20 красавiка 2024, Субота, 18:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Барселоне сотні тысяч выйшлі на пратэст супраць уладаў у Мадрыдзе

10
У Барселоне сотні тысяч выйшлі на пратэст супраць уладаў у Мадрыдзе

Дэманстранты ў Барселоне патрабуюць вызваліць з-пад арышту кіраўнікоў асноўных каталонскіх грамадскіх аб'яднанняў.

У Барселоне сотні тысяч дэманстрантаў выйшлі на вуліцы ў суботу, 21 кастрычніка - неўзабаве пасля таго, як Мадрыд абвясціў аб запуску працэдуры адхілення ад улады ўрада Каталоніі. Людзі, якія сабраліся, выступаюць супраць пастановы цэнтральных уладаў Гішпаніі і патрабуюць вызвалення з-пад арышту Жарзі Санчэса і Жарзі Куішара, кіраўнікоў асноўных каталонскіх грамадскіх аб'яднанняў, якія змагаюцца за незалежнасць рэгіёна - Нацыянальнай асамблеі Каталоніі і арганізацыі «Усеагульная культура», паведамляе «Нямецкая хваля».

Як паведамляе газета La Vanguardia, пратэстоўцы трымаюць у руках плакаты з надпісамі «Свабоду» і «Дапамажыце Каталоніі». Паводле звестак мясцовай паліцыі, у акцыі бяруць удзел блізу 450 тысяч чалавек.

Дэманстранты таксама скандуюць лозунгі супраць выкарыстання 155-га артыкулу канстытуцыі, які прадугледжвае роспуск урада і парламента аўтаноміі і перадачу іх паўнамоцтваў цэнтральным уладам.

У шэрагах мітынгоўцаў кіраўнік рэгіянальнай адміністрацыі Каталоніі Карлес Пучдэмон, а таксама левая актывістка і мэр Барселоны Ада Кола.

Уладам давялося пайсці на пазачарговыя захады

Новыя выбары ў парламент Каталоніі павінны адбыцца цягам шасці месяцаў з моманту роспуску парламента папярэдняга склікання. Гэтыя захады павінна ўхваліць верхняя палата парламента краіны - Сенат. Гішпанскі прэм'ер Марыяна Рахой адзначыў, што ўлады ў Мадрыдзе не хацелі выкарыстання 155-га артыкулу, аднак каталонскі ўрад «прымусіў іх гэта зрабіць».

Барселона праігнаравала ультыматум

Раней Мадрыд звярнуўся да каталонскіх уладаў з ультыматумам: кіраўнік рэгіянальнай адміністрацыі Карлес Пучдэмон павінен быў да 11 гадзін (паводле маскоўскага часу) 19 кастрычніка адмовіцца ад абвяшчэння незалежнасці. Афіцыйны прадстаўнік каталонскай адміністрацыі пацвердзіў увечары 18 кастрычніка, што Барселона не мае намеру падпарадкоўвацца патрабаванню Мадрыда аб адмове ад абвяшчэння незалежнасці, а гатовая толькі паўтарыць сваю прапанову аб пачатку дыялогу з цэнтральным урадам без папярэдніх умоў.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках