28 сакавiка 2024, Чацвер, 11:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Пенсійная пастка» ў дзеянні

45
«Пенсійная пастка» ў дзеянні
МАЛЮНАК: КАЦЯРЫНА МАРЦІНОВІЧ/KP.BY

На што ўплывае страхавы стаж, і хто можа пацярпець праз яго павелічэнне.

Папраўкі ў Закон «Аб пенсійным забеспячэнні», якія прадугледжваюць для некаторых катэгорый беларусаў скарачэнне да 10 гадоў тэрміну страхавога стажу, што дае права на атрыманне працоўнай пенсіі, у «палаце прадстаўнікоў» прынялі ў першым чытанні амаль аднагалосна. Толькі 2 «дэпутаты» прагаласавалі «супраць». Аднак абмеркаванне законапраекта паказала, што ўлічаныя інтарэсы далёка не ўсіх грамадзян, якія трапілі ў «пенсійную пастку», піша Ганна Фёдарава для «Эканамічнай газеты».

Мінімальны страхавы стаж наважылі скараціць для вайскоўцаў, якія праслужылі не менш за 10 гадоў, але не маюць права на пенсію паводле заканадаўства аб пенсійным забеспячэнні вайскоўцаў. А таксама для тых, хто абслугоўваў інваліда I групы, дзіця-інваліда да 18 гадоў або асоб, якія дасягнулі 80-гадовага ўзросту і якія маюць патрэбу ў такім доглядзе. Пры гэтым для іх агульны працоўны стаж павялічаны да 35 гадоў для жанчын і 40 гадоў – для мужчын. Уласна, гэта ўжо не навіна: усе ўключаныя ў законапраект нормы дзейнічаюць з 1 жніўня гэтага года ў адпаведнасці з указам Лукашэнкі ад 29.06.2017 №233 «Аб пенсійным забеспячэнні асобных катэгорый грамадзян».

У «палаце прадстаўнікоў» падчас абмеркавання законапраекта гаворка неаднаразова заходзіла пра тых, хто трапіў у «пастку страхавога стажу».

Сёння грамадзяне могуць прэтэндаваць на пенсію толькі пры выкананні шэрагу ўмоў. Акрамя дасягнення агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту (цяпер гэта 60,5 гадоў для мужчын і 55,5 гадоў для жанчын) патрабуецца наяўнасць стажу працы і страхавога стажу, г. зн., перыяду працы з выплатай абавязковых страхавых унёскаў у ФСАН, які імкліва вырас.

Нагадаем, што ўказам Лукашэнкі ад 11.04.2016 №137 «Аб удасканаленні пенсійнага забеспячэння» з 1 студзеня г. г. змяніліся ўмовы для прызначэння працоўных пенсій паводле ўзросту і за выслугу гадоў, а пенсійны ўзрост быў падвышаны. Калі да 2014 г. мінімальны страхавы стаж, які дае права на атрыманне працоўнай пенсіі, складаў 5 гадоў, то з 1.01.2014 г яго амаль для ўсіх павялічылі да 10 гадоў, праз год – да 15, у 2015 г – да 15,5 гадоў, а ў 2017 г – да 16 гадоў. У далейшым гэтая планка будзе штогод павялічвацца на 6 месяцаў, пакуль да 2025 г не дасягне 20 гадоў.

Гэтак імклівы рывок заспеў знянацку тых, хто планаваў сваё жыццё ў адпаведнасці з ранейшым заканадаўствам. Людзі, што арыентаваліся на страхавы стаж працягласцю 5 гадоў, які дазваляў ім разлічваць на афармленне працоўнай пенсіі, трапілі ў «пенсійную пастку». Цяпер яны не могуць прэтэндаваць на працоўную пенсію, а толькі на сацыяльную ў суме 50% ад бюджэту пражытачнага мінімуму. Ды і яе мужчыны могуць аформіць толькі з 65 гадоў, жанчыны – з 60 гадоў.

Прадстаўляючы ў «палаце прадстаўнікоў» законапраект, міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч растлумачыла зніжэнне страхавога стажу толькі для вайскоўцаў і асоб, якія даглядаюць за непрацаздольнымі, рэальнымі фінансавымі магчымасцямі дзяржавы. У Мінпрацы паступалі і іншыя прапановы, напрыклад, аб пералічэнні страхавога стажу для пенсіянераў, якія працуюць. Але 1-адсоткавы страхавы ўнёсак, які яны выплачваюць, не кампенсуе выдаткаў на наступную даплату за стаж, запэўнівае міністр. Паводле разлікаў міністэрства, бюджэту спатрэбіцца 528 млн BYN на год, што складае амаль 5% агульных пенсійных выдаткаў. Такіх рэзерваў сёння няма ні ў ФСАН, ні ў рэспубліканскім бюджэце. Каб збалансаваць даходную і расходную часткі бюджэту ФСАН, трэба павялічыць страхавы тарыф для работніка да 2,5% альбо 1,5% перакласці на наймальніка. Але дзейныя тарыфы і так высокія, прызнала І. Касцевіч.

Таксама прапаноўвалася прызначаць датэрміновую пенсію маці, якія выхавалі 4 дзяцей, і павялічыць для іх працягласць часу догляду за дзецьмі, які залічваецца ў стаж, з 9 да 12 гадоў. Меркавалася, што такія захады будуць садзейнічаць павышэнню нараджальнасці. Але, са слоў І. Касцевіч, такой ільготай у выпадку яе ўвядзення скарысталіся б у першую чаргу жанчыны перадпенсійнага ўзросту і рэальныя пенсіянеры, то бок, тыя, хто на нараджальнасць не ўплывае. З бюджэту ж дадаткова спатрэбіцца больш за 12 млн рублёў за год.

З аргументамі міністра не пагадзіўся старшыня Пастаяннай камісіі прамысловасці, паліўна-энэргетычнага комплексу, транспарту і сувязі Андрэй Рыбак. На ягоную думку, 9 гадоў адпачынку па догляду за дзіцем, што ўключаюцца ў стаж працы жанчын, якія выхавалі 4 дзяцей, – лічба не абгрунтаваная. «Чаму не 8 ці 10? І гэта пры тым, што цяпер нам прапануецца прыняць норму, калі наяўнасць агульнага стажу 40 гадоў дае права на працоўную пенсію, – адзначыў «дэпутат». – Як быць, калі менавіта выключаныя з працоўнага стажу 2 гады не дадуць жанчыне такога права? А тыя, хто выхаваў менш дзяцей і больш працаваў, яго атрымаюць».

Таксама А. Рыбак нагадаў, што згодна з Законам «Аб пенсійным забеспячэнні» занятыя ў шкодных умовах працы работнікі, якія маюць права на датэрміновую пенсію і прадаўжаюць працаваць да агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту, губляюць ад 10 да 15 гадоў страхавога стажу. Пры гэтым і яны, і наймальнікі прадаўжаюць плаціць унёскі ў ФСАН. «Гаворка не пра 1%, а пра тыя 28 або 29%, якія ідуць у ФСАН і выплачваюцца прадпрыемствам, – заявіў «дэпутат». – Патрабуецца адкрытае абмеркаванне вяртання да ранейшай сістэмыі выпрацоўкі іншых механізмаў уліку стажу пасля прызначэння пенсій».

Сярод «пацярпелых» выявіліся і грамадзяне, прызваныя ў 1990-1991 гг на тэрміновую вайсковую службу ў Беларусі, якія апынуліся з не залежных ад іх абставінаў ва узброеных сілах іншых краін. Іх служба сёння ў стаж працы не ўваходзіць. Гэты прававы прабел трэба аператыўна ліквідаваць.

Будуць яшчэ і іншыя прапановы, ад якіх дэпутаты не маюць права адмахнуцца, мяркуе А. Рыбак. Ён адзначыў, што пакуль гучаць заявы аб тым, што для рэалізацыі гэтых прапаноў у ФСАН няма сродкаў, знаходзяцца сродкі для развязання пытанняў для асобных катэгорый грамадзян. Гэта выклікае неразуменне і сацыяльную напружанасць сярод выбаршчыкаў.

Праблемы з пенсійным стажам узнікаюць і ў жонак дыпламатаў і ўсіх тых, каго накіроўваюць працаваць за мяжу, нагадаў старшыня Пастаяннай камісіі ў міжнародных справах Валерый Варанецкі. Знайсці там працу немагчыма, а калі і пашанцуе, то яе ў працоўны стаж не залічваюць.

Між тым ва Украіне са студзеня 2018 г таксама павышаюць страхавы стаж з 15 да 25 гадоў з наступным штогадовым павелічэннем на 12 месяцаў. Да 2028 г ён вырасце да 35 гадоў (пры выхадзе на пенсію ў 60 гадоў). Пры гэтым нядаўна прыняты закон дапускае кампенсацыю адсутнасці страхавога стажу праз аплаты ў Пенсійны фонд. Абмяркоўваецца такі варыянт і ў Літве. Але ў нас «дакупіць» адсутны страхавы стаж нельга, і пакуль такая магчымасць, са слоў І. Касцевіч, не разглядаецца.

Напісаць каментар 45

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках