24 красавiка 2024, Серада, 7:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вайскоўцы могуць прыйсці па «тоўстага ката» з Драздоў

75
Вайскоўцы могуць прыйсці па «тоўстага ката» з Драздоў

Але найлепш, калі ўладу ў краіне мірна памяняе народ.

Адной з галоўных міжнародных падзей тыдня стала адхіленне ад улады кіраўніка Зімбабвэ Роберта Мугабэ. Вайскоўцы афрыканскай краіны назвалі сваю аперацыю «бяскроўнай карэкцыяй».

Якія высновы можна зрабіць пасля падзення дыктатуры ў Зімбабвэ? Ці ёсць нейкія паралелі паміж падзеямі ў гэтай краіне і тым, што адбываецца ў Беларусі?

На гэтае і іншыя пытанні Charter97.org адказвае вядомы беларускі рэжысёр Юры Хашчавацкі.

– Вайскоўцы адхілілі ад улады Мугабэ – найстарэйшага дыктатара ў свеце. Ці ёсць у скіданні дыктатара-доўгажыхара нейкі сімвал, нейкі знак для Беларусі?

– Знак у гэтых падзеях для беларусаў, безумоўна, ёсць. Давайце прааналізуем: вайскоўцы скінулі дыктатара. Наколькі я ведаю, у сённяшняй Зімбабвэ вельмі вялікі палітычны і эканамічны ўплыў Кітая. І тыя, хто скідаў гідкага дыктатара Мугабэ, напярэдадні «бяскроўнай карэкцыі» ездзілі ў Кітай. І мяркуючы з таго, як усё гэта адбывалася, атрымалі ў Кітаі поўнае ўхваленне.

У выніку дыктатар, які кіраваў краінай 37 гадоў, загінуў у лічаныя гадзіны. Чаму? Таму што гэты чалавек кіраваў, абапіраючыся на сілу тых жа вайскоўцаў, а не на народнае прызнанне і законы.

У гэтым сэнсе я бачу некалькі цікавых момантаў. Па-першае, часы дыктатураў так ці інакш пачынаюць сыходзіць. Таму што любая дыктатура валодае адной галоўнай уласцівасцю: ёй патрэбны бедны, жабрацкі народ, які цалкам пад яе ярмом. І ў такім стане дыктатары і стараюцца ўтрымаць грамадства. У выніку яны не могуць па-сапраўднаму спадзявацца на падтрымку людзей і становяцца закладнікамі сваёй палітыкі.

Напрошваецца і другая выснова, наўпрост звязаная з сітуацыяй у Беларусі. Рэч у тым, што ў нас у суседстве таксама ёсць краіна, у якую беларускія вайскоўцы могуць паехаць параіцца – перад тым, як зняць нашага дыктатара. І мы добра ведаем, што гэта за краіна і што там цалкам могуць даць «дабро». І ніхто ў Беларусі не стане абараняць чалавека, які выціскае з насельніцтва апошнія сокі, каб пабудаваць сабе чарговую рэзідэнцыю або з шыкам адпачыць у Арабскіх Эміратах, каб лётаць на сваім шыкоўным «Боінгу» і пры гэтым крычаць пра «тоўстых катоў», якія атрымліваюць дзве тысячы рублёў штомесяц у банках.

Але на самай справе ў Беларусі, як і ў Зімбабвэ, існуе толькі адзін «тоўсты кот», які таксама сябе прызначыў дыктатарам. Гэты «тоўсты кот» з Драздоў сёння абапіраецца толькі на сілавыя структуры, і мы ўсе бачым, як гэтыя структуры ў выпадку, калі ім выгодна, дыктатара здымаюць. Цяпер такі сцэнар – вельмі распаўсюджаная з'ява, і так яно і можа на самай справе здарыцца.

Што ж датычыцца беларускага народа, то зразумела, што ніхто падтрымліваць цяперашнюю ўладу ў выпадку чаго не будзе. І тыя ідыёцкія выдумкі, што «Лукашэнка гарант суверэнітэту» – падман, які можа дорага абысціся для паверылых у яго. Адзіная правільная выснова, якую мы сёння можам зрабіць для грамадзянаў Беларусі – гэта тое, што пастанаўляць лёс сваёй краіны мы павінны самі. Пачаць змагацца за сябе і за сваю краіну – вось чаго патрабуе ад нас сучаснасць. А не чакаць таго, як вызваленне ад дыктатуры прыйдзе паводле сцэнара Зімбабвэ.

– Лукашэнку заўсёды хваляваў лёс аўтарытарных кіраўнікоў. Калісьці ён запрасіў у Менск скінутага Курманбека Бакіева. Як вы думаеце, Лукашэнка моцна напалоханы?

– Ды ён даўно напалоханы! Лукашэнка напалоханы з самых першых дзён знаходжання ва ўладзе. Ён вельмі баіцца страціць уладу, а з цягам часу, бачачы, як яе страчваюць ягоныя сябры і калегі, ён робіць для сябе высновы.

Толькі высновы Лукашэнка робіць аднабаковыя: павялічвае сілавыя структуры і пашырае іхнія паўнамоцтвы. На іхняе ўтрыманне адыходзіць усё большая і большая частка бюджэтнага пірага. «Сілавікі» і спецслужбы каштуюць ужо больш, чым адукацыя і медыцына разам узятыя.

Але на самай справе ўсё гэта дарэмна. Для ўмацавання ўлады неабходна рабіць зусім іншае: трэба клапаціцца пра тое, каб людзі тваю ўладу любілі і паважалі, а не баяліся.

Устоіць толькі тая ўлада, якую падтрымлівае народ. А наш народ Лукашэнку ненавідзіць, і мы гэта добра ведаем. Таму любыя пачынанні дыктатара цяпер ні да чаго не прыводзяць, што б ён ні рабіў – становіцца толькі горш.

Зразумела, што Лукашэнка цяпер вельмі баіцца. Ён бачыць перад сабой лёс Кадафі, Чаўшэску, Мугабэ і іншых дыктатараў. Я не хацеў бы апынуцца на ягоным месцы.

– Вясной 2001 года, пасля арышту Мілошавіча, беларусы выходзілі на вуліцы з лозунгам «Слабадан гатовы – Саша будзь гатовы», падкрэсліваючы, што менавіта акцыі пратэсту прывядуць да пераменаў у Беларусі. Што трэба рабіць для таго, каб лёс нашай краіны залежаў ад народа, а не ад інструкцыяў, атрыманых вайскоўцамі ў суседзяў?

– У нас ёсць для гэтага сілы і магчымасці, паверце. Людзі проста павінны навучыцца падтрымліваць адно аднаго. Салідарнасць павінна стаць часткай паўсядзённай культуры беларусаў.

Паглядзіце: былі цудоўныя ў сваёй сіле акцыі пратэсту прадпрымальнікаў, былі маршы студэнтаў у цэнтры Менска усё часцей узнікаюць стыхійныя бунты на прадпрыемствах. Але для поспеху не хапае аднаго – каб усе падтрымалі кожны з выступаў. Навучыцца быць разам перад тварам праблемаў – гэта цяпер самае важнае.

Я бачу, што моладзь арыентуецца не на тое, чаму вучыць афіцыйная прапаганда, а на стандарты вольнага свету. Маладыя людзі ў Беларусі ўжо па-іншаму разумеюць задачы ўзаемадапамогі і салідарнасці, па-іншаму бяруцца за справу. З беларускай моладдзю ў мяне звязаныя сур'ёзныя надзеі на перамены.

Але не трэба думаць, што нехта прынясе нам залаты чароўны ключык і адчыніць патаемныя дзверцы ў светлую будучыню. Такога ключыка проста няма. Кожнаму трэба пачаць змяняць сябе і навучыцца быць салідарным, вучыцца падтрымліваць адно аднаго і змагацца за сябе і краіну ўсім разам.

Напісаць каментар 75

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках