28 сакавiка 2024, Чацвер, 15:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускія студэнты: Нам патрэбная міжнародная салідарнасць

1
Беларускія студэнты: Нам патрэбная міжнародная салідарнасць

Нягледзячы на тое, што Беларусь далучылася да Балонскага працэсу, універсітэты не сталі больш свабоднымі.

За апошнія два гады з ВНУ з палітычных прычын былі адлічаныя не менш за 20 студэнтаў. Пра гэта ў Варшаве заявілі прадстаўнікі беларускіх студэнцкіх арганізацый, экспэрты ў галіне вышэйшай адукацыі і праваабаронцы, паведамляе radyjo.net.

Яны прыехалі ў сталіцу Польшчы, каб сустрэцца з калегамі з краін Еўрапейскага Звязу і абмеркаваць шляхі інтэграцыі Беларусі ў Еўрапейскую адукацыйную прастору.

Беларусь была прынятая ў Еўрапейскую прастору вышэйшай адукацыі ў траўні 2015 года. Для таго, каб беларускія дыпломы прызнаваліся за мяжой, а беларускія ВНУ ўдзельнічалі ў навуковых абменах, Менск павінен быў правесці шэраг рэформаў. На выкананне дарожнай мапы, якая складаецца з пятнаццаці пунктаў, Беларусі было дадзена тры гады.

За гэты час Беларусь павінна была стварыць незалежнае агенцтва кантролю за якасцю адукацыі, увесці крэдытную сістэму ацэнкі курсаў, адмовіцца ад прымусовага размеркавання студэнтаў, а таксама забяспечыць фундаментальныя каштоўнасці Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі: акадэмічную свабоду і аўтаномію ўніверсітэтаў.

За тры гады прагрэс дасягнуты мінімальны - канстатаваў прадстаўнік Грамадскага Балонскага камітэта Уладзімір Дунаеў. З 15 пунктаў Беларусь цалкам выканала ўсяго два.

Найменшыя поспехі - у вобласці акадэмічных свабод. Толькі за апошнія два гады з універсітэтаў паводле палітычных матываў былі выключаныя не менш за 20 чалавек, - кажа прадстаўніца «Задзіночання беларускіх студэнтаў» Аляксандра Кузьміч.

- Больш за ўсё абурае несправядлівасць, калі дзяўчыну з Магілёўскага ўніверсітэта выключаюць за ўдзел у адной-адзінай акцыі. Яна ніколі не была чальцом якой-небудзь арганізацыі або валанцёркай. Яе проста абурала сітуацыя ў краіне, яна выйшла на мітынг - і яе за гэта адлічылі. Актывіста Пятра Маркелава адлічылі пасля дзвюх вымоў. Прычынай першай былі пропускі, а другой - тое, што аднойчы ён прыйшоў ва ўніверсітэт, не паказаўшы ахоўніку студэнцкі білет.

Прадстаўнікі «Задзіночання беларускіх студэнтаў», Грамадскага Балонскага камітэта, ініцыятывы «Дзея», Моладзі БНФ і беларускіх праваабарончых арганізацый сустрэліся ў Варшаве з праваабаронцамі і дзеячамі студэнцкага самакіравання з Польшчы, Украіны і Швэцыі. Мэта сустрэчы - абмеркаваць, якім чынам можна наблізіць Беларусь да еўрапейскіх стандартаў у галіне адукацыі.

- Наша мэта тут - праінфармаваць польскіх партнёраў аб тым, што адбываецца ў сферы вышэйшай адукацыі, і падняць хвалю міжнароднай салідарнасці. Мы хацелі б, каб еўрапейскія ўніверсітэты падпісвалі звароты да нашых універсітэтаў, патрабавалі ўключыць у перамоўны працэс грамадскія арганізацыі. Мы хацелі б, каб нашы польскія партнёры звярталіся ў міністэрства адукацыі сваёй краіны і каб польскае міністэрства адукацыі агучвала нашы супольныя патрабаванні на пасяджэнні Bologna Follow-Up Group (вядучага органа Балонскага працэсу).

Цяпер лічба студэнтаў, якія пацярпелі за свае погляды, меншая, чым у пачатку 2000-х гадоў. Пасля пратэстаў вясны 2006 года з універсітэтаў былі выключаныя блізу 200 студэнтаў, некалькі дзясяткаў пацярпелі пасля выбараў 2010 года.

У апошнія гады зменшылася колькасць адлічэнняў, бо палітычная актыўнасць студэнцтва знізілася. Аднак пасля пратэстаў вясны 2017 года з беларускіх ВНУ зноў пачалі выганяць актыўных маладзёнаў. Каб дапамагчы гэтым студэнтам, Польшча нават рэактывавала праграму стыпэндый імя Кастуся Каліноўскага, фактычна замарожаную ў 2016 годзе.

Старшыню Моладзі БНФ Юрыя Лукашэвіча ў сакавіку адлічылі з гістарычнага факультэта Беларускага дзяржуніверсітэта. Ён пацярпеў за абарону мэмарыялу Курапаты ад забудоўшчыкаў.

- Мабыць, вы памятаеце, калі на абаронцаў Курапатаў напалі «невядомыя»? У тую ноч я быў у лагеры. Мы наважылі напісаць заяву ў міліцыю аб тым, што на нас напалі. Але міліцыянты заявы ў нас не прынялі, а наадварот - з маіх слоў на мяне склалі адміністрацыйны пратакол. Яны абвінавацілі мяне ў тым, што я а 4 гадзіне ночы ў Курапатах удзельнічаў у мітынгу.

Дзесьці праз 10 дзён мяне выклікалі ў дэканат. Намесніца дэкана гістфака Бярэйшык Лілія заявіла, што на мяне прыйшла папера з міліцыі, таму «мы павінны рэагаваць». Затым за два дні мне далі дзве вымовы. Першую - за пропускі. Другую - за «дзеянні, якія прадугледжваюць адміністрацыйную адказнасць». Ці былі такія дзеянні - вызначае суд, але суда не было. Міліцыя проста забылася, што склала на мяне пратакол!

Пазбавіцца ад палітычнага кантролю над ВНУ, даць універсітэтам аўтаномію і стварыць сапраўднае студэнцкае самакіраванне неабходна не толькі з гуманістычных меркаванняў. Без гэтага немагчыма павысіць якасць адукацыі. Адсутнасць акадэмічных свабодаў робіць выпускнікоў беларускіх ВНУ неканкурэнтнымі на еўрапейскім рынку - адзначыла прадстаўніца Хельсінскага фонду правоў чалавека Вольга Саламатава.

- Людзі, якія вучацца ў беларускіх ВНУ, часта не разумеюць, што такое актыўнасць, ініцыятыва, прафесійная мэтанакіраванасць. Яны дрэнна арыентуюцца ва ўсім, што звязанае са свабодай і творчасцю. Парушэнне акадэмічных свабодаў не дае і не дасць Беларусі выйсці на лідарскія пазіцыі ў тых сферах, якія яна сабе паставіла за прыярытэты - напрыклад, у інфармацыйных тэхналогіях.

Выпускнікам беларускіх ВНУ не стае творчай свабоды, досведу стварэння арганізацый, навыкаў кіравання праз тое, што абмежаванае беларускае студэнцкае самакіраванне такіх навыкаў не дае.

Удзельнікі сустрэчы ў Варшаве выпрацуюць рэкамендацыі для міжнародных структур, якія вядуць перамовы для ўключэння Беларусі ў агульнаеўрапейскую адукацыйную прастору.

Канферэнцыя міністраў адукацыі Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі ацэніць дасягнення Менска і прыме пастанову аб далейшым удзеле Беларусі ў Балонскім працэс ужо менш, чым праз год.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках