28 сакавiка 2024, Чацвер, 12:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мінсктранс: Злаві 21 «зайца» - атрымай 350 рублёў

37
Мінсктранс: Злаві 21 «зайца» - атрымай 350 рублёў

Выявілася, у беларускіх кантралёраў ёсць свой «хітры план».

Традыцыйна менскаму гарадскому транспарту не стае кантралёраў. Вакансіі ёсць у кожны час года, кіраўніцтва Мінсктрансу не ўтойвае: фактычна, бяруць усіх ахвотных. Чаму ж на запатрабаваную быццам бы прафесію ці не знаходзіцца ахвотных? Бо калі казаць пра заробкі, то быццам бы і прапануюць кантралёрам зусім не капейкі: на сайце прадпрыемства паказана, што заробак кантралёра пасажырскага транспарту 620 рублёў, піша «Народная Воля».

Выявілася, зарабіць гэтыя 620 рублёў няпроста. Службовы аклад кантралёра складае ўсяго толькі 271 рубель, астатняе залежыць ад выканання плана.

«План - гэта колькасць прыцягнутых да адміністрацыйнай адказнасці і колькасць правераных транспартных сродкаў на даручаным участку, - тлумачаць у аддзеле кадраў КТУП «Агенцтва Мінсктранс». - Каб выйсці на заробак 350 рублёў, кантралёр павінен цягам месяца выпісаць не менш за 21 штраф. Калі адміністрацыйных спагнанняў кантралёр выпіша больш, то адпаведна і запрацуе больш». Што тычыцца транспартных сродкаў, то за 8-гадзінную змену кантралёр павінен праверыць агулам не менш за 40 аўтобусаў, тралейбусаў і трамваяў. Таксама сярод патрабаванняў - гатоўнасць працаваць па зменах, у тым ліку ў выхадныя і святочныя дні.

620 рублёў, кажуць на прадпрыемстве, - гэта сярэдні заробак кантралёра. «Значыць, даведзены план выканаць рэальна, - запэўніваюць у аддзеле кадраў. - Заробак кантралёра ў ягоных руках».

Дарэчы, нядаўна кіраўнік кантрольна-рэвізійнай службы «Мінсктрансу» Юры Давідовіч распавёў, у чым прычына цякучасці кадраў на прадпрыемстве: «Фактычна, бярэм усіх ахвотных. Кантрольны тэрмін для падрыхтоўкі і праверкі - 3 месяцы. За гэты час пачатковец павінен прайсці інструктаж і 80-гадзінную стажыроўку ў грамадскім транспарце разам з больш дасведчаным супрацоўнікам. Ён навучаецца афармляць існую дакументацыю, справаздачы, штрафныя квітанцыі. Праводзіць усё гэта трэба ў рамках дзейнага заканадаўства. А гэта няпроста. Як следства - застаюцца адзінкі. Многія прыходзяць у ружовых акулярах, але праз некалькі дзён, тыдняў практычнай працы меркаванне кардынальна мяняецца. Хоць у ліку суіскальнікаў нямала людзей з вышэйшай адукацыяй, фізічна развітых. Аднаму стажору-кантралёру парвалі куртку, другога абразілі і збілі, трэцяга зрабілі вінаватым, на чацвёртага скардзяцца на гарачую лінію «Мінсктранса». Увогуле, няўдзячная праца, а добрых водгукаў ад пасажыраў раз, два і ўсё».

Напісаць каментар 37

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках