29 сакавiка 2024, Пятніца, 11:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Якую гульню вядзе Пуцін

4
Якую гульню вядзе Пуцін

Шлях глабальнага троля і вечнага ворага - самотны, хоць ён адпавядае характару кіраўніка РФ.

Белы дом публічна прынізіў прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна ў пятніцу, абвясціўшы, што прэзідэнт Дональд Трамп афіцыйна не сустрэнецца з ім на форуме Азіяцка-ціхаакіянскага эканамічнага супрацоўніцтва ва В'етнаме, хаця Крэмль неаднаразова заяўляў, што гэтая сустрэчы абавязкова адбудзецца.

Ці можа быць, што Пуцін дапусціў стратэгічную памылку, калі адкрыта смяяўся з ЗША і іншых заходніх краін? – піша выданне expert.ua.

Разумныя людзі кажуць, што так, магчыма, Пуцін памыліўся ў сваіх разліках

«Тактычна, Крэмль зрабіў бездакорную працу», - сказаў у чацвер на канферэнцыі былы прэзідэнт Эстоніі Таомас Хендрык Ільвес. «Стратэгічна тое, што яны зрабілі, з'яўляецца поўным правалам. Ім удалося адштурхнуць многія з найбуйнейшых заходніх краін, тых жа краін, у якія яны адмываюць грошы».

У нядаўнім матэрыяле для The Guardian Марк Галеёці, адзін з самых дасведчаных заходніх навукоўцаў, якія пісалі аб Расеі, зрабіў аналагічную выснову.

«Калі Пуцін сапраўды калі-небудзь меркаваў, што ягоная тактыка хакерскіх нападаў, распаўсюджванне разнастайнай хлусні, таемная фінансавая дапамога пэўным палітычным сілам і іншыя хітрыкі дапамогуць яму паўплываць на Захад, то менавіта сёння прыйшоў час сур'ёзна падумаць над сваімі перакананнямі. Схільнасць Пуціна да падрыўной дзейнасці, відавочна, з'яўляецца следствам ягонага мінулага ў КДБ, гневам праз заняпад ягонай звышдзяржавы і адсутнасці іншых, больш цывілізаваных спосабаў прасоўваць інтарэсы Расеі. Пакуль Пуцін падштурхоўвае сваіх шпіёнаў, троляў, дыпламатаў і лабістаў да ўсякай магчымасці падзяляць заходнія краіны і ўзгадоўваць недавер, незалежна ад доўгатэрміновых наступстваў, ён рызыкуе ператварыць Расею ў дзяржаву-ізгоя».

Заходнія экспэрты што да Расеі шмат гадоў спрачаюцца аб тым, што з'яўляецца моцным бокам Пуціна: стратэгія або тактыка? Калі верыць здагадцы, што хаос у заходніх краінах і кампаніі ў прасоўванні папулісцкіх кандыдатаў на выбарах, не прынеслі адчувальнай карысці Расеі, то Пуцін - тактык, які не можа не ўпусціць магчымасць увязацца ў кароткатэрміновую гульню, нават нягледзячы на доўгатэрміновыя наступствы.

Расейскі лідар спрабуе весці дзве розныя гульні адначасова

Падчас свайго першага прэзідэнцкага тэрміну ён спрабаваў прытрымлівацца ісці «амерыканскім шляхам», імкнучыся да эканамічнай эфектыўнасці, прымушаючы свой урад дамагацца падваення аб'ёму вытворчасці і выводзіць Расею на першыя месцы ў міжнародных рэйтынгах. Ён нават казаў аб магчымасці сяброўства Расеі ў Арганізацыі Паўночнаатлантычнай дамовы. Хоць ягоная ўнутраная палітыка не была ліберальнай нават тады.

Але падчас другога прэзідэнцкага тэрміну ўсё памянялася. Пуцін катэгарычна не згаджаўся з умовамі і абмежаваннямі з боку Захаду і спрабаваў зрабіць Расею роўным удзельнікам у перамовах з ЗША і еўрапейскімі дзяржавамі. У тыя гады Расея багацела праз сталы рост коштаў нафты і гэта дадавала Пуціну ўпэўненасці.

Своеасаблівым апагеем стаў выступ Пуціна ў 2007 годзе на Мюнхенскай канферэнцыі палітыкі бяспекі, дзе ён абвінаваціў ЗША ў выкарыстанні сваёй сілы ў міжнародных стасунках. Аднак Пуцін усё яшчэ быў партнёрам Захаду, а Расея знаходзілася ў «вялікай васьмёрцы».

Пасля, Пуцін, відавочна, прыйшоў да высновы аб тым, што ніводная стратэгія, заснаваная на партнёрстве, не працуе. Гэтым тлумачыцца ягоная публічная сварка з тагачасным прэзідэнтам Дзмітрыем Мядзведзевым праз умяшанне заходніх краін у вайну ў Лівіі ў 2011 годзе.

Пуцін ніколі не дзейнічаў хаатычна і непрадказальна цягам большай часткі свайго праўлення. Ён, магчыма, з'яўляецца больш моцным стратэгам, чым усякі заходні лідар свайго часу, хоць бы таму, што яму не трэба перажываць аб сваёй перамозе на выбарах. Таму наўрад ці ён раптам ператварыўся ў тактыка-апартуніста падчас свайго трэцяга тэрміну. Проста ягоная цяперашняя гульня - гэта змрочнае падарожжа ў невядомасць, і, відавочна, час ад часу ён палохае сваіх падначаленых - і, магчыма, самога сябе.

Цяпер Пуцін не верыць у магчымасць якога-небудзь супрацоўніцтва з Захадам. У апошнія гады ягоныя дзеянні абгрунтаваныя тым, што санкцыі супраць Расеі не будуць знятыя незалежна ад таго, што ён робіць. Таму Пуцін спрабуе давесці, што Захад і, перш за ўсё, ЗША, настолькі хісткія, што найменшы штуршок можа парушыць далікатны баланс. Гэтая паказуха ў большай ступені прызначаная для ўсяго свету, перш за ўсё для развіваных краін. Мяркуецца, што Пуцін зможа натхніць азіяцкія, блізкаўсходнія і лацінаамерыканскія краіны кінуць выклік лідарству ЗША. Для Пуціна, Захад - гэта калос на гліняных нагах. Гэта можа спрацаваць, да прыкладу, на Філіпінах прэзідэнт Радрыга Дутэртэ з'яўляецца заўзятым прыхільнікам Пуціна. Пуцінская дэманстрацыя слабасці Захаду можа спрацаваць і для Кітая, які, відавочна, сыходзіць усё далей ад лібералізацыі.

Шлях глабальнага троля, вечнага ворага - самотны, хоць ён адпавядае расейскаму характару.

Найлепшым заходнім адказам на інтрыгі Пуціна можа быць толькі довад таго, дэмакратычныя інстытуты ўсё яшчэ працуюць, яны па-ранейшаму выказваюць тое, што людзі хочуць атрымаць ад урада, што Захад можа быць прыкладам і маральным компасам для развіванага свету, і ў канчатковым выніку для расейцаў.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках