23 красавiка 2024, aўторак, 18:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Перад «дармаедамі» зачыняць дзверы паліклінік?

99
Перад «дармаедамі» зачыняць дзверы паліклінік?

Новая рэдакцыя дэкрэта №3 аказалася яшчэ больш антынароднай.

Улады хочуць абавязаць беларусаў, якія не ўдзельнічаюць у фінансаванні дзяржаўных расходаў, кампенсаваць поўны кошт паслуг, на якія дзяржава выдае льготы. Якіх канкрэтна, пакуль невядома - праект дэкрэта «Аб садзейнічанні занятасці», які ідзе на змену дэкрэтам №3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства», знаходзіцца на разглядзе ў адміністрацыі Лукашэнкі.

Сярод агучаных варыянтаў - рахункі за камунальныя паслугі па поўным тарыфе і поўная аплата медыцынскіх паслуг для тых беспрацоўных, якія не стаяць на ўліку ў цэнтрах занятасці, піша zautra.by.

Магчымыя змены закрануць немалую частку беларусаў. Рэальнае беспрацоўе летась было 5,8% ад эканамічна актыўнага насельніцтва, у той час як афіцыйная ўсяго толькі 0,9%.

Бедны стане яшчэ бяднейшым

Калі на людзей, якія спрабуюць выйсці з цяжкай жыццёвай сітуацыі, але не могуць, навесяць абавязкі аплачваць поўны кошт сацыяльных паслуг, гэта яшчэ больш пагоршыць іх становішча, мяркуе дырэктар SYMPA/BIPART Наталля Рабава.

Аказанне такіх паслуг бясплатнае для гэтай катэгорыі нашмат важней, чым для тых, хто ў стане аплаціць паслугі ў платных медцэнтрах.

- Падазраю, што ў новым дэкрэце будзе прапісаная магчымасць грамадзян вызваліцца ад цяжару поўнага пакрыцця дзяржаўных сацыяльных паслуг шляхам падачы заявы ў мясцовыя органы выканаўчай улады. Але які ж бюракратычны механізм павінен працаваць, каб усе звароты разглядаць! Ды і ці ўсё пойдуць даводзіць, што на самой справе з'яўляюцца маламаёмасным і не могуць сабе дазволіць такія выплаты? - кажа экспэрт.

Яна мяркуе, што ахапіць групу людзей, якія знаходзяцца ў ценявой эканоміцы, не закрануўшы неабароненыя слаі насельніцтва, будзе няпроста.

- Вельмі складана знайсці прыгожае і дакладнае развязанне. Як гэта зрабіць, у мяне выклікае пытанні. Думаю, і наверсе на іх няма выразнага адказу, інакш мы б ужо ўбачылі абяцаную да 1 кастрычніка новую рэдакцыю дэкрэта, - кажа Наталля Рабава.

Дакумент можа ўдарыць па самых неабароненых слаях насельніцтва, кажа і кіраўнік праекта «Кошт ураду» Уладзімір Кавалкін. Тым, што сталі на ўлік у цэнтрах занятасці, давядзецца працаваць на грамадскіх работах за мізэрную дапамогу, а астатнім беспрацоўным невядома якім чынам шукаць сродкі, каб аплачваць поўны кошт паслуг.

Некалькі «дэпутатаў» «палаты прадстаўнікоў» ужо прапаноўвалі ўкараніць праз новы дэкрэт карты сацыяльнага страхавання, якія даюць права на бясплатнае медыцынскае абслугоўванне. У такім выпадку беспрацоўныя грамадзяне змогуць атрымліваць медыцынскія паслугі толькі за грошы.

На практыцы гэта цяжка будзе рэалізаваць, мяркуе лекар-рэаніматолаг Андрэй Вітушка.

- Быў раней эпізод, калі хацелі прымусіць плаціць за медычныя паслугі тых, хто патрапіў у медычную ўстанову ў стане алкагольнага ап’янення. З гэтага выйшла роўна нічога, таму што ніхто не змог прыдумаць у межах дзейнай сістэмы больш ці менш цывілізаваны механізм, якім чынам можна спаганяць з гэтых людзей грошы на лячэнне, - нагадвае экспэрт.

Такі ж фінал можа чакаць нормы дэкрэту, якія прадугледжваюць кампенсацыю медыцынскіх паслуг «дармаедамі».

На думку лекара, малаверагодна, што медыкі стануць масава адмаўляць беспрацоўным у лячэнні або з'явяцца нарматыўна-прававыя акты, якія прадпісваюць фільтраваць пацыентаў, напрыклад, па прыездзе «хуткай дапамогі». Калі ж такія дакументы і будуць прынятыя, то яны будуць масава сабатаваць.

- Вельмі сумняваюся, што камусьці будзе адмоўлена ў медычнай дапамозе на падставе таго, што ён лічыцца «дармаедам». Асабліва ў экстрэнных сітуацыях, калі ў прыёмны пакой «хуткая дапамога» прывозіць чалавека з сімптомамі інфаркту, — кажа Андрэй Вітушка. — Прасцей сказаць, што чалавек не падаў такія звесткі. Бо ў лекараў ёсць абавязак аказваць медычную дапамогу і ёсць канкрэтны артыкул Крымінальнага кодэксу за яе неаказанне.

Зыходзячы з сітуацыі, мяркуе лекар-рэаніматолаг, нават увядзенне частковай або поўнай кампенсацыі за медыцынскія паслугі для беспрацоўных грамадзян звядзецца да таго, што дзяржструктуры будуць толькі імітаваць дзейнасць.

Дэкрэт важнейшы за Канстытуцыю?

Чыноўнікі тлумачаць важнасць дэкрэта «Аб садзейнічанні занятасці» неабходнасцю вывесці з ценю занятых у «шэрай» эканоміцы. Экспэрты раяць спачатку вывучыць прычыны, па якіх работнікі атрымліваюць заробкі ў канвертах. Сярод іх, перш за ўсё, высокія стаўкі выплат у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва, а таксама поўная адсутнасць ўзаемасувязі паміж плацяжамі, якія чалавек робіць у ФСАН, і аб'ёмам пенсіі, якую ён атрымае.

- Прасцей кажучы, колькі б ты ні зарабляў, будзеш атрымліваць жабрацкую пенсію. У беларусаў няма стымулу аплачваць такія высокія стаўкі і прымушаць свайго працадаўцу рабіць гэта, - падкрэслівае Уладзімір Кавалкін.

З гэтай прычыны работнікі не зацікаўленыя заяўляць пра парушэнне падатковага заканадаўства працадаўцамі, якія праз заробак у канвертах зніжаюць выплату падаткаў, каб не застацца без прыбытку.

Дакумент, які распрацоўваецца у той форме, у якой яго ўяўляе міністр працы, не адпавядае і галоўнаму закону краіны, і эканамічнай логіцы, адзначае Уладзімір Кавалкін. Да пачатку 2018 года кошт паслуг ЖКГ наблізіцца да стоадсоткавай кампенсацыі. Значыць, прапанова дэпутатаў аб поўнай іх кампенсацыі неактуальная.

- Адзінае, што яшчэ не дасягнула стоадсоткавай аплаты, гэта аплата ацяплення. Але на працягу наступнага года і гэтыя выдаткі дагоняць да стоадсоткавай аплаты, - мяркуе экспэрт.

Калі з людзей пачнуць спаганяць плату за лячэнне, то дакумент стане яшчэ больш антыканстытуцыйным.

- Дзіўна, калі і дэпутаты, і чыноўнікі распрацоўваюць нарматыўна-прававыя акты, якія супярэчаць Канстытуцыі, а прэзідэнт голасна робіць заявы, што ёй супярэчаць, - мяркуе эканаміст.

Напісаць каментар 99

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках