29 сакавiка 2024, Пятніца, 19:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Яўген Афнагель: Улады ходзяць па мінным полі

34
Яўген Афнагель: Улады ходзяць па мінным полі

Дзесьці не дадуць заробак - і пачнецца.

Якія змены адбыліся з беларусамі за апошні год? Што больш за ўсё хвалюе людзей? Ці змяніліся настроі ў чыноўнікаў і міліцыі, і што чакае краіну найбліжэйшым часам? Пра гэта ў інтэрв'ю Charter97.org распавёў адзін з лідараў Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу, каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Яўген Афнагель.

- Яўген, вы вярнуліся ў Беларусь у пачатку 2016 года - пасля пяці гадоў эміграцыі. Сёння вы адзін з маладых лідараў беларускай апазіцыі. Можаце параўнаць Беларусь паўтарагадовай даўніны і сённяшнюю?

- Калі я толькі прыехаў у Беларусь пасля некалькіх гадоў вымушанай эміграцыі, у грамадстве яшчэ заставаўся страх перад пратэстамі і перад уладай. Відавочна, што ён быў нагнаны разгонам Плошчы 19 снежня 2010 года і наступнымі рэпрэсіямі. Гэта свайго кшталту здранцвенне і апатыя сталі першымі, што кінулася ў вочы пасля прыезду на Радзіму.

Але даслоўна цягам першага года ўсё кардынальна змянілася: апатыя і нявера ў свае сілы расталі, як дым.

Ужо ў пачатку 2017 года ў мяне было ўражанне, што я жыву ў іншай Беларусі. Вясной мы ўбачылі зусім іншых беларусаў: яны нічога не баяліся, выходзілі на вуліцы, выстаўлялі свае патрабаванні - і ў выніку дамагліся пэўных перамог. Напрыклад, прыпынення дзеяння дэкрэта №3.

І гэта, бадай, і стала самым моцным уражаннем: не тое, што я ўбачыў пасля 5 гадоў эміграцыі, а тое, якія змены адбыліся з людзьмі ўсяго за год майго жыцця на Радзіме.

- А як аб'ектыўна змянілася сацыяльна-эканамічная сітуацыя ў краіне за гэтыя паўтара года?

- Прыехаўшы яшчэ ў пачатку 2016 га, я адразу звярнуў увагу на тое, што беларусы ашаламляльна збяднелі ў параўнанні з тым, што было гадоў пяць назад. На драбнюткіх дэталях адчувалася, што ў людзей значна менш грошай, і гэтых грошай стае толькі на прадметы першай патрэбы, ды і то не заўсёды.

Другое, на што я звярнуў увагу: значнае пагаршэнне сітуацыі менавіта ў рэгіёнах. Мабыць, памятаючы пра тое, што масавыя пратэсты праходзяць традыцыйна ў Менску, улада сцягвала на сталіцу апошнія эканамічныя рэзервы. І з рэгіёнамі выйшаў велізарны разрыў у дабрабыце. У рэгіёнах не стваралася нават бачнасці дабрабыту. Упершыню давялося пабачыць, як многія людзі элементарна не могуць уладкавацца на працу.

І за апошнія паўтара года гэтая сітуацыя, як мінімум, не змянілася ў лепшы бок. А ў многіх кірунках яна нават пагоршылася. Цяпер, размаўляючы з людзьмі, гатовымі выходзіць пратэставаць, я адзначыў важную асаблівасць: людзі настроены супраць не столькі праз само дэкрэт аб «дармаедах», колькі наогул праз комплекс праблем. Праз тое, што няма працы, няма грошай, няма перспектыў. Упершыню, напэўна, пасля «перабудовы» беларусы апынуліся ў сітуацыі, калі ім няма чаго страчваць. І гэта - вельмі грозная і магутная сіла.

- Што можа падліць газы ў агонь? Ці стане каталізатарам для пратэстаў, напрыклад, пяціразовы рост платы за зімовае ацяпленне?

- Вызначальным чыннікам для ўсплёску пратэстаў можа стаць усё, што хочаш. Бо і вясной людзі выйшлі на вуліцы не толькі праз дэкрэт №3. Нагодай для восеньскіх пратэстаў таксама можа стаць усё, што хочаш. Гэта можа быць і падвышэнне коштаў за камунальныя паслугі, і тое, што дзесьці - нават у невялікім гарадку - знікнуць прадукты першай неабходнасці. Ці, напрыклад, на нейкім прадпрыемстве - нават не самым буйным - не змогуць наогул выплачваць заробак.

У краіне такі крызіс, а ў грамадстве такія настроі і такі градус незадаволенасці, што вызначальным чыннікам можа стаць усё, што хочаш. Улады ходзяць па мінным полі.

- Ці змянілася штосьці ў настроях міліцыі?

- У кожнага міліцыянта ёсць сябры, сям'я, сваякі. Раней - і мы гэта заўважалі на акцыях - для супрацоўніка міліцыі існаваў выразны бар'ер. З аднаго боку - ён і даволі значная ў яго разуменні частка грамадства, а з другога - нейкія незразумелыя для яго апазіцыянеры, якія выступаюць з далёкімі для яго лозунгамі і патрабуюць, скажам так, незразумела чаго.

А цяпер, на вясновых акцыях, у шмат каго з супрацоўнікаў міліцыі было разуменне, што людзі, якія выходзяць на плошчы, абараняюць і інтарэсы іх сяброў, сям'і, сваякоў. Прасцей кажучы - і іх уласныя інтарэсы.

Першыя акцыі вясны 2017 года сталі для многіх сілавікоў ломкай стэрэатыпаў. Калі ў той жа Воршы на плошчу выходзіць 2 тысячы чалавек (а гэта 2% насельніцтва горада), калі тысячы чалавек выходзяць на вуліцы ў Бабруйску, у Баранавічах, дзе не было мітынгаў з часоў Перабудовы - гэта сур'ёзны знак для супрацоўнікаў міліцыі.

Хай не адразу, хай паступова, але да іх прыходзіць разуменне, што апазіцыя бароніць інтарэсы ўсяго народа, што яна і ёсць народ. У тым ліку мы баронім ускосна і інтарэсы саміх сілавікоў, бо ў іх ды іхніх сваякоў таксама не вельмі добрая сітуацыя з заробкамі, скарачэннем працоўных месцаў, коштамі ў крамах. І «дармаедам» можа стаць кожны.

Хачу сказаць, што за гэтыя паўтара года для велізарнай колькасці людзей змяніўся імідж апазіцыі. Калі раней у вачах многіх мы былі далёкімі ад народа людзьмі, якія выступалі за не вельмі зразумелыя народу мэты, то цяпер мы практычна для ўсіх сталі абаронцамі простага народа. Мне не раз даводзілася бачыць і чуць апошнім часам, як простыя людзі дзякавалі нашым актывістам за падтрымку, прыходзілі на суды, упершыню выходзілі на нашыя акцыі пратэсту.

- Перамены заўсёды набліжалі людзі, якія стаялі на дакладных маральных пазіцыях. Што вам дае сілы заставацца такім чалавекам?

- Доўгія гады сілы давала проста рацыянальнае, без эмоцый, адчуванне сваёй праўды. Веданне гісторыі краіны, разуменне працэсаў у эканоміцы - усё гэта давала ўсведамленне таго, што мы на правільным шляху.

А цяпер сілы дае падтрымка звычайных людзей. Я адчуваю, што цяпер гэтая падтрымка ў разы большая, чым была год таму. Людзі бачаць, што ўлада не ведае, як кіраваць краінай далей, не збіраецца выпраўляць свае памылкі. Таму людзі давяраюць нам, звяртаюцца да нас. І гэта вельмі моцна матывуе і дае энэргію.

І па-другое, высветлілася, што ўсе гэтыя гады апазіцыя мела рацыю. І гэта адчуванне ўласнай праўды таксама дае сілы.

Напісаць каментар 34

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках