19 красавiка 2024, Пятніца, 10:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сябры загінулага ў Печах жаўнера: Гэта не суіцыд, яму сапраўды дапамаглі

107
Сябры загінулага ў Печах жаўнера: Гэта не суіцыд, яму сапраўды дапамаглі
АЛЯКСАНДР КОРЖЫЧ

Аляксандр Коржыч напярэдадні скардзіўся на жорсткую «дзедаўшчыну».

У аўторак 3 кастрычніка з'явілася паведамленне, што на тэрыторыі вайсковай часці ў вайсковым гарадку Печы быў знойдзены труп вайскоўца. Паводле папярэдняй версіі следства, 21-гадовы жаўнер тэрміновай службы скончыў жыццё самагубствам. Еўрарадыё адшукала сяброў загінулага, яны ўпэўненыя, што Аляксандр Коржыч «не мог самастойна ўчыніць суіцыд, яму сапраўды дапамаглі».

«Калі яго дома пераапраналі перад пахаваннем, то бачылі вялікія сінякі вышэй пахвіны, у вобласці печані і нырак, на галаве была драпіна, на шыі вельмі-вельмі-вельмі роўная паласа ад удушша, калі чалавек вісіць, у яго проста не можа быць настолькі роўных контураў. Да таго ж, гэты след цалкам па контуры шыі, няма ніякага змяшчэння ад пятлі», - распавядае дзяўчына, якая сябравала з Аляксандрам, больш за 10 гадоў і лічыла яго ледзь не сваім братам.

Са слоў дзяўчыны, Аляксандр сам хацеў адслужыць у войску, каб потым спакойна будаваць жыццё. Як раз перад сыходам у войска ён зрабіў рамонт у сваёй кватэры.

Хлопца заклікалі вясной 2017 года, прысягу ён прымаў 10 чэрвеня. З сяброўкай стэлефаноўваліся некалькі разоў і Аляксандр скардзіўся на «дзедаўшчыну».

«У апошні раз ён мне тэлефанаваў у канцы жніўня, пытаў пра рамонт на лецішчы, які мы з мужам рабілі, мы заўсёды адпачывалі там разам, - працягвае ўспамінаць сяброўка. - Яшчэ смяяліся што да яго прыходу чырвоную дарожку пакладзём і наша дачка будзе яго з кветкамі і танцамі сустракаць. Пры размове ён казаў, што «дзедаўшчына» жудасная, здзекуюцца як могуць, усё адбіраюць. Але ён заўсёды быў моцным чалавекам і падчас размовы сам сказаў, маўляў, яшчэ крыху пацярпець, і нас размяркуюць у Слонім. Ніводнай думкі пра суіцыд не было агучана і нават ноткі чагосьці такога ў яго голасе я не пачула. Саша быў у жыцці вельмі жыццярадасным чалавекам, ён заўсёды быў гатовы прыйсці на дапамогу, быў вельмі набожным і заўсёды, праязджаючы міма сабора, спыняўся і хрысціўся. Ён да шалёна любіў бацькоў, каб такое ім ўчыніць».

Паводле інфармацыі барысаўскага выдання ex-press, у ліпені, калі Аляксандр ляжаў у санчастцы з высокай тэмпературай, у яго зніклі тэлефон і банкаўская картка, на якую сваякі высылалі хлопцу блізу 50 рублёў у тыдзень. Грошы пры гэтым хтосьці працягваў здымаць.

«Картку сапраўды адабралі, а тэлефон нібыта ён прадаў праз патрэбы ў грошах. Проста смешна, - пацвярджае сяброўка. - Тэлефон пры гэтым так і не знойдзены».

Хлопец быў пахаваны 5 кастрычніка з вайсковымі ўшанаваннямі на могілках у Таргошыцах недалёка ад Пінска. Прысутныя на пахаванні Аляксандра сцвярджаюць, на яго целе былі сінякі і парваная губа. Афіцыйныя структуры аб здарэнні нічога не паведамляюць, акрамя «чакайце вынікаў следства».

31 сакавіка 2017 года ў той жа вайсковай частцы скончыў жыццё самагубствам яшчэ адзін тэрміновы службовец Арцём Басцюк. За дзень да суіцыду ён патэлефанаваў бацькам, каб развітацца. Да гэтага хлопец не раз скардзіўся на «дзедаўшчыну», яго бацькі нават прыязджаў з гэтай нагоды ў частку і прасілі кіраўніцтва разабрацца ў сітуацыі і дапамагчы хлопцу. Следства ў гэтай справе вядзецца дагэтуль.

Напісаць каментар 107

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках