25 красавiка 2024, Чацвер, 14:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сяргей Верамеенка :Ашчадак беларусаў ператвараецца ў паперкі

62
Сяргей Верамеенка :Ашчадак беларусаў ператвараецца ў паперкі

Выкрыты чарговы сеанс «эканамічнай магіі».

На гэтым тыдні незалежныя экспэрты развянчалі чарговы «эканамічны цуд» ад уладаў.

Нагадаем, урад заявіў аб тым, што нібыта «дамогся поспехаў» у зніжэнні тэмпаў інфляцыі. Высветлілася, што куфэрак адкрываўся вельмі проста: пасля некалькіх месяцаў штучнага стрымлівання кошты пачалі расці адразу ў многіх пазіцыях, асабліва ў сферы паслуг і на харчовыя тавары.

Якім будзе вынік кіравання эканомікай «уручную»? Як «эканамічны цуд» ударыць па бюджэце беларускіх сем'яў?

На гэта і іншыя пытанні сайту Charter97.org адказаў прадстаўнік Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу ў Гародні Сяргей Верамеенка:

- Што можна сказаць... На жаль, у нас эканомікай заўсёды кіравалі ўручную. Як бы яе ні імкнуліся называць, у тым ліку, «рынкавым сацыялізмам», ёй заўсёды кіравалі на загад зверху. Тое, што «размарозілі» заробкі і сацыяльныя выплаты, то гэта лагічна, бо ў такой сістэме краху інакш быць не можа.

Улады няўдала спрабуюць трымаць на плаве курс беларускага рубля, які моцна залежыць ад расейскай валюты, каб ён канчаткова не абваліўся. Можна ездзіць у Арабскія Эміраты ці яшчэ кудысьці, даставаць ашчадак, каб падкормліваць людзей, але гэта ўсё не прынясе выніку ў перспектыве.

Тое ж самае зніжэнне заробкаў трымаецца на няўпэўненасці, якая цяпер пануе сярод людзей.

Як прыклад могуць падаць вельмі гучны выпадак у Гародні, які прагучаў на ўсю Беларусь, калі кіроўца аўтобуса саскочыў у Нёман. У нас у горадзе ёсць грамадзянская ініцыятыва «Гародня», дык вось яна робіць усё, каб дапамагчы цяпер кіроўцам гэтага аўтобуснага парка. Там выявілі абуральныя парушэнні і рэжыму працоўнага дня, і заніжэнне заробкаў пры тым, што кіроўцы працуюць з вялікімі перапрацоўкамі. На жаль, самі ж кіроўцы трымаюцца за тое, што ў іх засталося.

І вось тут той каменьчык, на які мы натыкаемся: людзі не заўсёды гатовыя змагацца за свае правы, а ўлады гэтым карыстаюцца. У такой цяжкай эканамічны сітуацыі, людзі баяцца страціць апошняе, але гэта нявыкрутка не толькі для людзей, а і для ўладаў. Урад нібыта спрабуе нешта «мадэрнізаваць», а як можна мадэрнізаваць тое, што не дзейнічае.

Паглядзіце, якія тэхналогіі цяпер, у 21-м стагоддзі, развіваюцца, а ў нас улады ездзяць па ўсім свеце, каб прадаць 2-3 трактары.

- Але калісьці ж павінна быць астатняя кропля?

- Натуральна, трэба трымаць руку на пульсе, калі гэтая кропля перапоўніць чару. Трэба адсочваць і кантраляваць, бо тыя ж самыя «мужы ва ўладзе», калі ў іх яшчэ нешта засталося разумнага ў галаве, папросяць дапамогі. Магчыма, гэта будзе ў выглядзе круглага стала ці яшчэ неяк.

Сітуацыя цяпер безвыходная, гэта я выразна бачу па свайму атачэнню. Людзі сядзяць і не ведаюць, што ім рабіць. Многія думаюць, што пры гэтай уладзе будзе горш і горш. Я перакананы, што беларусам проста трэба быць смялейшымі.

- Як чарговы псеўда-цуд адбіўся на бюджэце беларускіх сем'яў? Што вы скажаце пра дынаміку коштаў на тавары і паслугі ў вашым рэгіёне?

- Я магу сказаць пра кошты ў крамах. У некаторыя крамы заходжу і бачу, што там вельмі мала людзей, а кошты высокія. Вялікія крамы яшчэ спрабуюць трымацца неяк за кошт правядзення акцый. Бо, як ты прадасі чалавеку тое, што ён проста не ў стане купіць. У выніку - прадукцыя масава псуецца.

З аднаго боку, крамам трэба больш выгадна прадаць, а з другога, як ты прадасі, калі пакупніцкая здольнасць насельніцтва ўпала да мінімуму.

Асартымент многіх крам вельмі скарочаны. Складана купіць элементарнае - смятану або воцат, цукар. Напрыклад, у «Рублёўскім» прадаваўся толькі расейскі цукар. Ён таннейшы, але яго ўсё адно не купляюць. Не ведаю, з чым гэта звязана, магчыма, з патрыятызмам, а можа з тым, што на шклянку гарбаты беларускага цукру трэба дадаць дзве лыжкі, а расейскага тры-чатыры.

Дарэчы, жонка мая напісала заўвагу «Рублёўскаму» і беларускі цукар адразу з'явіўся ў краме.

Ведаеце, адчуваецца, вядома, што кошты на паслугі растуць. Я яшчэ заўважыў, пакупніцкая здольнасць вельмі ўпала і таму, што людзі перасталі шанаваць гэтыя грошы. Ашчадак беларусаў ператвараецца ў паперкі.

Раней тыя ж самыя 500 рублёў (да дэнамінацыі) для чалавека гэта былі грошы, я ўжо не кажу пра тысячу, а цяпер, што такое тысяча рублёў - 10 капеек. Гэта мала, для каго гэта каштоўнасць.

Многія не могуць зразумець, чаму кошты так растуць, людзі разгубленыя. «Ручная» эканоміка, што тут скажаш.

- Электрычнасць ва Украіне, якая ваюе, каштуе ўдвая танней, чым у нашай краіне. Як такое ўвогуле магчыма?

- Мы ж не ведаем, як налічваецца нашая «камуналка». Адкуль бярэцца гэты кошт электрычнасці. Уся інфармацыя закрытая для нас. Нам выстаўляюць тарыф, прыносяць рахункі, у якіх паказана, колькі трэба заплаціць, потым кошт павялічваюць і паўтараюць, што мы ўсё адно 100 адсоткаў не плацім. Улады проста жанглююць адсоткамі, дураць нам галаву, а адкуль бяруцца кошты не гавораць.

- Набліжаецца Новы год, экспэрты прагназуюць скачок коштаў. Падаражае шампанскае. У многіх краінах да святаў ладзяць зніжкі і распродажы, а ў Беларусі наадварот кошты падымаюць...

- Гэта зноў заканамернасць, якая дасталася нам ад СССР, калі на самыя запатрабаваныя паслугі і тавары кошты ўздымалі напярэдадні святаў. Лагічна, вядома, было б падумаць, што можна зрабіць і прадаць танней, калі ёсць попыт. Але ў нас даражэе. Цікавая і абсурдная заканамернасць.

- На ваш погляд, што беларусам цяпер трэба рабіць, каб абараніць свае правы на годнае жыццё?

- Трэба перастаць баяцца, недзе пераступіць праз сябе. Неабходна зразумець, што я - грамадзянін і адказваю за сябе, сваю сям'ю і краіну. Гэта трэба, вядома ж, пачынаць з сябе, са свайго калектыву.

Падводзячы вынік, хачу падкрэсліць, што нашыя людзі гатовыя да перамен. Гэтае жаданне наспела ўнутры грамадства і так проста яно не знікне.

Напісаць каментар 62

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках