28 сакавiка 2024, Чацвер, 23:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мадрыд абвясціў, што пазбавіць Каталонію ўсякай аўтаноміі

3
Мадрыд абвясціў, што пазбавіць Каталонію ўсякай аўтаноміі

Скончыўся тэрмін ультыматуму, абвешчаны ўраду правінцыі.

Урад Гішпаніі збіраецца пазбавіць усякай аўтаноміі Каталонію і найбліжэйшым часам возьме рэгіён пад свой кантроль, паведамляе Bloomberg са спасылкай на заяву Мадрыда (пераклад - newsru.com).

Паводле звестак Reuters, урад Гішпаніі можа ініцыяваць працэс прыпынення палітычнай аўтаноміі паводле Канстытуцыі ўжо ў суботу, 21 кастрычніка. Для абмеркавання гэтага пытання ў Мадрыдзе скліканае спецыяльнае пасяджэнне ўрада.

Сёння, 19 кастрычніка, а 10 гадзіне паводле гішпанскага часу (11 гадзін паводле Масквы) скончыўся тэрмін ультыматуму, які абвясціў Мадрыд Каталоніі. Урад краіны патрабаваў ад лідара рэгіёну Карласа Пучдэмона, каб ён забыўся пра пытанне, абвясціла Каталонія аб незалежнасці ці не.

За некалькі хвілін да заканчэння тэрміну каталонскі лідар заявіў, што рэгіянальны парламент можа прагаласаваць за афіцыйную заяву аб незалежнасці ад Гішпаніі, калі цэнтральны ўрад не пагодзіцца на перамовы з Каталоніяй. Такім чынам ён прызнаў, што фармальна аб незалежнасці рэгіёну абвешчана не было.

«Калі ўрад па-ранейшаму будзе перашкаджаць дыялогу і прадоўжыць рэпрэсіі, каталонскі парламент можа прадоўжыць, калі палічыць мэтазгодным, галасаваць за афіцыйную заяву аб незалежнасці», - цытуе Reuters ліст каталонскага лідара прэм'ер-міністру Гішпаніі Марыяна Рахой.

Пучдэмон апублікаваў гэты ліст за некалькі хвілін да заканчэння ўльтыматуму, выстаўленага Рахоем, дамагаючыся скасавання двухсэнсоўнай заявы з нагоды «неразумнасці» каталонскіх лідараў і перспектывы ўвядзення наўпроставага кіравання рэгіёнам.

Гішпанская газета El Pais піша, што заяву Пучдэмона трэба разумець як прызнанне таго, што фармальная незалежнасць Каталоніі на мінулым тыдні абвешчаная не была. Каталонскі лідар не стаў у сваім лісце ацэньваць прапановы ўрада з нагоды абмеркавання сітуацыі ў кангрэсе або перспектыў правядзення рэгіянальных выбараў, каб пазбегнуць ужывання арт.155 канстытуцыі. Ён падкрэсліў, што заклікае да дыялогу з урадам Гішпаніі.

«Нягледзячы на ўсе нашы намаганні і наша імкненне да дыялогу, адзіным адказам застаецца пагроза прыпынення аўтаноміі. Гэта сведчыць пра нежаданне прызнаваць праблему і абмяркоўваць шляхі яе развязання», - гаворыцца ў дакуменце.

Каталонскі лідар дадаў, што ягоная просьба аб нефармальнай сустрэчы была праігнараваная, а «гішпанскія рэпрэсіі» ўзмацніліся пасля таго, як у панядзелак былі арыштаваныя два каталонскія актывісты.

Пучдэмон яшчэ 10 кастрычніка падпісаў дэкларацыю аб незалежнасці Каталоніі. Пасля гэтага гішпанскія ўлады запатрабавалі ад каталонскага ўрада да 10:00 16 кастрычніка даць фармальны адказ, абвяшчае рэгіён незалежнасць ці не. Пучдэмон замест гэтага паведаміў у лісце да Рахоя, што абвяшчэнне аб незалежнасці прыпыненае, і заклікаў да дыялогу. Мадрыд адмовіўся ад перамоваў і выставіў новы ўльтыматум - да 10:00 19 кастрычніка.

Калі б Пучдэмон адказаў на пытанне аб абвяшчэнні незалежнасці Каталоніі станоўча, гэта дазволіла б уладам Гішпаніі ўвесці ў дзеянне артыкул 155 канстытуцыі краіны: прыпыніць палітычную аўтаномію рэгіёну і ўзяць яго пад свой кантроль. Гэты артыкул дазваляе Мадрыду распусціць рэгіянальны ўрад і абвясціць аб правядзенні новых выбараў. Таксама цэнтр можа ўзяць на сябе кіраўніцтва мясцовымі паліцыянтамі і кантроль над тэлевізіяй.

За 39 гадоў гішпанскай канстытуцыі 155-ы артыкул не была ўжыты ні разу, нягледзячы на тое, што ў Каталоніі ўжо двойчы прымаліся дэкларацыі аб незалежнасці - у студзені 2013 года і ў лістападзе 2015 года. Абодва разы яны былі ануляваныя гішпанскімі судамі.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках