28 сакавiка 2024, Чацвер, 19:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вадзім Іосуб: Сярэдняму беларусу бегчы ў абменнік няма з чым

5
Вадзім Іосуб: Сярэдняму беларусу бегчы ў абменнік няма з чым
Вадзім Іосуб
ФОТА: ONLINER.BY

Даляр перайшоў псіхалагічны бар'ер у 2 рублі: што адбываецца і чаго чакаць?

Курс даляра ЗША ў Беларусі пераадолеў псіхалагічную планку 2 рублі. 15 лістапада ён абнавіў гадавы максімум і на чарговых таргах склаў 2,0057 беларускага рубля. Рэкорд паставіў і еўра, кошт якога вырас адразу на 1,5% і склала 2,3702 рубля, паведамляе euroradio.by.

«На сённяшні дзень кошык валют вырас на непрыкметныя 0,04%, - тлумачыць экспэрт Вадзім Іосуб. - Пры гэтым, прыкметныя рухі асобных валют звязаны з тым, што адбываецца на замежных рынках. А тут назіраюцца дзве тэндэнцыі. З аднаго боку вельмі моцна расце еўра ў дачыненні да даляра - за суткі еўра ў свеце падаражэў на 2 амерыканскія цэнты, а гэта для такіх валют даволі шмат. Адначасова з гэтым на расейскім рынку моцна падае расейскі рубель і даляр, і еўра ў Расеі выраслі да ўзроўню гэтага жнiўня. Таму тэарэтычна атрымлівае я, што беларускі рубель стаіць на месцы, а даляр і еўра з аднаго боку і расейскі рубель з другога рухаюцца ў супрацьлеглыя бакі».

На думку Вадзіма Іосуба, падзенне расейскага рубля абумоўлена неэканамічнымі прычынамі, таму што ніяк не звязана з цэнамі на нафту. Сапраўды, апошнія дні нафта маркі Brent прадаецца на рынку па даволі высокім цэнах - больш чым 61 даляр за барэль.

«Існуе версія, што ў канцы года ў буйных расейскіх кампаній чакаюцца вялікія выплаты па валютнай пазыцы, таму яны і скупляюць валюту, - працягвае эканаміст. - На паверхні ляжыць яшчэ адна версія падзення расейскага рубля - гэта вынік чакання новых амерыканскіх санкцый. Гэта значыць фактары не зусім эканамічныя, а таму прадказаць, як доўга будзе падаць расейскі рубель, даволі складана».

Эканаміст Леанід Заіка перакананы, што дэвальвацыя расейскага рубля, якая цяпер адбываецца, вельмі негатыўна адаб'ецца і на беларусах.

«Праз тое, што Расея больш гнутка рэагуе на сітуацыю, нам будзе больш складана ўтрымліваць жорсткі абменны курс, - тлумачыць экспэрт. - Але галоўнае, што з падзеннем расейскага рубля аўтаматычна даражэе беларуская экспартная прадукцыя. Пакуль што ў нас на знешніх рынках продаж ішоў нядрэнна, ён павялічыўся на 19%. А далей сітуацыя будзе развівацца традыцыйна: мы будзем вымушаныя зніжаць выдаткі і рабіць нашу прадукцыю канкурэнтаздольнай. А гэта ўжо задача прадпрыемстваў».

На думку Вадзіма Іосуба, у Беларусі даляр перастане расці пасля таго, як перастане падаць расейскі рубель.

«Сярэдняму беларусу бегчы ў абменнік няма з чым, бо лішніх рублёў у кішэнях няма», - рэзюмуе эканаміст.

Калі ж пастанова абмяняць беларускія рублі на чужыя грошы прынятая, то Леанід Заіка раіць купляць даляры і еўра ў роўных долях. Тады, перакананы эканаміст, можна будзе не звяртаць увагі на пастаянную барацьбу за першынство гэтых валют.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках