20 красавiка 2024, Субота, 18:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У «віцебскіх Курапатах» усталявалі 4-метровы крыж памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій

4
У «віцебскіх Курапатах» усталявалі 4-метровы крыж памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій

Кожны ахвочы можа самастойна наведаць мемарыял.

Металічны крыж усталяваны на ўскраіне лесу ля вёскі Хайсы, дзе роўна тры гады таму былі знойдзеныя чалавечыя парэшткі ў невядомых масавых пахаваннях, паведамляе «Радыё Свабода».

Вышыня крыжа - больш за 4 метры, і яго добра відаць з шашы Віцебск-Гарадок, а таксама з чыгункі, якая ідзе ўздоўж лесу. Памятны крыж, усталяваны 12-га лістапада, з'яўляецца пачаткам маршруту, пазначанага паказальнікамі: кіруючыся імі, кожны ахвочы можа самастойна наведаць мемарыял.

З 2014-га года ў «расстрэльным лесе» актывісты ініцыятывы «Хайсы» ўсталявалі 34 крыжы. Першыя пяць былі знішчаныя невядомымі вандаламі, але потым адноўленыя.

27 крыжоў было ўстаноўлена блізу вялікіх ям, дзе на працягу трох гадоў знаходзілі парэшткі - косткі і чарапы з кулявымі адтулінамі, а таксама фрагменты адзення і абутку.

Яшчэ 7 крыжоў - сімвалічныя, іх усталявалі на ўваходзе ў «расстрэльны» лес з розных бакоў.

Неабыякавым грамадзянам удалося ўстанавіць імёны двух магчымых ахвяр, расстраляных у гэтым месцы. Паводле сведчанняў старажылаў, расстрэлы ў лесе каля вёскі Хайсы і Дрыколле адбываліся рэгулярна на працягу 1937-38 гадоў. Актывісты сабралі блізу 40 сведчанняў пра сталінскія расстрэлы ў гэтых месцах. Але мясцовыя ўлады не бяруць іх пад увагу і адмаўляюцца паважаць памяць ахвяр.

Памінальныя мерапрыемствы, а таксама рэгулярныя ўпарадкаванні гэтых месцаў праводзяць толькі віцебскія актывісты.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках