23 красавiка 2024, aўторак, 12:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гаспадар аўтаразборкі са Слуцка: Крызіс павялічыў колькасць кліентаў

2
Гаспадар аўтаразборкі са Слуцка: Крызіс павялічыў колькасць кліентаў

Андрэй Мікула наважыў заняцца ўласнай справай і зарабіць грошай на аплату вучобы.

Два гады жыхар Слуцку Андрэй Мікула займаецца аўтаразборкай. Гэты бізнэс забяспечвае яму прыбытак і магчымасць вучыцца ў каледжы. Ён распавёў, як арганізоўваў сваю справу, піша сайт Kurjer.info.

Андрэю 22 гады. Блізу двух гадоў ён набывае былыя ў карыстанні аўто, разбірае іх, аднаўляе і прадае запчасткі. «Пасля службы ў войску наважыў заняцца ўласнай справай і зарабіць грошай на аплату вучобы», - кажа Андрэй.

Спачатку працаваў кіроўцам на фірме бацькі, а праз паўгода той дапамог пачаць сваю справу як прадпрымальніку. Паралельна хлопец паступіў у Менскі каледж прадпрымальніцтва. Цяпер сумяшчае працу і навучанне.

Пачаў з куплі аўтамабіля за 100 даляраў

«Пакуль аўтазапчасткі - тавар запатрабаваны. Першы прыбытак я атрымаў ужо праз тыдзень пасля таго, як заняўся гэтай справай», - распавядае суразмоўца. Андрэй спецыялізуецца на легкавых аўтамабілях. Ягоныя пакупнікі - уладальнікі «народных марак»: Opel, Volkswagen, Mazda, Ford, ВАЗ. Хоць прадбачыць, на якія менавіта запчасткі будзе попыт, немагчыма, мяркуе ён.

Для захоўвання і разборкі аўтамабіляў прадпрымальнік арандуе месца на стаянцы, выкарыстоўвае бацькоўскі гараж. Калі паступае тэрміновы заказ на дэталь, то адзін аўтамабіль Андрэй можа разабраць за паўдня, але звычайна траціць на гэта некалькі дзён. Ягоная майстэрня называецца «У Немца». «Афіцыйна я працую з 8 да 17 гадзін, але калі камусьці тэрмінова патрэбная запчастка, то падладжваюся пад кліента», - распавядае Андрэй.

Крызіс павялічвае колькасць кліентаў

Людзі імкнуцца эканоміць. Калі арыгінальную запчастку купляць у салоне, яна абыдзецца вельмі дорага, ды і не заўсёды можна хутка знайсці такую. Рынак запоўнены кітайскімі копіямі. Мінімальны кошт, за які малады прадпрымальнік набывае аўтамабілі, - блізу 100 даляраў (як за тону металалому). «Максімальны кошт цяжка назваць, - кажа Андрэй. - Усё залежыць ад якасці аўтамабіля».

Аб рэкламе і пакупніках

Андрэй рэкламуе свае паслугі ў інтэрнэце, стварыў старонку ў сацсетках. Пакупнікоў дапамагаюць знаходзіць знаёмыя, а таксама сталыя кліенты. Іх прыцягваюць кошты - яны ніжэйшыя за менскія прыкладна на 20%.

Кошт Андрэй устанаўлівае, арыентуючыся на інтэрнэт, можа знізіць яго, калі довады пакупніка абгрунтаваныя. Людзі прыязджаюць, глядзяць, падбіраюць, калі падабаецца, то купляюць. Асаблівасць продажу былых у карыстанні тавараў - адсутнасць гарантыі. Таму, калі пакупнік чымсьці незадаволены, грошы за тавар вяртаюцца.

З досведу Андрэй ведае, што старая арыгінальная запчастка можа праслужыць даўжэй за кітайскую. «Перад продажам мы разам з пакупніком аглядаем дэталь, бо я зацікаўлены, каб кліент застаўся задаволены і прыйшоў да мяне ў наступны раз», - кажа суразмоўца.

Складаныя кліенты

«Бывае, што пакупнікі зусім не арыентуюцца ў кошце аўтазапчастак, кажуць:« Чаму я павінен плаціць столькі за гэтую запчастку?», пачынаюць даводзіць, што яна павінна каштаваць менш.

Летась я прадаў рухавік мінімальным коштам. Праз тыдзень мужчына наважыў яго вярнуць, але запытаў суму ўдвая большую за тую, за якую купіў. Мы нават у міліцыю заявы пісалі адзін на аднаго. Але гэта, бадай, адзінкавы выпадак».

Бывае, што прыбытку няма

Цяжэй за ўсё прадаць запчасткі з кожнага аўтамабіля да апошняй шрубкі. Бывае, што нейкая машына «не ідзе», тавар дрэнна разыходзіцца, асабліва зімой. Гэта самы непрыбытковы час. Увесну колькасць пакупнікоў узрастае. Калі скласці зімовы і летні даходы і падзяліць на 12, атрымліваецца сярэднямесячны заробак ад 500 да 600 рублёў.

«Пакуль я малады і халасты, даходаў стае, - кажа Андрэй. - Вядома, хацелася б заняцца нечым больш сур'ёзным: можа, рамонтам аўто, адкрыць пункт продажу аўтазапчастак на рынку. Найбліжэйшыя планы - паспяхова здаць будучую сесію».

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках