19 красавiка 2024, Пятніца, 22:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сірыйскія курды ўзялі пад кантроль найбуйнейшае нафтавае радовішча краіны

Сірыйскія курды ўзялі пад кантроль найбуйнейшае нафтавае радовішча краіны

Паспяховая аперацыя праводзілася пры падтрымцы авіяцыі ЗША.

Фармаванне падтрымоўваных ЗША «Сірыйскіх дэмакратычных сіл» (СДС), ядро якіх складаюць курдскія атрады, заняло нафтавае поле Амар на ўсходзе Сірыі. Пра гэта паведамляе Reuters (пераклад - rbc.ru).

Паводле інфармацыі агенцтва, атрады СДС, якія складаюцца з курдаў і арабаў, пры падтрымцы амерыканскай авіяцыі выбілі баевікоў групоўкі «Ісламская дзяржава» (ІД, забароненая ў Расеі) з нафтавага поля, якое з'яўлялася асноўнай крыніцай даходу тэрарыстаў у краіне. Поле Амар размешчанае на ўсходнім беразе Еўфрата недалёка ад мяжы з Іракам.

Урадавае войска 14 кастрычніка, пры падтрымцы ВКС Расеі і шыіцкіх праіранскіх апалчэнцаў, узяло штурмам горад Маядзін, размешчаны насупраць радовішча Амар. Гэты горад пасля атачэння Ракі ненадоўга стаў фактычнай сталіцай ІД у Сірыі. Пасля гэтага ўрадавыя сілы спыніліся ў 10 км ад гэтага нафтавага поля. Да 22 кастрычніка сірыйскае войска пераправілася на ўсходні бераг Еўфрата, але не паспела ўсталяваць кантроль над радовішчам. Reuters паведамляе, што на гэты момант паміж атрадамі СДС і ўрадавымі войскамі адбываюцца перастрэлкі.

Аб вызваленні радовішча таксама паведамляе агенцтва ANHA, якое падтрымлівае сірыйскіх курдаў.

Сірыйскае войска, якое падтрымлівае Іран і Расея, і атрады СДС, якія падтрымліваюцца ЗША, паралельна наступаюць у кірунку радовішчаў нафты і газу ў правінцыі Дэйр-эз-Зор. Там да вайны была засяроджаная вялікая частка магутнасцяў Сірыі па здабычы вуглевадародаў. У канцы верасня СДС занялі найбуйнейшае ў правінцыі радовішча газу - Коноко, размешчанае на ўсходнім беразе Еўфрата, насупраць горада Дэйр-эз-Зор.

У той жа час сірыйскае войска да канца верасня скончыла дэблакаду гэтага аточанага цягам трох гадоў горада і пераправілася на ўсходні бераг ракі, дзе сутыкнулася з курдамі. Пасля заняцця Канока СДС абвінавацілі Расею ў авіяўдары па сваіх пазіцыях. У Мінабароны Расеі адмаўлялі факт атакі сірыйскіх курдаў. Пасля гэтага ў МЗС Расеі заявілі, што загадзя паведамлялі ЗША, якія падтрымліваюць СДС, аб размежаванні вядзення аперацый на ўсходзе Сірыі.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках