24 красавiка 2024, Серада, 3:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Дармаеды» супраць «трутняў» ва ўладзе

117
«Дармаеды» супраць «трутняў» ва ўладзе

Беларусы абураныя абноўленым дэкрэтам Лукашэнкі.

У Менпрацы распавялі пра праект абноўленага дэкрэта аб «дармаедах», які вясной узрушыў усю Беларусь і стаў каталізатарам шматтысячных акцый пратэсту.

Новая рэдакцыя скандальнага дакумента прадугледжвае, што «дармаеды» будуць цалкам аплачваць паслугі, на якія сёння дзяржава выдае льготы.

Атрымліваецца, што цяпер паходы ў бальніцу для «дармаедаў» могуць уляцець у капеечку, а ў ацяпляльны сезон беспрацоўным прыйдуць «мадыфікаваныя квітанцыі».

Новы праект дэкрэта пракаментаваў Charter97.org прадстаўнік Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу ў Слоніме, былы прадпрымальнік Віктар Марчык:

- Я гэтых «новаўвядзенняў» ніяк не разумею. І ніякі нармальны чалавек гэтага не зразумее. У нас у краіне бясплатная медыцына, няма абавязковага страхавання. Што гэта атрымліваецца, стане чалавеку дрэнна на вуліцы, а яго ў бальніцы не прымуць? Кашалькі будуць з кішэняў даставаць, а потым лячыць?

Паглядзім на сітуацыю ў краіне, у нас цэлае войска беспрацоўных, якія стаяць на біржы працы. Што ім там прапануюць? «Чорная праца», на якой плацяць капейкі. Беларусы бы ўзяліся і за такую працу, калі б была годная аплата працы. Але цяперашняга заробку хопіць толькі на выплату падаткаў і збораў. Натуральна, што людзі не хочуць ісці на такую працу, шукаюць нейкія іншыя крыніцы заробку, выязджаюць за мяжу. Але ўсе ў замежжа з'ехаць не могуць. Замест дапамогі ад дзяржавы, прамым абавязкам якой з'яўляецца дапамога сваім грамадзянам, людзі аказваюцца ў спісе «дармаедаў».

Некаторыя людзі жывуць натуральнай гаспадаркай. Страціў чалавек працу - жыве з таго, што выгадаваў на агародзе. Як ён будзе аплачваць медыцынскія паслугі? У іх жа няма грошай.

«Дармаеды» не адзіныя, хто аказаўся ў цяжкім становішчы. Паглядзіце, што ў нас у краіне робіцца з пенсіянерамі. Яны апошнія грошы аддаюць сваім дзецям, дапамагаюць выплачваць крэдыты, у якія залазяць маладыя сем'і. Простыя беларусы ніяк не могуць справіцца з «крэдытным цяжарам», вось і даводзіцца старым яго цягнуць.

- Як далёка могуць зайсці ўлады з абноўленым «дармаедскім» дэкрэтам?

- Улады спрабуюць выставіць гэты дэкрэт, як «вяртанне сацыяльнай справядлівасці», маўляў, хтосьці ў нас у краіне цяжка працуе, а хтосьці прахалоджваецца. Ніякай справядлівасцю тут і не пахне. Хай спачатку дадуць людзям магчымасць нармальна зарабіць. Калі пасля хтосьці будзе ўхіляцца ад працы - тады мы сядзем і пагаворым пра такія законы.

Але калі краіна знаходзіцца па вушы ў даўгах, калі наша замежная палітыка падобная да кленчання, то пра якіх «дармаедаў» можа ісці гаворка? Забяспеч працай, добрым заробкам - толькі тады і пытай.

Улады апелююць да таго, што ў СССР быў падобны закон, але тады хоць бы праца была. Ідзеш на завод - цябе на наступны дзень бяруць на працу. А нам спрабуюць навязаць, што беларусы - гэта гультаі. У нас вельмі працавіты і таленавіты народ. Мы проста не хочам быць рабамі, якія робяць за міску чачавічнай поліўкі.

- Атрымліваецца, што ў нас у краіне з'явілася нейкая каставая сістэма...

- Цалкам дакладна, у нас ёсць каста «набліжаных», якія ва ўладзе, тыя, хто нагрэў сабе цёпленькае мястэчка і п'е працоўную кроў. Ёсць і іншая каста - «дармаеды». З такіх людзей спрабуюць «вытрасці» апошнюю капейку.

Вядома, калі хочаш жыць прыгожа, ёсць круасаны з французскім сырам, ездзіць на Канары, то трэба шукаць, у каго гэтыя грошы «выбіваць». Калісьці гэтыя сродкі шчодра даваў МВФ, Расея ўкідвала ў гэты «бяздонны калодзеж» мільярды даляраў, якія замест таго, каб быць выкарыстанымі на адраджэнне нашай эканомікі, былі разбазараныя і раскрадзеныя.

- Не ўсе згодныя мірыцца з тым, што адбываецца. У Гомелі бунтуюць работніцы «Каштан», пра свой страйк заявіла полацкае «Шкловалакно».

- У Беларусі існуе цяперашняя прыгоннае права - кантрактная сістэма. Гэта пятля на шыі ў рабочага, людзі не ведаюць, як з гэтым змагацца. Але выйсце ёсць!

Калі нешта здараецца на прадпрыемстве - трэба падымацца ўсім. Спыняем вытворчасць - і выходзім на акцыю пратэсту, усе пачынаюць забастоўку. Трэба выстаўляць патрабаванні да кіраўніцтва прадпрыемстваў. Адным з патрабаванняў павінна быць тое, што калі хоць адзін з рабочых будзе звольнены - прадпрыемства аб'яўляе бестэрміновую забастоўку. Нікога пальцам не крануць, бо без працы такой колькасці людзей ніякае прадпрыемства не зможа функцыянаваць. Працоўныя павінны прымусіць лічыцца са сваімі правамі, толькі тады мы прачнёмся ў вольнай краіне.

Напісаць каментар 117

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках