24 красавiка 2024, Серада, 4:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пратэсты і страйкі могуць пачацца ва ўсёй краіне

53
Пратэсты і страйкі могуць пачацца ва ўсёй краіне
ФОТА: SVABODA.ORG

Сітуацыя нагадвае канец 1980-х.

Прыхільнікаў Лукашэнкі ў краіне практычна не засталося. Ва ўмовах уласнаручна створанага крызісу ўлады пайшлі на вяртанне дэкрэта №3 і глабальнае падвышэнне з 1 студзеня 2018 года тарыфаў на паслугі ЖКГ. Адначасова Беларусь ускалыхнула трагедыя з жаўнерам тэрміновай службы ў Печах пад Барысавам. Справа Аляксандра Коржыча выклікала ланцуговую рэакцыю - беларусы перасталі маўчаць і пачалі масава публікаваць гісторыі пра дзедаўшчыну ў беларускім войску. Відавочна, што ў грамадстве спее пратэст і вось ужо абвешчана, што з 1 студзеня маюць намер страйкаваць працоўныя полацкага завода «Шкловалакно».

Якім будзе характар далейшых пратэстаў у краіне і з чым можна параўнаць сітуацыю ў сённяшняй Беларусі? На гэтае і іншыя пытанні Charter97.org адказвае прадстаўнік Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу ў Слоніме Віктар Марчык.

- Рабочыя «Шкловалакна» ў Полацку абвясцілі страйк да канца года. А як выглядае сітуацыя для работнікаў прадпрыемстваў у традыцыйна багатай Гарадзенскай вобласці?

- Даўно ўжо няма гэтага «дабрабыту» - эканамічны крызіс зраўняў усе рэгіёны Беларусі.

Кожны дзень даводзіцца чуць пра тое, што людзі вельмі незадаволеныя ўладай. Ужо ні для каго няма сумневаў, што абстрактна наракаць на цяжкае жыццё няма сэнсу - усім зразумела, хто ў гэтым вінаваты.

Хтосьці абяцаў «запусціць заводы», а 80% прадпрыемстваў у нашым рэгіёне знаходзіцца альбо на мяжы банкруцтва, альбо ледзь-ледзь трымаюцца на плаве. Заробкі абрынуліся і працягваюць падаць, а людзей або звальняюць, або «вешаюць» на іх дадатковую працу за тыя ж грошы. Многія за адзін заробак выконваюць адразу некалькі тыпаў работ.

Усе пагалоўна, вядома, не гатовыя пакуль страйкаваць. Заўсёды будзе такая праслойка людзей, якая спрабуе схавацца за спіны іншых: улада нас не задавальняе, але мы пачакаем, ці атрымаецца ў тых, хто пачаў пратэставаць. Але што характэрна: такіх становіцца ўсё менш. А ўсё больш шматлікай становіцца тая катэгорыя людзей, якія гатовыя выйсці - на страйк, на вуліцу, на Плошчу. Сітуацыя чымсьці падобная на канец 1980-х - пачатак 1990-х: не стае толькі маленькай іскры, каб пратэсты і страйкі пачаліся ўсюды.

Людзі «даспяваюць». Калі сітуацыя яшчэ хоць трохі пагоршыцца - яны паднімуцца, не баючыся нават таго, што страцяць працу. Краіна падышла да краю: гэтыя заробкі ўжо не назавеш заробкам, хутка людзям будзе няма чаго страчваць. Яшчэ трохі - і «заробку» выстарчыць толькі на «камуналку», а жыць не будзе за што. «Лепш расправіць плечы, чым хадзіць за гэтыя грошы на нейкае падабенства «працы», - так ужо разважаюць ўсё больш і больш знаёмых.

Мы надоечы сустракаліся ў Зэльвенскім раёне з работнікамі ферм. Нядаўна даяркам, якія ў былыя гады атрымлівалі больш за астатніх, выдалі разліковыя лісты. «Чыстымі» там атрымалася менш за 200 рублёў. Гэта ж блізу 90 даляраў! Вось мы і маем заробкі, як на пачатку 1990-х. А кошты і камунальныя выплаты растуць. Людзі проста ў шоку. Яшчэ крыху - і сацыяльны выбух адбудзецца абавязкова, людзі выйдуць на Плошчу.

- Цяпер, мабыць, самым абмеркаванай праблемай стала дзедаўшчына ў беларускім войску, якая выплюхнулася вонкі пасля трагедыі з жаўнерам у Печах. У вашым горадзе ёсць 19-я механізаваная брыгада і іншыя часткі. Людзі абмяркоўваюць гібель Аляксандра Коржыча? Ці гатовыя пратэставаць супраць беззаконня ў войску і ва ўсёй сістэме ўлады?

- Людзі пра гэтую праблему добра ведаюць і вельмі абураныя. Распаўсюджанае такое меркаванне, і я асабіста яго падтрымліваю: гэта не дзедаўшчына - гэта бандытызм і злачынства.

Калі я служыў у свой час, дзедаўшчына была, але яна праяўлялася ў тым, што «дзяды» не прыбіралі казарму, не хадзілі строем у сталовую, былі нейкія «дзедаўскія» абрады. Але каб так здзекавацца, як у Печах ў сучаснай Беларусі - гэтага не памятаю. Магчыма, важным фактарам было тое, што мы ўвесь час хадзілі са зброяй: я служыў у асобным горна-дэсантным штурмавым батальёне выведкі. Мы праводзілі шмат часу на вучэннях у гарах і ўвесь час мелі пры сабе зброю. Калі б нейкі «дзед» з’ехаў з глуздоў - яму маглі і кулю ў лоб пусціць.

Цяпер жа служаць паўтара года і за гэты час фактычна аўтамат бачаць адзін раз. А наогул Беларусі патрэбнае кантрактнае войска.

І вельмі правільна, што 21 кастрычніка Беларускі Нацыянальны Кангрэс пастанавіў праводзіць Марш абураных беларусаў 2.0 не толькі з сацыяльнымі патрабаваннямі, але і пад лозунгам «Абаронім нашых дзяцей!».

- Ці мяркуеце, што на Марш трэба выходзіць і для таго, каб выпадак, як у Печах, больш не паўтарыўся?

- Абсалютна так. На такія выпадкі трэба рэагаваць - і рэагаваць актыўнымі пратэстамі. Давайце паглядзім на досвед іншых краін: дзе варта дзесьці паліцыянтам з неасцярожнасці падстрэліць чалавека - і сотні тысяч чалавек выходзяць на вуліцы. Тыя службовыя асобы, хто вінаваты ў рэзанансных справах, адразу падаюць у адстаўку. Бо грамадства рэагуе і пратэстуе.

Толькі гэты метад працуе. У кожнай краіне - у тым ліку і ў нас. Паглядзіце: калі б пасля трагедыі ў Печах не паднялася грамадскасць, не з'явілася столькі інфармацыі - гэтую справу б «замялі».

Калі ў нас падымецца досыць шмат людзей і выйдзе на Плошчу - мы прымусім уладу з намі лічыцца і адправім, каго трэба, у адстаўку. Таму на Марш 21 кастрычніка абавязкова трэба выходзіць.

Напісаць каментар 53

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках