29 сакавiка 2024, Пятніца, 0:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Уся дзедаўшчына адбываецца з ведання камандзіраў усіх рангаў»

26
«Уся дзедаўшчына адбываецца з ведання камандзіраў усіх рангаў»

Войска стала люстэркам усталяванай у краіне сістэмы дзяржаўнай хлусні.

Трагічная гібель у Печах салдата тэрміновай службы Аляксандра Коржыча ўскалыхнула беларускае грамадства.

Наконт праблемаў дзедаўшчыны ў рэдакцыю «Белгазеты» напісаў чытач Іван Ількевіч:

Толькі магчымасць агучыць тое, што адбываецца ў войску, у СМІ магла б мінімізаваць праблему. Будуць баяцца пісаць? Так, вайскоўцы магчыма, але адслужылыя пры наяўнасці даверу да выдання без праблемаў раскажуць усё з імёнамі і прозвішчамі – боязь агалоскі можа быць сур'ёзнай матывацыяй для патэнцыйнага парушальніка закона.

На жаль, існая ў краіне сістэма прыхарошвання сітуацыі не можа абмінуць армію як зрэз грамадства. Камандзіраў усіх рангаў ацэньваюць, на жаль, паводле прыгожым паказнікаў. Выяўленне нестатутных узаемаадносінаў вельмі негатыўна адбіваецца на службе ўсіх камандзіраў – ад узводнага да камандзіра часткі. Хоць, праверана на ўласным досведзе, правядзенне выязнога трыбунала ў частцы як мінімум на паўгода здымае напал «нестатутных адносінаў». Уся «дзедаўшчына» адбываецца з ведання камандзіраў усіх рангаў, сцвярджаю з поўным перакананнем. А ёсць яшчэ афіцэры-выхавальнікі, афіцэры-псіхолагі – якая іхняя кампетэнцыя ў галоўнай навучальнай частцы краіны?

Зразумела, элітны гарнізон, побач са сталіцай, камандзір часткі выхадзец з роты ганаровай варты, акрамя страявога кроку, нічога не ведае. Ды і, мяркую, большасць афіцэраў з добрымі сувязямі адбываюць «свой нумар» у частцы ў чаканні цёплага штабнога месца. У вучэбнай частцы павінны служыць асаблівыя афіцэры, прапаршчыкі і сяржанты. Якія валодаюць як прафесійнымі, так і выхаваўчымі навыкамі. Міма ўвагі прэсы праходзіць адзін цікавы момант: у кожнай часткі ёсць куратар з КДБ (адмысловы аддзел), вось ягоная праца ацэньваецца якраз колькасцю выкрытых злачынстваў. Яны абавязаныя ўмець атрымліваць інфармацыю, не падстаўляючы пад небяспеку ейную крыніцу.

Чаму КДБ маўчаў пра ўзнікненне небяспечнай сітуацыі ў элітным вайсковым гарнізоне? Змова спецслужбаў? Міністр МУС заявіў, што сітуацыя з'яўляецца ганьбай для ўсіх людзей у пагонах. Выдатна! Але хіба органы МУС не ведалі пра бязладдзе ў гарнізоне? Не маглі не ведаць, але маўчалі і бяздзейнічалі.

Армія не інстытут высакародных дзяўчатаў. Вайсковыя будні патрабуюць ад усіх вайскоўцаў сілы волі, настойлівасці і мужнасці, а ад камандзіра яшчэ і пісьменнасці, мэтанакіраванасці, а часам і жорсткасці. Нармальнае кіраванне дасягаецца ўмелым спалучэннем мераў пераканання і прымусу. Але прыніжэнне падначаленага недапушчальнае, і яго няма ў баявых падраздзяленнях, бо адмарозак напэўна атрымае гранату пад ногі ці кулю.

Калісьці на вайсковай кафедры Беларускага політэхнічнага інстытута генерал-франтавік казаў літаральна наступнае: «Не думайце, што лёгка паднімеце падначаленых пад кулі адным толькі загадам, часцяком дэманстрацыя пісталета дадае мужнасці». На жаль, ён меў рацыю.

Калісьці, на світанку станаўлення беларускай арміі, існавала выдатная практыка – на выходныя і святочныя дні вялікая частка вайскоўцаў, не задзейнічаных у забеспячэнні жыццядзейнасці часткі, адпускалася ў кароткатэрміновыя адпачынкі. З улікам памераў нашай краіны кожны вайсковец за 4–6 гадзін даязджаў дадому. Мог дапамагчы бацькам, сустрэцца з сябрамі і да т. п. Гэта давала камандзіру вельмі эфектыўны механізм у кіраванні – кожны салдат ведаў, што пры годным стаўленні да службы адзін раз на месяц ён атрымае адпачынак.

Акрамя таго, гэта была і эканомія рэсурсаў – суткі харчавання салдата каштуюць грошай. Для афіцэраў была магчымасць больш часу праводзіць з сям'ёй. Потым гэтую «дэмакратыю» засяклі. Цяпер выходныя і салдаты, і афіцэры бессэнсоўна праводзяць у частцы. А ў камандзіра няма ніякіх рычагоў заахвочвання салдата. Назваць карыснымі большасць «выхаваўчых» мерапрыемстваў, якія праводзяцца ў частцы, язык не паварочваецца.

Я ніколі не планаваў быць вайскоўцам, але праз 2 гады пасля інстытута лёс распарадзіўся інакш. У выніку 16 гадоў, 8 гарнізонаў у 3 акругах ад Камчаткі да Іранскай мяжы. Усе пасады – ад камандзіра ўзвода да камандзіра часткі. Ні пра што не шкадую, нягледзячы на тое, што бывала ўсякага – не загінуў, службай ганаруся, з таварышамі ў службе, салдатамі кантакты падтрымліваю. І калі я сёння яшчэ запатрабаваны, то войска ў тым заслуга вялікая.

Напісаць каментар 26

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках