19 красавiка 2024, Пятніца, 22:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сваякі жаўнера патрабуюць расследаваць яшчэ адну смерць у Печах

15
Сваякі жаўнера патрабуюць расследаваць яшчэ адну смерць у Печах

Беларуская грамадскасць выкрывае ўсе новыя выпадкі дзедаўшчыны.

4 лістапада стала вядома яшчэ аб адным факце суіцыду ў вайсковай частцы ў Печах з нашым земляком, выхадцам Калінкавіцкага раёна, жаўнерам Міхаілам Беўзюком. Родны брат загінулага Юрый Бяўзюк на прыёме ў праваабаронцы Леаніда Судаленкі распавёў падрабязнасці трагедыі, якая адбылася вясной 2015 года. З дапамогай юрыста ў СК Менскай вобласці накіраваная заява на распачынанне крымінальнай справы ўжо па факце давядзення маладога жаўнера да самагубства, піша «Гомельская вясна».

19 сакавіка 2015 года шараговец Міхаіл Бяўзюк, які навучаецца ў Печах на наводчыка БМП, патэлефанаваў брату Юрыю і папрасіў прыехаць да яго найбліжэйшымі выходнымі. Жаўнер прадыктаваў неабходныя рэчы, якія трэба прывезці. 20 сакавіка Міхаіл патэлефанаваў яшчэ раз і ўдакладніў, ці не забыўся брат на што-небудзь са спісу запытаных рэчаў. А раніцай 21 сакавіка Юрыю патэлефанавалі з часткі і спыталі нумар мамы, бо адбылася «невялікая надзвычайная сітуацыя - Міхаіл павесіўся».

МІХАІЛ БЯЎЗЮК, ФОТА З САЦЫЯЛЬНЫХ СЕТАК

«22 сакавіка яго прывезлі, было даволі халоднае надвор'е, - успамінае брат Міхаіла Бяўзюка Юрый. - У дом мы яго не заносілі, не пераапраналі, бо яго прывезлі пазней, чым дамаўляліся, і трэба было ўжо хаваць. На ім было так шмат пудры, што калі да яго дакраналіся, ўсе рукі былі ў ёй. Вайскоўцы, якія яго прывезлі, вельмі спяшаліся, спасылаючыся на тое, што ім трэба вяртацца ў частку. Але ў гэты дзень ішоў снег. У пэўны момант з'явілася сонца, растапіла снег на ягоным твары і вада змыла частку пудры каля вачэй - там быў вельмі вялікі сіняк. І зноў вайскоўцы пачалі прыспешваць. Калі брата закопвалі, яны далі маме ў рукі канверт, там было блізу 10 млн руб і хутка з'ехалі», - з мокрымі вачыма распавёў аб трагедыі сваёй сям'і Юрый Бяўзюк.

ЮРЫЙ БЯЎЗЮК, ФОТА ЛЕАНІДА СУДАЛЕНКІ

Праваабаронца Леанід Судаленка кажа, што за апошнія два гады гэта ўжо трэці выпадак суіцыдаў у вучэбцы ў Печах. - «Ніхто ж не аспрэчвае таго факту, што ў беларускае войска прызываюць выключна здаровых хлопцаў. І калі на пятым месяцы службы малады здаровы жаўнер губляе, як пра гэта нас пераконвае следства, розум і добраахвотна сыходзіць з жыцця, што адбываецца з ягонай псіхікай за такі кароткі прамежак часу», - задае пытанне юрыст. Сям'я Бяўзюкоў шматдзетная. Бацька памёр у 2000 годзе, выхаваннем пецярых дзяцей займалася маці, якая працуе даяркай. У сувязі з апошнімі фактамі вакол гібелі ў Печах шарагоўца Коржыча сям'я мяркуе, што іх жаўнера таксама сяржанты маглі давесці да самагубства.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках