23 красавiка 2024, aўторак, 18:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Судаленка: Будзем дамагацца забароны «сельскагаспадарчай» працы школьнікаў

13
Судаленка: Будзем дамагацца забароны «сельскагаспадарчай» працы школьнікаў
ЛЕАНІД СУДАЛЕНКА

Адмову суда распачаць справу аб пазбаўленні права на жыццё дзіцяці перагледзіць касацыйная інстанцыя.

Бацька загінулай на ўборцы бульбы школьніцы з Маладзечна Алег Папчэня ў прыватнай скарзе просіць касацыйную інстанцыю Менскага абласнога суда скасаваць вызначэнне суда Маладзечанскага раёна пра неадпаведнасць скаргі суду і накіраваць справу на новы разгляд у той самы суд іншаму суддзю. Дата касацыі ў абласным судзе прызначаная на 4 снежня (панядзелак), паведамляе gomelspring.org.

Нагадаем, бацькі, якія страцілі адзіную дачку, прасілі раённы суд прызнаць райвыканкам, аддзел адукацыі, сярэднюю школу, а таксама Міністэрства адукацыі вінаватымі ў пазбаўленні жыцця іх дачкі. У якасці мераў агульнага характару сям'я прасіла суд абавязаць дзяржорганы прыняць заканадаўчыя і іншыя меры, якія дазваляюць пазбегнуць падобных трагедыяў з дзецьмі ў будучыні.

Пералічваючы вінныя дзеянні Мінадукацыі, Алег Папчэня ў першую чаргу спасылаўся на «Праграму бесперапыннага выхавання дзяцей і вучнёўскай моладзі», зацверджаную на 2016 – 2020 гады. Гэты нарматыўны акт не ўтрымлівае прамой забароны на выкарыстанне школьнікаў пры сельгаспрацах, што, на ягоную думку, і ў будучыні не можа выключыць трагедыяў на калгасных палях.

«Адсутнасць на заканадаўчым узроўні забароны выкарыстання дзіцячай працы прывяла да выдання 30 верасня мінулага года чыноўнікамі Маладзечанскага райвыканкама распараджэння “Пра дапамогу ва ўборцы бульбы ў ААТ Усход-Агра”, што ў канчатковым выніку і прывяло да пазбаўлення нашай дачкі права на жыццё», – заявіў у скарзе суду Папчэня.

Для выканання распараджэння райвыканкама чыноўнікі аддзела адукацыі папрасілі падначаленыя школы «дапамагчы ва ўборцы бульбы» сіламі школьнікаў, тыя ў сваю чаргу знялі вучняў з заняткаў і адвезлі іх у палі. «Усё рабілася ў рамках выхаваўчай працы, а менавіта, у рамках акцыі “Дапамажы сабраць ураджай” – такая форма грамадска-карыснай працы не забароненая ў нас», – (з паказанняў у судзе прадстаўнікоў адукацыі).

Прававы інспектар працы незалежнага прафзвяза РЭП Леанід Судаленка, які кансультуе сям'ю, адзначае, шматлікія суды не далі адказу на пытанне, якім чынам школьніца, якая не дажыла да 14-гадовага ўзросту, апынулася «на бульбе» ў полі.

«Любая праца дзяцей ва ўзросце да 14 гадоў у краіне забароненая Працоўным кодэксам. Акрамя таго, удзел вучняў у сельгаспрацах падчас вучэбных заняткаў з'яўляецца прамым парушэннем артыкула 89 Кодэкса аб адукацыі. Як бачым, гэтых забаронаў стала недастаткова, каб пазбегнуць трагедыі. Будзем дамагацца прамой забароны на “сельскагаспадарчую” працу школьнікаў», – адзначыў прафзвязны юрыст.

Вядома, што пасля гібелі летась 13-гадовай Вікторыі Папчэні вымовы атрымалі дырэктар школы, дзе вучылася дзяўчынка, і кіраўнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Маладзечанскага райвыканкама. Кіроўца грузавіка, а таксама настаўніцы школы, якія суправаджалі дзяцей у поле, пакараныя ў крымінальным парадку.

У выпадку адмовы ў адкрыцці справы і разгляду прэтэнзіяў забітай горам сям'і ў сутнасці плануецца падняць пытанне наконт пазбаўлення дзяржавай права на жыццё дзіцяці праз выкарыстанне забароненай дзіцячай працы на міжнародным узроўні, сярод іншага, у Камітэце ААН у правах чалавека.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках