29 сакавiка 2024, Пятніца, 3:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларус стаў брамнікам нацыянальнай каманды Гішпаніі ў хакеі, а потым яшчэ і нападнікам

1
Беларус стаў брамнікам нацыянальнай каманды Гішпаніі ў хакеі, а потым яшчэ і нападнікам

Гісторыя Луіса Сакалова, якая чымсьці падобная на гісторыю вялікага Харламава.

Экс-галкіпер нацыянальнай каманды Гішпаніі 27-гадовы Луіс Сакалоў, які выступаў на двух чэмпіянатах свету, цяпер хутка спрабуе асвоіцца ў новым амплуа. Справа ў тым, што брамнік ператварыўся ў форварда. На мінулым тыдні гішпанскі «Чуры Урдзін» выступаў у другім раундзе Кантынентальнага кубка з новым нападнікам у заяўцы, піша «Трибуна».

Неардынарная пастанова Сакалова звязаная з прыходам у ягоны клуб асноўнага брамніка нацыянальнай каманды Гішпаніі Андэра Алькайна, які вярнуўся ў родны чэмпіянат з французскай лігі.

- Я быў брамнікам з самага пачатку кар'еры - з 9 гадоў, - распавядае сваю гісторыю Луіс. - Але цяпер да нас перайшоў асноўны брамнік нашай нацыянальнай каманды, таму быць брамнікам у гэтым сезоне - не найлепшая ідэя. Я наважыў стаць нападнікам, як заўсёды і хацеў. Я адразу пачаў шмат працаваць, каб патрапіць у аснову ўжо ў новым амплуа.

У першым матчы «Чуры Урдын» супраць вугорскага ДВТК Сакалоў правёў усяго адну змену. Нягледзячы на жудасныя 0:5 і эпізадычнае з'яўленне на лёдзе, было відаць, што Сакалоў прагрэсуе, улічваючы, што ягоны гульнявы час у складзе чэмпіёнаў Гішпаніі пакуль не вельмі вялікі.

- Першыя пяць матчаў у чэмпіянаце я не гуляў наогул, але затым стаў выходзіць у некалькіх зменах за матч.

Усю кар'еру Сакалоў правёў у «Чуры Урдзін» з Сан Себасцьяна. У 21 год дэбютаваў у браме нацыянальнай каманды Гішпаніі на ЧС-2012 у другім дывізіёне ў групе «А», дзе дапамог адбіць атаку Новай Зеландыі (7:0).

На наступным ЧС у Заграбе малады галкіпер ужо быў больш задзейнічаны галоўным трэнерам праз часовы сыход Алькайна з нацыянальнай каманды. Тады Луіс упершыню правёў поўны матч супраць Сербіі, які скончыўся паразай 3:4. У выніку Сакалоў правёў на лёдзе 131 хвіліну за 4 матчы. Для гішпанцаў той чэмпіянат свету быў катастрафічным - яны саступілі ва ўсіх матчах і вылецелі ў групу «B».

- Мне спадабалася выступаць за нацыянальную каманду. Заўсёды цікава гуляць супраць добрых гульцоў, але шкада, што атрымалася ўсё не так добра, як я хацеў.

Сакалоў не чужы чалавек для нас. Луіс нарадзіўся ў Менску ў 1990 годзе. Калі яму было 2 гады, сям'я пераехала ў Краіну Баскаў. Пераезд на Пірынейскі паўвостраў у нейкім сэнсе азначаў вяртанне да сямейных каранёў. У канцы 30-х гадоў мінулага стагоддзя ягоная бабуля эмігравала ў Савецкі саюз з Гішпаніі, ратуючыся ад грамадзянскай вайны. Гэтая дзіўная гісторыя чымсьці падобная на гісторыю васьміразовага чэмпіёна свету і двухразовага пераможцы Алімпіяды легендарнага Валерыя Харламава: ягоная маці родам з Більбао і праз вайну бегла ў СССР прыкладна ў той жа час, што і бабуля Сакалова.

Пасля развалу Саюза і пераезду ў Сан Себасцьян, новае жыццё і асяроддзе сталі сапраўдным выпрабаваннем для бацькоў будучага хакеіста.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках