19 красавiка 2024, Пятніца, 19:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Хачу толькі аднаго - каб аўтамабіль ездзіў і не ламаўся праз кожныя 30 тысяч»

53
«Хачу толькі аднаго - каб аўтамабіль ездзіў і не ламаўся праз кожныя 30 тысяч»

Уладальнік Skoda Octavia распавёў аб неспадзяванках «аўто з салона».

Аповед аўтаўладальніка апублікаваў сайт abw.by:

- Гэтую Skoda Octavia я купіў новай у аўтасалоне ў Менску ў 2008 годзе. Наогул хацеў Volkswagen Passat, але ён быў істотна даражэйшы. У прынцыпе, можна было на яго наскрэбці, ды толькі пераплачваць за значок Volkswagen асаблівага жадання не мелася.

Як вядома, Skoda ўваходзіць у Volkswagen. Вузлы і агрэгаты тыя ж. Раз не атрымлівалася за разумную суму ўзяць Passat, наважыў, няхай будзе Octavia. І грошы пры мне застануцца, і атрымаю аўтамабіль, у якім няма прынцыповай розніцы з Volkswagen.

Чым яшчэ прыцягнула Octavia - кузавам хэтчбек, хоць вонкава яна падобная на седан. Можа, камусьці седаны падабаюцца, а мне - не. Не ўсё, што пажадаеш, у іх можна пакласці.

А ў Octavia я кладу ўсё, што захачу. Пры складзеных сядзеннях рулон лінолеума трохметровай шырыні увайшоў свабодна. Магчыма, ён і ў седан бы ўвайшоў, але там яшчэ паспрабуй загрузі праз задні борт.

Рухавік бензінавы аб'ёмам 1,6 літра. Абслугоўваецца аўтамабіль дагэтуль на дылерскай станцыі. Ад апошняга абслугоўвання ў бардачку захавалася раздрукоўка. Паветраны фільтр абышоўся 29 рублёў, паліўны - 18, алейны - 14, салона - 20. Алівы для замены спатрэбілася 4,2 літра. Таксама змянялася тармазная вадкасць - 28 рублёў. Разам з працай абышлося абслугоўванне 300 рублёў.

Гэты матор уважаецца адным з найлепшых сярод бензінавых рухавікоў Volkswagen у надзейнасці і непераборлівасці. У мяне з ім ніякіх праблем не было, але трэба сказаць, што прабег у аўто параўнальна невялікі, блізу 93 тысяч кіламетраў.

Нават свечкі мяняліся пры 65 тысячах. На станцыі спахапіліся, што трэба было замяніць яшчэ на 40 тысячах. Пытаюцца, зімой аўто заводзіцца? Адказваю, так, без пытанняў. Выкруцілі свечкі, а там катодаў ужо амаль не было, выгаралі.

Калі аўто не загружанае, расход паліва ў мяшаным рэжыме - дзесьці 7 літраў на 100 кіламетраў. А далей усё залежыць, як аўтамабіль загрузіць.

Адпаведна, змяняецца дынаміка, але калі кажуць, што гэты рухавік слабаваты, заўсёды ўзнікае пытанне, для чаго аўтамабіль набываўся: для паездак з пункта А ў пункт Б або для гонак?

Скрынка перадач механічная. На машынах з «аўтаматамі» ездзіў - не спадабалася. Не ведаў, куды левую нагу падзець, хоць ты яе адрэж. Спрачацца не буду, што ў тым, што можна ехаць і не думаць, калі і на якую перадачу пераключыцца, нешта ёсць, але мне за стырном было няўтульна, не па сабе.

І дачка, калі куплялі ёй аўтамабіль і хацелі ўзяць з «аўтаматам», заўпарцілася: «Тата, ніякіх «аўтаматаў», толькі «механіка». Дачка, дарэчы, на Octavia вучылася ездзіць. Счапленне не спаліла, дагэтуль яно роднае, так што перыяд навучання пачаткоўца прайшоў без непажаданых наступстваў.

Непрыемны сюрпрыз аўтамабіль паднёс, калі праз 30 тысяч кіламетраў пасля куплі загудзелі падшыпнікі пярэдніх ступіц. Дачка ні пры чым, было гэта яшчэ да яе навучання. На станцыі сказалі: «А што вы хочаце – усюды «кітай».

Ну, асабіста я хачу толькі аднаго - каб аўто ездзіла і не ламалася праз кожныя 30 тысяч, пакуль прабег не набярэцца хоць бы на 150 тысяч. Па-мойму, нармальнае жаданне ўсіх кіроўцаў, якія набылі новы аўтамабіль.

Увогуле, пры рамонце паставілі падшыпнікі, якія на станцыі назвалі арыгінальнымі. Пытанне: першапачатковыя падшыпнікі, якія паставілі на заводзе, былі неарыгінальная, ці што?

Аднак шаравыя апоры, сайлент-блокі, амартызатары, відавочна, яшчэ не кітайскія. Ходзяць дагэтуль, замены не патрабуюць. Пярэднія і заднія тармазныя калодкі мяняліся, але да зносу яны сваё адпрацавалі.

Устойлівасць кузава да карозіі нармальная. Я машыну дадаткова не апрацоўваў. На дне з'явілася некалькі дробных ачагоў, аднак агулам, завадская абарона ад іржы не горшая, чым у Volkswagen.

Кузаў нядаўна паліраваўся. Дзе-нідзе на молдынгах паліроль не адмылася. Не магу сказаць, што фарба стала блішчаць, як новая, але вынікам задаволены.

У аўтамабілі з намі ездзіць французскі бульдог, таму за стан салона прашу не судзіць строга.

Акумулятар яшчэ родны, лямпачкі сякія-такія мяняліся. Гэта ўсё, што я магу сказаць пра праблемы ў электраабсталяванні.

Да гэтага аўтамабіля ў мяне ў эксплуатацыі быў Renault Laguna. Пасля яго Octavia падалася жорсткай на хаду. Зноў жа ў Laguna не сядзенні, а крэслы, у якіх сядзіш і сядзець хочацца.

Калі ўзяў Octavia, адчуванне, быццам з хатняй канапы на табурэтку перабраўся. З часам прывык, але ўсё адно часам успамінаю, які камфорт быў у Laguna.

Што яшчэ не падабаецца: чаму было не паставіць ушчыльняльную гумку ў пярэдняй частцы капота ці перад маторным адсекам? Увесь бруд на матор ляціць. У Laguna гумка стаяла, рухавік быў чысты, хоць не было абароны матора знізу. Тут металічная абарона ёсць, але як толькі дажджлівае надвор'е - зверху рухавік брудны. Іншых недахопаў у Octavia няма.

Напісаць каментар 53

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках