25 красавiка 2024, Чацвер, 16:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Менску студэнтаў зганяюць на паказ прапагандысцкага фільма «Крым»

24
У Менску студэнтаў зганяюць на паказ прапагандысцкага фільма «Крым»

«Крым» - гэта ўслаўленне анэксіі паўвострава расейскімі вайскоўцамі ў сакавіку 2014 года.

У групе ўніверсітэта МІПСА (былы Міжнародны інстытут працоўных і сацыяльных адносін) у сацыяльнай сетцы «Вконтакте» з'явілася аб'ява для студэнтаў: заклікаюць запісвацца на прагляд фільма «Крым», які адбудзецца 26 кастрычніка ў Доме Масквы ў Менску. На мерапрыемства адмыслова прыедзе рэжысёр стужкі Аляксей Піманаў, піша nn.by.

«Кінастужка распавядае пра «гістарычныя падзеі» 2014 года. Невядомыя падрабязнасці «крымскай вясны» і каласальныя намаганні для прадухілення вайсковага канфлікту», - так апісваецца фільм на старонцы МІПСА.

Запіс на прагляд адбываецца ва ўправе выхаваўчай работы і моладзевых ініцыятыў універсітэта.

Характэрна, што «Крым» і Піманава ў Менск прывозіць арганізацыя «Русь маладая». Тая самая, якую ўзначальвае Сяргей Лушч. Лушч прытрымліваўся неанацысцкіх поглядаў, быў паганцам, змагаўся з «юда-хрысціянскай акупацыяй». Цяпер жа ён выступае як распаўсюднік «расейскай культуры ў Беларусі». Лушч ужо прывозіў у Менск пісьменніка-чарнасоценца Старыкава.

Мастацкі фільм «Крым» - гэта ўслаўленне анэксіі паўвострава расейскімі вайскоўцамі ў сакавіку 2014 года.

Беларускія кінатэатры адмовіліся браць фільм «Крым» у пракат, хоць трэйлеры і дэманстраваліся перад пачаткам сеансаў.

Журналісты датэлефанаваліся да першага прарэктара МІПСА Аляксандра Плашчынскага і папрасілі яго патлумачыць пазіцыю ВНУ.

«Мы ж будуем дэмакратыю, таму маем права выбіраць усякія фільмы, якія хочам. Бачылі, што ў Расеі зладзілі з нагоды выхаду «Мацільды»? Ну і што? Гэта выбар кожнага, калі не хоча ісці, дык няхай не ідзе. Я ніякай пазіцыі тут не займаю. Мы вольныя выбіраць у рамках закона, што глядзець. Калі гэта супярэчыць закону, то тады глядзець не варта. Ніхто нікога не прымушае і не гоніць на прагляд», - запэўніў Аляксандр Плашчынскі.

Адзначым дзеля справядлівасці, што аб'ява ў групе МІПСА вельмі хутка знікла.

Рэктарам МІПСА з'яўляецца былы першы намеснік кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Станіслаў Князеў, які раней служыў у КДБ. А адным з намеснікаў рэктара з'яўляецца былы міністр абароны Леанід Мальцаў.

МІПСА - гэта недзяржаўны ўніверсітэт, які дзейнічае ў Менску з 1992 года на базе Вышэйшай школы прафсаюзнага руху Беларусі.

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках