28 сакавiка 2024, Чацвер, 22:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Леанід Кулакоў: 21 кастрычніка выйду за сваіх сяброў

2
Леанід Кулакоў: 21 кастрычніка выйду за сваіх сяброў
ЛЕАНІД КУЛАКОЎ

Ёсць тры галоўныя прычыны выйсці на Марш абураных беларусаў 2.0.

Пра гэта сайту Charter97.org заявіў актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Леанід Кулакоў:

- Сёння ўся Беларусь абмяркоўвае гібель жаўнера тэрміновай службы ў Печах. Дзякуючы незалежным СМІ, выкрываюцца новыя падрабязнасці рэалій беларускага войска. Як вы думаеце, чаму беларусаў так зачапіла смерць Аляксандра Коржыча?

- Таму што гэтая праблема кранула кожнага. Я служыў у вайскова-марскім флоце часоў Савецкай Саюза. Усюды ў войсках збівалі маладых, мяне таксама ў свой час ганялі. Праўда, нічога не вымагалі. Было шмат розных прыдзірак: чаму вады ў графін камандзіру не наліў, калі каюту прыбіраў. Ганялі нават за маленькія плямкі. Мне нават сківіцу зламалі, ляжаў у вайсковым шпіталі.

Што дзеецца ў войсках - гэта жах. Усё гэтае беззаконне пачалося яшчэ з царскіх часоў, калі ў войску служылі 25 гадоў.

Я мяркую, што ў нас павінна быць кантрактнае войска. Вайсковая служба павінна быць пакліканнем, а не абавязкам. Трэба адказаць на вельмі важнае пытанне: як беларускае войска будзе нас абараняць?! Стараслужачыя і камандзіры пабаяцца ісці ў атаку з маладымі жаўнерамі. Спалохаюцца помсты і кулі ў спіну ад так званых «духаў», у нас на флоце маладых называлі «карасямі», а стараслужбоўцаў «гадкамі».

Усе гэтыя нестатутныя дачыненні, знявагі, збіццё - гэта ператварылася ў сістэму, людзі сябе адчуваюць беспакарана. Такое войска небяспечнае для народа. Людзі адслужылі - пайшлі працаваць у міліцыю. Вось і рабіце высновы, як яны будуць «абараняць» правапарадак. Такое войска нам не патрэбнае.

- Ці варта беларусам спадзявацца, што Лукашэнка цяпер навядзе парадак у войску, ці трэба самім дамагацца пераменаў?

- Я не веру ў тое, што ён навядзе парадак, бо Лукашэнка сваіх не здае. Дзедаўшчына - гэта цэлая сістэма, тое, што здарылася ў Печах - прыватны выпадак, такое адбываецца ва ўсіх частках Беларусі. Рыба гніе з галавы, памяняем вярхі - зменяцца нізы.

- 21 кастрычніка ў Менску адбудзецца Марш абураных беларусаў 2.0. Чаму важна выйсці на гэтую акцыю пратэсту?

- Ёсць тры самыя галоўныя прычыны выйсці на Марш абураных беларусаў 2.0. Першая прычына выйсці на акцыю - сказаць «абаронім нашых жаўнераў», тое, што адбываецца ў беларускім войску - проста недапушчальнае. Другая прычына - гэта збядненне нашага народа. Эканамічная cітуацыя ў Беларусі змяняецца толькі ў горшы бок. Трэцяя прычына - сказаць «не дэкрэту №3».

Я быў на шматлікіх акцыях пратэсту. Мае сябры, якія хацелі выйсці на Марш абураных беларусаў 2.0, цяпер адбываюць пакаранне, замест іх выйду я.

Губляць ужо няма чаго, чым болей нас выйдзе - тым хутчэй пераможа праўда.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках