29 сакавiка 2024, Пятніца, 15:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ІП са Слуцка: За 24 гады маёй працы такога яшчэ не было

39
ІП са Слуцка: За 24 гады маёй працы такога яшчэ не было
ФОТА: АЛЕСЬ ДАСТАНКА

Прадпрымальнікі працуюць толькі ў суботу-нядзелю.

У буднія дні на Слуцкім рынку нешматлюдна. Прадаўцы кажуць, што прычына не ў днях тыдня і дажджлівым надвор'і, а ў маленькіх заробках случакоў і канкурэнтах - азіяцкіх крамах, сэканд-хэндах і гандлёвых цэнтрах. Прапанаваць сваім пакупнікам тавары ў растэрміноўку, як гэта робяць крамы, рыначнікі не могуць.

Як жывуць прадпрымальнікі ў Слуцку, цікавіўся «Кур'ер».

У працоўныя дні тыдня працуюць не ўсе гандлёвыя месцы. Адны іпэшнікі дэмантавалі і вывезлі свае ралеты з тэрыторыі рынку, бо сышлі з малога бізнэсу праз неакупнасць. Іншыя адкрываюцца толькі ў выходныя, бо ў гэтыя дні трохі больш людзей прыходзіць на закупы.

«Калі некаторыя прадпрымальнікі раней плацілі арэнду за месяц, то цяпер за 14 дзён. Яны ў асноўным працуюць суботамі-нядзелямі, калі пакупнікоў больш, чым у буднія дні», - распавядаюць прадаўцы.

Рынак выжывае за кошт салігорцаў

«У людзей цяпер безграшоўе. Часам не ведаеш, за якія сродкі паехаць па тавар. Калі ў случакоў няма грошай і яны ў цябе нічога не купляюць, то, адпаведна, няма грошай на саму паездку, не кажучы пра тавары. Вядома, ёсць асцярогі, што з часам рынак вымрэ, але пакуль тыя, хто мацнейшы, працуюць, хто слабейшы - адсейваюцца», - кажа прадавец Марына.

Ейная калега Ганна мяркуе, што случакі збяднелі. «За 24 гады маёй працы на рынку яшчэ ніводнага такога года, як гэты, не было», - кажа яна.

У якасці прыкладу Ганна падае сезон продажаў перад 1 верасня. Калі раней, кажа яна, дзецям да пачатку навучальнага года куплялі ўсё новае, то ў гэтым - не. «Нешта памылі, нешта падлаталі, нешта купілі на распродажах, - распавядае прадавец. - Вы ўспомніце, калі такое было, каб агуркі і памідоры каштавалі па рублю-паўтара і булка столькі ж. Мы цяпер не гандлюем, мы проста сядзім».

Ейная цёзка Ганна Крысько, уладальніца павільёнаў з адзеннем, падтрымлівае калег. З ейных слоў, тыя ж горадаўтваральныя прадпрыемствы (мясакамбінат, сыркамбінат і іншыя) перыядычна працуюць 3-4 дні на тыдзень. Адкуль у людзей з такой працай будуць высокія заробкі?

Ганна падае свае разлікі: яшчэ 1,5 гады таму закуплялася таварам на сезон на 3 000 даляраў, цяпер - на 1 000. Гэта значыць падзенне попыту, а значыць, пакупніцкая здольнасці зменшылася ўтрая.

Несумленная канкурэнцыя

Ганна Крысько кажа, што для большасці рыначнікаў, якія гандлююць адзеннем, галоўнымі канкурэнтамі сталі азіяцкія крамы. Яны, са слоў ІП, пераманьваюць да сябе людзей з дапамогай танных няякасных рэчаў. Як прыклад распавядае гісторыю аднаго пакупніка. Ён купіў у азіяцкай краме тэніску за 15 рублёў, але пасля двух пранняў яе хіба што ў агарод можна было надзець. Таму прыйшоў на рынак і купіў футболку за 20 рублёў.

«У многіх з нас узнікаюць пытанні: беларускія ІП павінны мець на свой тавар сертыфікаты і ўсе суправаджальныя дакументы. А вы папрасіце ў гандляра ў азіяцкай краме паказаць сертыфікат або хоць нейкі дакумент на ягоны тавар. Нічога ён не пакажа», - абураюцца прадаўцы.

Канкурэнцыю работнікам рынку складаюць не толькі «танныя» крамы - азіяцкія, сэканд-хэнды, стокі, але і некаторыя гандлёвыя аб'екты, дзе кошты на адзенне даражэйшыя, чым на рынку, але купіць іх можна са зніжкай, у растэрміноўку і з картай «Халва» .

Сыходзіць няма куды

Віталь Бойка, былы прадпрымальнік, сцвярджае, што сёння рынкавы малы бізнэс з цяжкасцю выжывае ва ўмовах перманентнага крызісу.

«Шмат хто сышоў праз падвышэнне падаткаў і непасільнай арэнднай платы. За кавалак голага асфальту на Слуцкім рынку з ІП «дзяруць» грошы як за добраўпарадкаванае гандлёвае месца», - распавядае Віталь Бойка.

Ён дадае, што, акрамя арэнды і падаткаў, прадпрымальнікі плацяць у ФСАН, за стандарты бяспекі, 20% падатак на дададзеную вартасць, за ўвоз тавару на тэрыторыю Беларусі, за электроннае дэклараванне, касавыя апараты і іх абслугоўванне, транспартныя выдаткі. І гэта не ўвесь спіс, сцвярджае Віталь Бойка.

Тыя, у каго не ідзе гандаль і каму яшчэ да пенсіі далёка, шукаюць працу. Але шчыра прызнаюцца, што сумняваюцца ў поспеху такой задумы, бо ў Слуцку, з іх слоў, работы няма. Іншыя, у каго гандаль прыносіць хоць невялікі прыбытак, імкнуцца «трымацца на плаве».

Нагадаем, Марш абураных беларусаў 2.0 пройдзе заўтра, 21 кастрычніка а 14.00 на Кастрычніцкай плошчы Менска. Галоўныя патрабаванні маршу - скасаванне дэкрэта №3 і іншых незаконных пабораў, падвышэнне пенсій і заробкаў. На акцыі таксама падымуць праблему дзедаўшчыны, беззаконня і самаўпраўства ў беларускім войску.

Напісаць каментар 39

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках