20 красавiка 2024, Субота, 4:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Справа вайскоўца: Як расследуюць выпадкі гібелі жаўнераў у Беларусі

15
Справа вайскоўца: Як расследуюць выпадкі гібелі жаўнераў у Беларусі
АЛЯКСАНДР КОРЖЫЧ

Выбух абурэння здарыўся ў Беларусі ў сувязі з гібеллю жаўнера тэрміновай службы Аляксандра Коржыча.

Рэпартаж пра сітуацыю публікуе сёння «Нямецкая хваля».

Блізу 15 крымінальных спраў распачата ў Беларусі ў сувязі з гібеллю 21-гадовага шарагоўца Аляксандра Коржыча, «прыкладна столькі ж фігурантаў», паведаміў журналістам у сераду, 15 лістапада, генпракурор Аляксандр Канюк. Прадстаўнікі ўладаў спасылаюцца на статыстыку і запэўніваюць, што вастрыня праблемы суіцыду ў беларускім войску за апошнія два дзесяцігоддзі значна знізілася.

Аднак сваякі загінулых жаўнераў, адзначаюць назіральнікі, ніколі раней не патрабавалі так актыўна і публічна правядзення справядлівага расследавання, як у выпадку з Аляксандрам Кожычам.

Тры версіі гібелі Коржыча

3 кастрычніка жаўнер тэрміновай службы Аляксандр Коржыч быў знойдзены павешаным у пятлі з дзягі ў склепе медроты 72-га аб'яднанага вучэбнага цэнтра (АНЦ) у Печах. Ён быў са звязанымі нагамі і майкай на галаве.

З 26 верасня, калі Коржыча выпісалі з санчасткі, да 3 кастрычніка, калі маці патэлефанавалі з вайсковай часткі і паведамілі пра смерць жаўнера, родныя не маглі да яго датэлефанавацца. Дзе быў шараговец Коржыч гэтыя дні, высвятляе следства.

Першапачаткова прычынай яго гібелі быў названы суіцыд. Цяпер разглядаюцца тры версіі: давядзенне да самагубства як следства нестатутных дачыненняў, забойства з матываў асабістых непрыязных стасункаў, самагубства праз псіхалагічную траўму.

Вінаватых і меру іх пакарання Мінабароны не называе

Смерць Коржыча - не адзіная ў ВС Беларусі ў 2017 годзе, вядома пра гібель яшчэ трох жаўнераў. Мінабароны, як правіла, не паведамляе падрабязнасцяў расследаванняў гэтых выпадкаў. Гібель жаўнера (ягонае імя высветліць не ўдалося) 19 студзеня ў 72-м АНЦ у Печах падчас практыкаванняў на пляцы ў вайсковым міністэрстве адмовіліся каментаваць «з этычных прычын», абмежаваўшыся заявай, што смерць «не звязаная з праходжаннем вайсковай службы».

25-гадовы мянчук Арцём Басцюк, які адслужыў паўгода ў адной з вайсковых частак у Барысаве, загінуў 31 сакавіка. За тры тыдні да гэтага ў прысутнасці бацькоў ён распавёў камандзірам пра нестатутныя дачыненні і ціск на яго. Афіцыйная прычына смерці Басцюка - суіцыд. Як і ў 19-гадовага Паўла Старанкова. Ягоныя парэшткі знайшлі ў лютым 2017-га. Вядома, што Старанкоў знаходзіўся ў вышуку з лістапада 2016 года.

Прэс-сакратар Мінабароны Уладзімір Макараў заявіў, што па факце суіцыду Басцюка адхіленае ад пасады ўсё камандаванне палка на чале з камандзірам. Але прозвішчы вінаватых і меру іх пакарання Мінабароны не называе.

Упершыню ў Беларусі гібель жаўнера выклікала такі рэзананс

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, атрыманай ад адвакатаў і работнікаў вайсковым устаноў, толькі за 6 гадоў (з 2006-га да 2012 года) у беларускім войску загінулі больш за 30 вайскоўцаў, распавёў у інтэрв'ю DW Яўген Асіеўскі, у мінулым актывіст ініцыятывы «За альтэрнатыўную грамадзянскую службу».

Але ніколі раней за ўсю гісторыю суверэннай Беларусі родныя загінулых жаўнераў не праяўлялі такой настойлівасці і жадання дамагчыся справядлівасці, як маці Аляксандра Коржыча Святлана. Яе падтрымалі СМІ і грамадскасць. Петыцыю «Спыні самавольства ў войску - пратэстуй супраць дзедаўшчыны!» з патрабаваннем адстаўкі кіраўніка Мінабароны РБ падпісалі 11 650 грамадзян.

Яе ініцыятары, гомельскія праваабаронцы Леанід Судаленка і Андрэй Стрыжак, у звароце апісалі эпізоды, якія пацвярджаюць факты дзедаўшчыны і самавольства ў войску. Адзін з іх - сведчанне Святланы Коржыч пра тое, што казаў ёй сын: «Мама, я нагледзеўся тут такіх жахаў. Адзін раз устаў уначы, заходжу ў туалет, а там хлопец вісіць, я пачаў крычаць, прыбеглі яшчэ тры чалавекі, і мы яго выратавалі. Ніводзін сяржант нават не паварушыўся».

Што абурае і насцярожвае?

У петыцыі гаворыцца пра тое, што супрацоўнік бюро рытуальных паслуг, які пераадзяваў Коржыча перад пахаваннем, «адразу звярнуў увагу на гематомы на лбе, у пахвіне і на жываце». У сувязі з гэтым Судаленку насцярожвае заява следства аб тым, што на целе загінулага няма пашкоджанняў, акрамя следу ад павешання, а таксама тое, што невядомае месцазнаходжанне жаўнера, які ўбачыў Коржыча павешаным.

Аўтары петыцыі падкрэсліваюць, што Мінабароны не выступіла са зняпраўджваннем паводле аніводнага апісанага ў СМІ факта, звязанага са смерцю шарагоўца Коржыча: пра здзекі, вымагальніцтва, растрату камандзірамі грошай, пералічаных сваякамі і сябрамі жаўнера на ягоную просьбу на банкаўскую карту.

Абурэнне выклікала і рэакцыя Мінабароны на ўсе звароты і патрабаванні грамадзян разабрацца ў трагедыі. «Іх успрынялі як злосныя нападкі на войска, што сведчыць аб баязлівасці, крывадушнасці і маральнай дэградацыі некаторых палкоўнікаў і генералаў у цэнтральным апараце Мінабароны», - упэўнены Андрэй Паротнікаў, кіраўнік аналітычнага цэнтра Belarus Security Blog.

На ягоную думку, амаральна павёў сябе міністр абароны Раўкоў, які паводле закона персанальна адказвае за стан спраў у войску: ён выказаў спачуванне сям'і толькі праз два тыдні пасля выяўлення цела Аляксандра Коржыча, і не асабіста, а праз журналістаў.

Насцярожвае назіральнікаў і тое, што, паводле звестак Следчага камітэта, у сувязі з расследаваннем гібелі Коржыча ўзятыя пад варту восем сяржантаў, прапаршчык і толькі адзін афіцэр. Справы распачатыя паводле артыкулаў КК «злоўжыванне ўладай», «махлярства» і «нестатутныя дачыненні». У адрозненне ад родных Аляксандра Коржыча, у якіх з'явілася надзея на сумленнае расследаванне, большасць блізкіх іншых загінулых жаўнераў нават не спрабуюць патрабаваць новых разглядаў і адмаўляюцца камунікаваць з СМІ.

«Як вы так хутка прыехалі»

«Калі прыехалі ў частку і, мяркуючы з таго, як з намі размаўлялі, спадзяванняў на рэальнае расследаванне не было ніякіх. З Пінска ў Печы мы разам з мамай і блізкімі прыехалі а чацвёртым гадзіне раніцы 4 кастрычніка. Сустрэлы нас камандзір усё паўтараў: «Як вы так хутка прыехалі», - распавядае ў інтэрв'ю DW блізкі сябар Аляксандра Коржыча Ілля Казубоўскі. Ён спадзяецца, што пасля таго, як гібель Сашы атрымала такую шырокую агалоску, і пра гэта даведаўся прэзідэнт, расследаванне «будзе не такое, як было б без гэтага».

На запыт DW аб ходзе расследавання прычын смерці Аляксандра Коржыча і трох іншых жаўнераў беларускага войска, якія загінулі ў 2017 годзе, а таксама аб колькасці крымінальных спраў, звязаных з нестатутнымі дачыненнямі ў ВС Беларусі, Мінабароны не адказала.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках