таму ў «Звычайным прэзідэнце» здавалася, што калгасная ўлада ў Беларусі - гэта самае галоўнае нашае няшчасце, то паступова, адкрываючы і разумеючы тыя спружыны, якія запусцілі механізм задушвання нашага грамадства, пачынаеш прыходзіць да высновы: не ўсё так проста.

Ёсць вялікі ўплыў з боку нашага ўсходняга суседа. Таму я пачаў думаць: а чаму так, што адбываецца з велізарнай краінай на ўсходзе, якая палітыка ідзе адтуль, якія яе метады і інструменты, што яны робяць са сваімі суседзямі?

У сувязі з гэтым узнікла ідэя на прыкладзе Грузіі даследаваць гэтую праблему. Можна было б зрабіць гэта і на прыкладзе Беларусі, але, на жаль, у роднай краіне мне цяжка здымаць. Варта толькі паказаць камеру - як тут жа набягаюць людзі ў цывільным і здымаць свабодна практычна не даюць.

А пасля фільма «Лабатамія» ў мяне ўсталяваліся шчыльныя сяброўскія і творчыя сувязі з Грузіяй, таму я надумаў на прыкладзе гэтай краіны паказаць інструменты расейскай імперскай палітыкі і разабрацца ў тым, што адбываецца, як Крэмль ламаў лёсы цэлых народаў.

Так паступова я прыйшоў да таго, каб заняцца расейскай тэмай - але не ўнутрырасейскай, а роляй Расеі ў суседніх краінах. Як там насаджаецца расейскі свет і як адбываецца яго дэградацыя.

Фільм ужо гатовы, але як хутка людзі змогуць убачыць - пакуль сказаць не магу. Думаю, што ўжо вельмі хутка ён будзе выкладзены ў інтэрнэце, як і мае папярэднія працы.

- Дамогшыся вядомасці і поспехаў у творчасці, вы ўсё адно застаяцеся палітычна актыўным чалавекам. Што б вы хацелі сказаць сваім суайчыннікам, якія выйдуць 21 кастрычніка на Марш абураных беларусаў 2.0?

- Хачу сказаць словамі з вельмі вядомай калісьці песні: «Ніхто не дасць нам збавення - ні Бог, ні цар і не герой, даможамся мы вызвалення сваёю ўласнай рукой». Гэта словы са старога гімна рэвалюцыянераў, але ў іх - праўда.

Беларусы, перастаньце чакаць герояў! Годзе чакаць Ланцэлота, які прыедзе і адсячэ галаву беларускаму цмоку. Спадары, ніхто, акрамя нас, гэтага не зробіць. Ніхто не пазбавіць нас ад дэкрэта №3, калі грамадзяне краіны будуць сядзець пад венікам і чакаць, што чарговы апазіцыянер пойдзе за іх у турму сядзець свае дні, а то і гады, як гэта было з Андрэем Саннікавым і Мікалаем Статкевічам.

Нельга сядзець і чакаць, што нехта прынясе ў дом шчасце. Шчасце прыйдзе, калі кожны дзень абараняць сваю свабоду і права жыць на роднай зямлі. Таму ўсе, у каго ёсць сілы і здароўе - адназначна павінны выйсці 21 кастрычніка на Плошчу ў Менску.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках