20 красавiка 2024, Субота, 13:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускія будаўнікі пра падман у Расеі: Там адладжаная схема

73
Беларускія будаўнікі пра падман у Расеі: Там адладжаная схема

Як гэта – працаваць па 11 гадзін на дзень, жыць у вагончыку і застацца ні з чым?

Некалі паспяховая будаўнічая галіна разбураецца на вачах. Будаўнікі скардзяцца на нізкія заробкі і адсутнасць працы. Каб пракарміць сям'ю, многія вымушаныя хапацца за ўсялякія прапановы. Як гэта – паўтара месяца працаваць па 11 гадзін на дзень, жыць у вагончыку і застацца ні з чым, intex-press.by распавялі баранавіцкія будаўнікі, якія пабылі на будоўлі ў Маскве.

Падзенне пасля ўзлёту

Будаўнічая галіна перажывае не найлепшыя часы. У кастрычніку 2017 года міністр эканомікі Уладзімір Зіноўскі падкрэсліў крытычнасць сітуацыі ў галіне.

– Мы дэманструем дынаміку ва ўсіх сектарах, акрамя будаўніцтва, – адзначыў ён у эфіры АНТ.

За апошнія сем гадоў намінальны заробак у будаўніцтве ў пералічэнні на даляры ўпаў на 20%, колькасць занятых у будаўніцтве скарацілася на чвэрць!

Экспэрты мяркуюць, што крызіс у будаўніцтве – адзін з паказчыкаў неэфектыўнасці беларускай эканамічнай мадэлі, а заняпад сферы заканамерны пасля яе штучнага ўзлёту за кошт льготнага фінансавання.

– У будаўніцтва накіроўвалі не заробленыя эканомікай грошы, а эмісійныя, надрукаваныя на станку, што потым дрэнна адбілася на эканоміцы, – кажа Вадзім Ёсуб, старэйшы аналітык «Альпары». – Некалькі гадоў таму гэтая мыльная бурбалка лопнула – льготнае крэдытаванне скарацілася, аб'ёмы будаўніцтва ўпалі. Таму будаўнічая галіна апынулася ў той сітуацыі, у якой цяпер знаходзіцца, і чакаць яе ўзлёту найбліжэйшым часам наўрад ці варта.

«Думаў, дзяцей да школы адзену»

Баранавіцкія будаўнікі кажуць, што іх становішчу цяпер «мала хто зайздросціць», заробкаў «ледзь на прадукты стае». Каб хоць крыху падзарабіць, некаторыя падпрацоўваюць у родным горадзе, некаторыя адпраўляюцца на заробкі ў іншыя краіны.

Пяцёра будаўнікоў, якія працуюць у адным з баранавіцкіх прадпрыемстваў, паспрабавалі сябе ў якасці гастарбайтэраў у Маскве. Мужчыны распавядаюць, што ў жніўні іх знаёмы прапанаваў ім паехаць на заробкі ў Расею – зрабіць перагародкі з гіпсакардону ў аўтасэрвісе ў Маскве, магчыма, пакласці плітку.

– Мы ўзгаднілі расцэнкі, усіх усё задаволіла. Ён паабяцаў, што нас выдадуць заробак перад ад'ездам назад, – распавядае адзін з мужчын.

Зарабіць за паўтара месяцы будаўнікі павінны былі па 70-80 тысяч расейскіх рублёў (прыкладна па 1,2 тысячы даляраў). На прадпрыемстве мужчыны напісалі заявы за свой кошт.

– Думаў, хоць дзяцей да школы адзену-абую, – кажа адзін з работнікаў.

«Рабіце тое, што кажуць»

Па прыездзе ў Расею беларусаў засялілі ў вагончык. Афіцыйна не працаўладкавалі.

– Паказалі аб'ект – сямнадцаціпавярховік. Без ліфта трэба было падымаць бетон на паверхі, – распавядае адзін з будаўнікоў. – Мы сказалі, што дамаўляліся на іншую працу, але нам адказалі, што матэрыялаў для гіпсакардонных перагародак пакуль няма, таму рабіце тое, што кажуць.

Потым мужчын «перакінулі» на яму ў аўтасэрвісе, затым – на будаўніцтва гаража. Да працы на перагародках ў аўтасэрвісе, куды яны першапачаткова ехалі, прыступілі толькі праз два тыдні.

Будаўнікі разумелі, што не паспеюць здаць працу ў тэрмін, і папярэдзілі пра гэта начальства. Ім адказалі: «не перажывайце, колькі зробіце, за столькі і заплацім».

«Каб выжыць»

Каб зрабіць больш, працавалі па 11 гадзін на дзень, амаль без выходных. Жылі ў вагончыку. Такіх вагончыкаў з рабочымі стаяла шмат.

– Там было нямала беларусаў. І тынкоўшчыкі, і бетоншчыкі. Нават з Баранавічаў мы былі не адныя, – распавядае адзін з мужчын.

Бытавыя ўмовы, са слоў будаўнікоў, не былі ідэальнымі, але прымальнымі – гатавалі на пліце ў вагончыку, у прыбіральні і па ваду хадзілі ў суседні вагон.

– Мы не звыклі да раскошы. Грошы ж прыехалі зарабляць, а не ў палацы жыць, – кажа адзін з мужчын.

На тыдзень кожнаму авансам выдавалі па паўтары тысячы расейскіх рублёў (крыху больш за 26 даляраў). Гэтых грошай, распавядаюць мужчыны, ледзь ставала на тое, каб выжыць.

– Куплялі ўсё самае таннае – макароны, грэчку, вельмі рэдка маглі сабе дазволіць адну курыцу на пяцёх, – кажа адзін з мужчын. – Мусіць, нас спецыяльна плацілі так мала, каб мы не змаглі з'ехаць (білет каштуе значна даражэй), але і з голаду не памерлі.

Камандавалі на будоўлі двое мужчын з Воршы.

– Гэтыя прайдзісветы, па-іншаму іх не назавеш, проста здзекаваліся з нас. Сабак кармілі мясам, пілі каньяк, а калі мы прасілі грошай нам на ежу, адказвалі, што няма, – распавядае адзін з іх мужчын.

Добра, што хоць на дарогу выстарчыла

Нарэшце мужчынам сказалі, што калі заказ не гатовы, то і грошай не будзе.

– Нас проста падманулі. Спачатку кідалі на іншыя аб'екты, цягнулі гуму, не везлі матэрыялы – мы фізічна не маглі скончыць гіпсакардон, – распавядае адзін з мужчын.

Будаўнікі разумелі, што, калі яны не вернуцца ў Баранавічы да 1 кастрычніка, іх звольняць тут. У канцы верасня яны надумалі ехаць дадому. Ім выдалі прыкладна па 10 тысяч расейскіх рублёў і сказалі, што астатняе яны ўжо атрымалі ў выглядзе авансаў.

– Атрымліваецца, што за паўтара месяца я зарабіў блізу 340 даляраў – чацвёртую частку ад таго, што абяцалі, – абураецца адзін з мужчын. – Прыехаў дадому амаль з пустымі кішэнямі. Добра, што хоць на дарогу выстарчыла.

Да рабочых грошы не даходзяць

Суразмоўцы сцвярджаюць, што такім жа чынам у Расеі падманваюць многіх прыезджых будаўнікоў. З іх слоў, бетоншчыкі, якія жылі на будоўлі ў суседнім вагончыку, таксама з'ехалі амаль ні з чым: з абяцаных 90 тысяч расейскіх рублёў ім заплацілі толькі траціну.

– Людзі едуць ад безвыходнасці, а іх проста падманваюць, – абураецца мужчына. – Там цэлая схема наладжаная, як у сутэнёраў: начальнікі – у Воршы, а ў кожным горадзе – прадстаўнікі, якія знаходзяць рабочых. Адпраўляюць людзей у Маскву, а потым падманваюць. Можа, заказчыкі з імі і разлічваюцца, але да рабочых гэтыя грошы не даходзяць.

Як вярнуць заробак

Будаўнікі збіраюцца звяртацца ў праваахоўныя органы, але ці ўдасца ім атрымаць заробленыя грошы, невядома.

Са слоў юрыста Сяргея Зікрацкага, запатрабаваць заробак будаўнікам у гэтым выпадку можна толькі з заказчыка, на аб'екце якога яны працавалі.

– Ім трэба звярнуцца з пазовам у суд паводле месца знаходжання адказчыка, гэта значыць у Расеі. Дамагчыся заробленых грошай было б прасцей, калі б была аформленая дамова. Але адсутнасць працоўнай дамовы ў пісьмовай форме не кажа аб яе несапраўднасці, – кажа юрыст. – Калі няма дамовы, людзі маюць права выкарыстоўваць іншыя довады (паказанні сведак, перапіску), якія пацвярджаюць, што яны сапраўды там працавалі, які аб'ём працы выканалі, якія сумы ім абяцалі.

Задумацца аб перанавучанні

Эканамісты кажуць, што «ажывіць» будаўніцтва ў Беларусі найбліжэйшым часам наўрад ці атрымаецца. Праз крызіс ні прыватны бізнэс, ні дзяржава не здольныя укладваць у яго вялікія грошы. А ў звычайных людзей на гэта няма сродкаў.

Пры гэтым экспэрты мяркуюць, што беларускім будаўнікам пара перастаць успрымаць Расею як краіну, дзе можна зарабіць велізарныя грошы. Праз наступствы крызісу будаўнічы бум у Расеі прайшоў.

– Беларускім будаўнікам трэба задумацца аб перанавучанні, а не скардзіцца на нізкія заробкі і няўдалыя заробкі, – кажа Вадзім Ёсуб.

Напісаць каментар 73

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках