20 красавiка 2024, Субота, 3:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Топ-5 песень Змітра Вайцюшкевіча, які заўтра адсвяткуе 25 гадоў на сцэне

2
Топ-5 песень Змітра Вайцюшкевіча, які заўтра адсвяткуе 25 гадоў на сцэне

У чацвер вядомы беларускі музыка адсвяткуе 25 гадоў на сцэне ў рамках вялікага канцэрту ў КЗ «Мінск».

Змітра Вайцюшкевіча называюць галоўным рамантыкам беларускай песні - на рахунку спевака і кампазітара блізу 20 сольных альбомаў і праграм на вершы беларускіх і замежных паэтаў. Tut.by абраў 5 самых галоўных песень.

Я ішоў ды цябе» (2003) на словы Алеся Камоцкага

Калі пакінуць за кадрам удзел Вайцюшкевіча ў гуртах «Палац» (1992-1998) і Kriwi (1996-2001), то першы сур'ёзны поспех да яго прыйшоў у 2003 годзе з трэцім сольным альбомам «Паравіны году», запісаным на вершы Алеся Камоцкага. Парадокс у тым, што аўтар тэкстаў і сам быў досыць вядомым бардам, але гэты альбом вывеў іх абодвух на зусім іншы ўзровень.

«Пані трошкі ў гадах» (2004) на словы Рыгора Барадуліна

Намацаўшы нішу гарадской лірыкі, Вайцюшкевіч узяўся за вершы тады яшчэ жывога класіка Рыгора Барадуліна (памёр у 2014 годзе), з якім яго пазнаёміў усё той жа Камоцкі. Альбом «Паравоз кахання» (2004) развіў поспех дыска «Паравіны году», а песня «Пані трошкі ў гадах» стала яшчэ адной візітоўкай музыкі.

«Дзе мой край» (2010) на словы Уладзіміра Караткевіча

Пасля гэтага Вайцюшкевіч выпускаў па 1-2 альбомы кожны год. На вершы беларускіх паэтаў, а таксама на вершы японцаў, швэдаў, чэхаў у беларускім перакладзе. Быў нават эксперыментальны «MW» (2005) на вершы Маякоўскага на расейскай мове. Але некаторыя праграмы Вайцюшкевіч проста не паспяваў увасобіць у студыі - так з'явіўся знакавы дыск «Беларуская песня» на вершы Уладзіміра Караткевіча, запісаны на канцэрце ў Менску.

«Дачакайся, матуля» (2013 года) на словы Генадзя Бураўкіна

З класікам беларускай паэзіі Генадзем Бураўкіным Вайцюшкевіч пачаў працаваць яшчэ ў 2005 годзе, калі запісаў на ягоныя вершы альбом «Лірыка», галоўным хітом якога стала песня «Месяц, жоўтая лодка». Генадзь Мікалаевіч таксама быў аўтарам ідэі і шэрагу тэкстаў для альбома «Варанок» (2013 года) - першага дыска «беларускага шансона», у які ўвайшла пранізлівая кампазіцыя «Дачакайся, матуля».

«На Каляды» (2014) на вершы Уладзіміра Някляева

Іншым сталым аўтарам Вайцюшкевіча стаў Уладзімір Някляеў, вядомы яшчэ па кампазіцыях ВІА «Верасы» і Лікі Ялінскай. Усё пачалося з дыска «Танга з ружай» (2006), прадоўжылася ў альбомах «Тое, што трэба» (2008), «Варанок» (2013 года), «Наша песня» (2015). Кампазіцыя «На Каляды» ўвайшла ў самы новы на гэты момант дыск Вайцюшкевіча «У нашых снах» (2017).

Бонус-трэк «Я нарадзіўся тут»

Акрамя гуртоў «Палац», Kriwi і сольнай кар'еры, Вайцюшкевіч быў удзельнікам многіх супольных праектаў, уключаючы культавыя «Народны альбом» (1997), «Святы вечар» (1999 г), «Я нарадзіўся тут» (2000). У апошнім ён выканаў загалоўную песню, напісаную Лявонам Вольскім - гімн усіх, хто нарадзіўся і застаўся жыць у Чарнобылі. Для дыска «Наша песня» (2015) Зміцер перазапісаў яе ў новай аранжыроўцы і з выкрасленым прадусарам Алесем Сушам радком: «Хто патрэбна памрэ, а некаторыя будуць жыць вечна». Для юбілейнага канцэрта дапоўніў відэашэрагам з архіўнымі фотаздымкамі.

***

У рамках юбілейнага канцэрту «25 гадоў на сцэне» Зміцер Вайцюшкевіч разам з WZ-Orkiestra выканае найлепшыя песні за ўсю кар'еру. У гэтым яму таксама дапамогуць запрошаныя госці: лідар гурта «Палац» Алег Хаменка, з якім Зміцер пачынаў музычную кар'еру, а таксама вакалістка і скрыпачка Ксенія Мінчанка, якая з 2002 да 2011 года была адным з сімвалаў WZ-Orkiestra. Папярэдні канцэрт Вайцюшкевіча ў вялікай зале КЗ «Мінск» праходзіў у пачатку 2010 года. Увесь партэр (больш за 1000 месцаў) ужо распрададзены, але яшчэ ёсць месцы на балконе.

Зміцер Вайцюшкевіч «25 гадоў на сцэне»

2 лістапада - КЗ «Мінск» - 19.00

Квіткі: ад 20 да 28 рублёў.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках