25 красавiка 2024, Чацвер, 11:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як звязаныя «арабскія сябры» Лукашэнкі і расейскія парты

5
Як звязаныя «арабскія сябры» Лукашэнкі і расейскія парты

Беларусь можа пачаць пераладаванне часткі нафтапрадуктаў праз парты РФ.

Пераладаванне часткі аб'ёмаў нафтапрадуктаў з Беларусі можа пачацца ў партах Расеі ўжо ў 2017 годзе, паведаміў РІА «Новости» намеснік міністра транспарту РФ Віктар Алерскі, піша tut.by.

Паводле ягоных слоў, у кастрычніку ў Маскве прайшла нарада аб магчымасці пераладавання нафтапрадуктаў з Беларусі на тэрыторыі РФ.

«Мы высветлілі, што кошт транспартавання з нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў Беларусі да балтыйскіх партоў, напрыклад, мы параўноўвалі з Вэнтспілсам, параўнальны з коштам гэтай паслугі да Санкт-Пецярбурга і Высоцка. Беларускія калегі сказалі, што яны будуць разглядаць гэты варыянт, мы працягваем перамовы. Яны кажуць, што ў іх кантрактаванне адбываецца на конкурснай падставе і шмат кантрактаў падпісалі, але я мяркую, што мы на нейкую колькасць [транспартавання нафтапрадуктаў з Беларусі ў парты РФ] можам выйсці. Я думаю, што ўжо сёлета», - сказаў Алерскі.

Ён падкрэсліў, што параўнальнасць кошту транспартавання чыгункай і пераладавання ў партах Расеі і краін Балтыі відавочная.

«Калі ў светлых нафтапрадуктах ёсць невялікая невідавочная розніца ў кошце пераладавання, і я думаю, стывідоры гатовыя ўлічыць яе пры наяўнасці цвёрдых аб'ёмаў [з беларускага боку]. Яны гатовыя абмеркаваць зніжку, але пры наяўнасці цвёрдых параметраў, бо стывідоры маюць свой расклад, тэрміналы занятыя», - растлумачыў Алерскі.

«Чыгункай жа кошт асабліва параўнальны [з балтыйскім], асабліва ў рухомым парку прыватных перавознікаў. Я думаю, што пры больш дэталёвых перамовах можна атрымаць яшчэ больш значныя зніжкі», - сказаў на заканчэнне ён.

Дзяржаўны аператар ААТ «Расейская чыгунка» ахвочы падоўжыць дзеянне 50%-й зніжкі на перавозку беларускага мазуту, дызельнага паліва і бензіну ў кірунку партовай станцый Кастрычніцкай чыгункі, паведаміў 19 кастрычніка ТАСС дырэктар камерцыйнай дзейнасці РЖД Аляксей Шыла. Паводле ягоных слоў, РЖД ахвочая перавозіць блізу 5 млн тон беларускіх нафтапрадуктаў за год.

Спецыяльны экспарцёр «Беларуская нафтавая кампанія» (БНК) праводзіла 26 кастрычніка конкурс для рэалізацыі нафтапрадуктаў, у тым ліку з базісам пастаўкі расейскі порт Усць-Луга (Ленінградская вобласць). Тэрмін пастаўкі - лістапад 2017 - сакавік 2018 года. Гаворка ідзе аб бензіне АІ-92-К5-Еўра вырабу Мазырскага НПЗ, гаворыцца на сайце кампаніі. Транспартаванне можа ажыццяўляцца праз тэрмінал «Портэнэрга».

У канцы 2015 года «Сібур Холдынг» паведаміў аб продажы даччынай кампаніі «Сібур-Портэнэрга», якая валодае найбольшым расейскім тэрміналам для пераладавання газу і светлых нафтапрадуктаў у порце Усць-Луга. Пакупніком выступіў кансорцыюм інвестараў, у які ўвайшлі Расейскі фонд дырэктыўных інвестыцый (РФДІ), Газпромбанк і фонд з ААЭ Mubadala. Старшынём рады дырэктараў Mubadala з'яўляецца шэйх Мухамед бін Зайд аль-Нахаян, спадчынны прынц Абу-Дабі і намеснік Найвышэйшага Гетмана УС ААЭ, які ў добрых стасунках з сям'ёй Аляксандра Лукашэнкі.

На мінулым тыдні крыніца ў нафтавай галіне сказала, што Беларусь і Расея знаходзяцца «у актыўнай фазе перамоў». Ён таксама адзначыў, што стораны «здолелі зблізіць пазіцыі». Атрымаць сёння каментар у БНК не выпала.

Цяпер Беларусь выкарыстоўвае для транзіту нафтапрадуктаў, вырабленых з расейскай нафтавай сыравіны, парты краін Балтыі. Асноўная прычына - меншая адлегласць і нізкія тарыфы. Напрыклад, кошт пераладавання нафтапрадуктаў у партах Літвы, Латвіі і Эстоніі вагаецца ад 6 да 8 даляраў за тону, а ў расейскіх партах Паўночна-Захаду - ад 12 да 18 даляраў. У кастрычніку ТАСС паведаміў, што расейскія парты гатовыя знізіць тарыфы на транзіт беларускіх нафтапрадуктаў у выпадку гарантаваных аб'ёмаў пераладавання.

У канцы жніўня прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін заявіў аб тым, што транзіт беларускіх нафтапрадуктаў у Заходнюю Еўропу няблага б павярнуць на расейскія парты, выкарыстаўшы самы просты метад - прапісаць Мінску такую лагістыку «у дадатак» да дамовы на пастаўку нафты. Віцэ-прэм'ер Беларусі Уладзімір Сямашка падкрэсліў, што ўсе пагадненні з Расеяй аб пастаўках нафты падпісаныя да 2025 года. Ён запэўніў, што жаданне Расеі перавесці экспарт беларускіх нафтапрадуктаў у парты РФ гэта не ультыматум, а «працоўная прапанова».

У канцы верасня в. а. гендырэктара Беларускай нафтавай кампаніі Сяргей Грыб сказаў журналістам, што Беларусь гатовая на транзіт нафтапрадуктаў праз расейскія парты, але «эканоміка пакуль не складваецца». Ён даў зразумець, што расейскім партнёрам «ёсць куды аптымізаваць».

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках