24 красавiка 2024, Серада, 3:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

За партрэт Касцюшкі берасцейская мастачка атрымала дыплом у Сіднэі

1
За партрэт Касцюшкі берасцейская мастачка атрымала дыплом у Сіднэі

За годнасць найлепшага ў трох катэгорыях змагаліся таленты з розных куткоў свету.

Берасцейская мастачка Наталі Шаён атрымала ганаровы дыплом на міжнародным творчым конкурсе, прысвечаным 200-годдзю з дня смерці Тадэвуша Касцюшкі, піша zarya.by.

Спіс пераможцаў быў абвешчаны чальцамі журы ў Сіднэі. За годнасць найлепшага ў трох катэгорыях змагаліся таленты з розных куткоў свету: Аргентыны, Лібана, Арменіі, Польшчы, Аўстраліі, Беларусі, Аўстрыі, Бэльгіі, Балгарыі, Канады, Інданезіі, Ірландыі, Японіі, Расеі, Тайваня, Украіны, Вялікабрытаніі і ЗША. Берасцейка адзначылася ў намінацыі «Графіка».

На сваёй карціне мастачка адлюстравала славутага ўраджэнца нашай зямлі задуменным і сур'ёзным. Тадэвуш пра нешта разважае, седзячы ў крэсле ў бібліятэцы і заціскаючы кнігу ў руках. Праца напісана ў светлых тонах і выклікае адчування цяпла і утулку. Такая падача - адметная рыса творчасці Наталі Шаён.

- Для мяне вельмі важна дзяліцца са светам любоўю і натхненнем. З дапамогай карцін я імкнуся дарыць людзям станоўчыя эмоцыі, падымаць ім настрой, - распавяла Наталі. - Свет дзіўна прыгожы, пра гэта важна памятаць. Таму сярод маіх палотнаў вы не знойдзеце тых, што выклікаюць засмучэнне, горыч або агрэсію.

Часцей за ўсё нашая гераіня працуе ў жанры партрэта. Першае, на што звяртаеш увагу, гледзячы на яе карціны - гэта жывыя вочы персанажаў. Загадкавыя, глыбокія, яны ўтойваюць у сабе велізарную палітру самых разнастайных эмоцый і патрабуюць зазірнуць у іх яшчэ раз. Крыху радзей цэнтральнымі аб'ектамі палотнаў становяцца жывёліны: пухнатыя каты, магутныя коні і нават смешныя малпы.

Светлая творчасць берасцейскай мастачкі ўжо не ў першы раз знаходзіць водгук у сэрцах беларускіх і замежных аматараў мастацтва. Калекцыянеры з Амерыкі, Польшчы, Расеі, Афрыкі, Францыі ды іншых краін з задавальненнем сузіраюць карціны Наталі Шаён у сваіх дамах. Дарэчы, з Афрыкай у берасцейкі асаблівая сувязь - больш за два гады таленавітая жанчына прапрацавала ў Лібіі, дзе пакінула нямала сваіх работ.

Наталі - не толькі мастачка, але і запатрабаваная дызайнерка інтэр'еру і мадэльерка. Яна ўмее стварыць у кожным доме атмасферу выгоды, прыдумляе паветраныя сукенкі, займаецца ўпрыгожаннем вітрын і вяселляў. З лёгкай рукі гэтай аўтаркі з'яўляюцца і вытанчаныя стылізаваныя венецыянскія маскі.

Дзякуючы Наталі Шаён з'яўляюцца і іншыя элементы дэкору: упрыгожаныя тонкімі бязважкімі лініямі шклянкі і збаны, талеркі і кубкі.

А яшчэ мастачка працуе ў незвычайным жанры партрэтнай лялькі. Распісаныя твары лялек апраўленыя рэльефнымі рамкамі і здаецца, вось-вось ажывуць.

Ганаровы дыплом, здабыты ў Сіднэі, стаў для мастачкі прыемным сюрпрызам. Але Наталі Шаён не збіраецца спыняцца на дасягнутым і з натхненнем творыць далей. А значыць, неўзабаве мы зноў пачуем пра дасягненні нашай зямлячкі.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках