19 красавiка 2024, Пятніца, 10:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Працуем дзень і ноч вахтавым метадам без выходных па 12 гадзін»

5
«Працуем дзень і ноч вахтавым метадам без выходных па 12 гадзін»

Як ідзе будаўніцтва станцыі метро «Вакзальная» трэцяй лініі метро.

Вялікую тэрыторыю паміж чыгуначным вакзалам і вуліцай Дружнай апярэзвае высокі паркан - бачныя толькі краны. З пуцеправода насупраць будоўля як на далоні. Значная частка будучай станцыі «Вакзальная» першага ўчастка трэцяй лініі ўжо перакрытая і засыпаная. Будаўніча-мантажныя работы на станцыі «Вакзальная» 3-й лініі метро выкананыя на 95%, піша onliner.by.

- Усе праходчыя звёны, а іх 4, па 15 чалавек у кожным, працуюць дзень і ноч вахтавым метадам без выходных па 12 гадзін, - кажа намеснік начальніка ўчастка №6 першага тунэльнага атрада Уладзімір Тузаў. - У дапаможнага персаналу, сярод якога электраслесары, кранаўшчыкі, інжынерна-тэхнічныя работнікі, служба механіка - усяго агулам больш за 20 чалавек, змена доўжыцца 8 гадзін. Механізаваны шчыт ужо паклаў 385 бетонных кольцаў, кожнае шырынёй 1,4 м. Сутачную норму праходкі ён вытрымлівае, распрацоўка правага тунэлю да «Юбілейкі» ідзе без збояў.

Паралельная праходка на гэтай заморскай цуда-тэхніцы была для нас, фактычна, дэбютнай. Навучаліся самі, а таксама пры садзейнічанні французскіх спецыялістаў. Геалогія ў гэтым кірунку знаёмая і не такая праблемная, як ля станцыі «Юбілейная плошча». Ужо быў планавы прыпынак механізаванага комплексу для змены рэжучага інструмента, хутка трэба будзе яшчэ адзін. Працягласць правага тунэлю крыху карацейшая за суседні і складае 1597 м. Калі не будзе ніякіх форс-мажорных абставінаў, закончыць яго праходку арыентыровачна плануем у траўні. Затым «Алеся» будзе дэмантаваная і вернутая на «Вакзальную».

На «Вакзальнай» функцыянуе яшчэ адзін праходчы комплекс – не механізаваны. Ён ажыццяўляе праходку ў кірунку аднаго з будынкаў БДУ на вуліцы Бабруйскай, 9. Даўжыня гэтага пешаходнага тунэлю - 252 м, засталося прайсці толькі 20. Другі пешаходны тунэль на 170 м ужо пройдзены. Падрыхтаваная і падстава для мантажу ў ім травалатара.

На паверхні таксама кіпіць работа, найбольш інтэнсіўна – побач з каркасам адкрытага вестыбюля.

- Усе канструкцыі «Вакзальнай» знаходзяцца ў стадыі заканчэння, будаўніча-мантажныя работы выкананыя на 95%, - прадаўжае суразмоўца. - Узведзены вестыбюль, платформа, службовыя памяшканні і размеркавальная зала - памяшканне, якое злучыць пешаходныя тунэлі з першай лініі на трэцюю. Цагляны мур мы ўжо таксама закончылі, прычым, уласнымі сіламі. На днях на станцыі пачала працаваць брыгада тынкоўшчыкаў з субпадрадных арганізацыі. Пазней субпадрадчыкі правядуць тут і чыставое аздабленне, у тэрмінах яно будзе прывязанае да ступені гатоўнасці астатніх трох станцый гэтай лініі метро.

З ягоных слоў, «Вакзальная» - адно з самых складаных збудаванняў метрапалітэна. Таму што яна фактычна ўключае ў сябе тры паверхі: наземны вестыбюль, пасажырскую платформу з тунэлямі для электрацягнікоў і на самым нізкім узроўні - злучальныя пешаходныя тунэлі з першай лініяй метро. У гэтым перасадачным станцыйным вузле акрамя эскалатараў будуць усталяваныя і травалатары: адзін даўжынёй 252 м, другі - 170 м. Пешаходы таксама змогуць перамяшчацца ў тунэлях і без дапамогі тэхнікі.

- Наколькі мне вядома, усё абсталяванне гэтай станцыі і будматэрыялы будуць вырабленыя ў Беларусі. На ўсіх аб'ектах першай чаргі 3 лініі падземкі таксама трэба будзе правесці мантаж і наладку складанага тэхналагічнага абсталявання, у тым ліку такой навінкі, як ахоўныя экраны на перонах, - падсумаваў Уладзімір Тузаў.

Нагадаем, усярэдзіне «Вакзальная» будзе выглядаць так:

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках