У Ельску міліцыя збіла чарнобыльскага ліквідатара
21- 18.11.2017, 21:28
- 41,426
ФОТА: SVABODA.ORG
Васіль Сіліверст знаходзіцца ў раённым шпіталі пасля «затрымання» міліцыяй.
Чарнобыльскі ліквідатар, інвалід II групы Васіль Сіліверст, які прыехаў з Калінкавічаў у Ельск, шпіталізаваны ў раённы шпіталь пасля затрымання міліцыяй.
«Ляжу пад кропельніцай - крывяны ціск медыкі збілі з 240 да 220. Вельмі дрэнная кардыяграма. І накіроўваюць ў Мазыр на судмедэскпэртызу ў сувязі з сінякамі на левай руцэ і назе», - паведаміў «Свабодзе» Сіліверст.
Пасля абеду чарнобыльскі ліквідатар ехаў на веласіпедзе з вуліцы Маскоўскай у цэнтр Ельску ў аптэку - па лекі для маці. Ехаў, як распавядае, па ходніку, а дзе іх не было - па праезнай частцы.
«Мяне падрэзаў на міліцэйскім аўто старшы лейтэнант Анішчанка. Патрабаваў ехаць у міліцыю. Схапіў за рукаў, паваліў, душыў, хацеў надзець кайданкі. Затрымлівалі мяне двойчы. Думаю, што пераследуюць за тое, што я пішу скаргі на бяздзейнасць міліцыі. Увесну мяне збіў малады мужчына, ды так, што губу знутры сшывалі, а ў міліцыі на гэта заплюшчваюць вочы. Пракуратура ўжо чатыры разы касавала закрыццё справы ў сувязі са збіццём», - кажа Васіль.
У дзяжурнай частцы Ельскага РАУС паведамілі, што Сіліверст, праязджаючы на ровары, парушыў правілы дарожнага руху. Яго затрымліваў старшы лейтэнант Анішчанка. Міліцыі, маўляў, дазволена ўжываць і спецсродкі. Сіліверст паспеў патэлефанаваць на 102. На здарэнне выязджаў супрацоўнік раённага аддзела Следчага камітэта, які і павінен разабрацца, што адбылося ў цэнтры горада з удзелам чарнобыльскага ліквідатара і міліцыянтаў.