1 траўня 2024, Серада, 13:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Школьнікам раскажуць гісторыю Беларусі паводле матываў твораў Караткевіча

Школьнікам раскажуць гісторыю Беларусі паводле матываў твораў Караткевіча

На восеньскіх вакацыях пройдзе першы гісторыка-містычны лагер паводле матываў твораў Уладзіміра Караткевіча.

Пазнаёміцца з загадкавай і таямнічай Беларуссю, здзейсніць падарожжа па знакамітых творах Уладзіміра Караткевіча і Яна Баршчэўскага, дакрануцца да жывой гісторыі - усё гэта стане рэальнасцю для беларускіх школьнікаў у дні восеньскіх канікул, паведамляе nn.by.

Сумна, але факт: гісторыя Беларусі, яе фальклор, легенды і паданні дагэтуль застаюцца за рамкамі шырокай увагі і цікавасці. І, на жаль, для нашых дзяцей гэта амаль невядомы свет. Сухія, сціснутыя радкі са школьнай праграмы - вось уся даступная ім інфармацыя. Так мала добрых кніг на гэтую тэму, і поўны вакуум у кінематографе - ці варта здзіўляцца, што супергерояў з амерыканскіх коміксаў нашы дзеці, як правіла, ведаюць лепш, чым персанажаў з беларускіх легенд.

Таму так радуе новая магчымасць для дзяцей і падлеткаў акунуцца ў свет беларускай культуры і гісторыі. З 29 кастрычніка да 4 лістапада прыгодніцкі лагер «Легенда» стварае для дзяцей 10-15 гадоў новую гісторыка-містычную прыгоду «Дзікае Паляванне» паводле матываў твораў У.Караткевіча, Я.Баршчэўскага, беларускіх казак і легенд. Юныя героі змогуць у самой займальнай форме пазнаёміцца з гісторыяй і фальклорам Беларусі, акунуцца ў свет паданняў і легенд, даведацца пра абрады і традыцыі, вывучыць народныя песні і гульні!

Праграма пройдзе ў сядзібе «Запаведны востраў», якая знаходзіцца ва ўнікальным месцы - на сапраўдным астраўку паміж двух азёр: Івесь і Азярко. Ручаі і балоты аддзяляюць яе ад усяго свету. Месцы тут вельмі маляўнічыя. Убачыць дзікага звера ці птушку тут не дзіва, а ручаі і балоты аддзяляюць сядзібу ад усяго свету.

На беразе возера Шо была стаянка племя крывічоў. На месцы самой сядзібы, як мяркуюць навукоўцы, было капішча, дзе старажытныя славяне маліліся багам. Побач ёсць старажытныя могілкі старавераў з каменнымі васьміканцовымі крыжамі, курганы крывічоў, стары разбураны касцёл і яшчэ шмат цікавага і таямнічага, што адкрыецца падчас прыгод.

«Легенда пра «Дзікае паляванне» дазваляе ў самой займальнай форме пазнаёміцца з гісторыяй і фальклорам Беларусі, акунуцца ў свет паданняў і легенд, даведацца больш пра абрады і традыцыі нашых продкаў, вывучыць народныя песні і гульні» - мяркуюць арганізатары.

Дзіцячы лагер «Легенда» ўжо некалькі гадоў узнаўляе цэлыя светы прыгод, чараўніцтва і легенд. Прыгоды на Дзікім захадзе і ў Школе чарадзейства, атрадзе Робін Гуда і Дэтэктыўнае агенцтва дазваляюць не толькі весела і цікава праводзіць час, але і адкрываць для сябе навакольны свет, шукаць і знаходзіць адказы на жыццёвыя пытанні, вучыцца сябраваць...

Новая праграма «Дзікае паляванне» адкрые дзецям свет Старажытнае Беларусi, з яе загадкамі і таямніцамі. Там яны змогуць дакрануцца да мінулага сваёй зямлі, адчуць прыгажосць і рамантыку, адчуць сувязь часоў, і ўсвядоміць сябе беларусамі ў сучаснасці.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках