16 красавiка 2024, aўторак, 14:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларус са сцягам распавёў, як прабег Афінскі марафон

1
Беларус са сцягам распавёў, як прабег Афінскі марафон
Дмитрий Егоров

Зміцер Ягораў прабег больше за 42 км, каб на вяршыні разгарнуць свой сцяг.

Марафон у Афінах быў для мяне непрыступнаю гарою, да якой я падышоў і з жахам глядзеў на далёкую вяршыню. Скарыць яе можна толькі крок па кроку, і пачынаць трэба ўжо цяпер. Каб на вяршыні разгарнуць свой сцяг. І зразумець, што ўсё не было дарма.

Для мяне марафон пачаўся з… шакаладнага пячэння браўні. Адмысловыя аўтобусы завезлі тысячы бягуноў з Афінаў у Марафон за 2-3 гадзіны да старту. І пакуль частка народу пераапраналася ці разміналася, я... усеўся есці пячэнне, запіваючы яго міндальным малаком. Мне трэба шмат вугляводаў, шмат энергіі – каб даляцець да фінішу, даляцець не больш як за 4 гадзіны. Такія вось дзве вымяральныя мэты. З не вымяральнага – напоўніцу атрымаць асалоду ад краявідаў, атмасферы, удзелу ў гэткай гістарычнай дыстанцыі.

На марафоне не бывае выпадковых людзей і выпадковых сустрэчаў. І я зусім не здзівіўся, калі за гадзіну да старту нос да носу сутыкнуўся з бегавой сястрою Крысцінай Вязоўскай. Мы паралельна рыхтаваліся да марафону – яна ў Менску, я ў Варшаве, але шмат перапісваліся і дзяліліся думкамі.

Дзесяць хвілінаў медытацыі: я сяджу на стадыёне і ўпершыню, напэўна, я гляджу на свае ногі як на... інструмент. Нешта асобнае і назелажнае ад мяне: данясуць ці не данясуць? Гэта мой першы марафон і першы раз у жыцці я прабягу больш за 35 км.

Старт

Я распачынаю ў самым апошнім блоку. Слухаўкі на вушы галаву вышэй! Перад мною ўжо стартавалі з 16 тысячаў бегуноў, яны расцягваюцца па дыстанцыі ў залежнасці ад тэмпу. Шмат з іх мне давядзецца дагнаць і абмінуць. І вось гэта ўжо мінус, лішнія затраты энергіі, лішнія манеўры. Ці мяне гэта хвалюе? А ніколькі! Я прыехаў сюды на свята, гэта мая ўзнагарода за месяцы трэніровак, асабліва за тыя, калі з дому выходзіць не хацелася.

Першыя 5 км

Павольныя бегуны трошку раздражняюць, але стартавая эйфарыя не дае шанцу негатыўным эмоцыям. Уздоўж дыстанцыі стаяць гледачы, яны крычаць і махаюць рукамі, выкрыкваючы антыпрэзідэнцкія лозунгі. Культ марафону ў Афінах і ўласна Марафоне – жыве! Тэмп усталёўваецца на запланаваных 5:30-5:40.

Грэцкія багі далі кавалак з горачкі? Карыстайся!

Здаецца, я апярэдзіў самых павольных бегуноў са свайго блоку, а «хвост» папярэдняга расцягнуўся настолькі, што дазваляе абмінаць людзей без куртых манеўраў. З 5 па 10 кіламетр траса роўная, як стол. Гэта дазваляе разагнацца і з наскоку ўзяць першую горачку на адцінку 13-16 км. А там – крута ўніз! Хуткасць расце, ногі не стрымліваю: адчуванне, што ты парыш над зямлёю!

Усмешкі валанцёраў, дзеткі ўздоўж дыстанцыі, што працягваюць руку, каб «даць пяць» – гэта зараджае неверагоднай энергіяй! Ды тут нават паліцыянты і паліцыянткі, што блакуюць скрыжаванні, усміхаюцца бегунам!

Грэцкія багі далі кавалак пад горачку? Паспрабуй выжыць!

Прыкладна з 19 кіламетра пачынаецца ўласна тое, праз што Афінскі марафон лічыцца адным з самых складаных і цяжкіх. Я не ведаю, як можна падрыхтавацца да зацяжнога на 12 кіламетраў пад'ёму. Перапад вышыні складае каля 200 метраў, здаецца, не такі ўжо і вялікі. Але менавіта тут я бачу першых «палеглых».

Мне тэлефануе жонка, але мне ўжо цяжка размаўляць: пратэлефануй пасля 33-га, цяжка.

Ратуе вада. У нагах не адчуваецца цяжкасці ці празмернай стомы, але пульс няўмольна расце. Каб не папоўніць шэрагі тых, хто спыніў забег, я мушу пільнаваць сэрца, не дазваляць пераскочыць у «чырвоную зону». Тэмп дастасоўваю да пульсу. І, так, я ўсведамляю, што з мэтаю прабегчы марафон за 4 гадзіны давядзецца развітацца.

На 31 кіламетры мне падаецца, што самае цяжкае – ужо за мною. Далей – толькі з гары, але...

...Села батарэя

Пад'ём скончыўся, я ўтрымаўся, а ні разу не перайшоў на крок, хоць часам бег вельмі павольна. Усе энергетычныя гелі зʼедзеныя, пры кожнай нагодзе я пʼю салодкі ізатонік, колу, ем батончыкі. Але гэтага мала. Я не маю сілаў для рыўка нават з горкі. Усё, што я магу – паскорыцца да 6:00, але пачынае зашкальваць пульс, я зніжаю тэмп на 20-30 секундаў. Было б крыўдна сысці з дыстанцыі пасля таго, як узяў штурмам знакамітую марафонскую горку.

Некалькі разоў я сустракаю на марафоне землякоў – беларусы бягуць у фірмовых кашульках менскага клубу Irun. «Давай пяць, Менск!» – бягун здзіўлены, але ўсміхаецца. Дасць рады.

А ці дам рады я?

Што такое 10 кіламетраў? – пытаю я сам сябе. 10 кіламетраў я часцяком прабягаў, каб думкамі адпачыць ад працы. А ў цяперашняй сітуацыі 10 кіламетраў становяцца маім монстрам, якога я мушу пажэрці па кавалачках, інакш ён зжарэ мяне.

Апошнія 10 кіламетраў на марафоне – гэта калі фінішаваць прасцей, чымся сысці з дыстанцыі.

Уздоўж трасы стаяць вялікія сцягі, на якіх напісана, колькі засталося. З кожным кіламетрам мне праз навушнікі праграма-асістэнт гаворыць, колькі кіламетраў за мною. Але я ўжо не ў стане вырашыць найпрасцейшую задачу – адняць 38 ад 42. Думкі блытаюцца. А праз секунду я ўвогуле забываюся, што ад чаго адымаць. І таму я проста бягу.

Я бачу твары заўзятараў. Кожны з іх хоча, каб я фінішаваў, ніхто не хоча, каб я ўпаў ці спыніўся. Кожны з іх зычыць мне добрага, калі праводзіць зрокам, махае рукою, крычыць нешта па-грэцку ці па-ангельску.

Я правяраю, ці на месцы сцяг: ён прычэплены да рукі з дапамогаю чахла для смартфону. Сцяг на месцы, сыход з дыстанцыі тым болей не ўваходзіць у спіс варыянтаў.

Некаторыя спартоўцы заўважна прыспешваюць. Значыць, фініш недалёка. Яны захавалі запас энергіі і цяпер найлепшае, што з ім можна зрабіць – выкарыстаць. Я гляджу на іх без зайздрасці, але з павагаю.

250 метраў

За дзень да марафону я пабываў на месцы фінішу. Побач са стадыёнам паставілі гіганцкі банер з надпісам «Засталося 250 метраў!»

Цяпер я яго бачу перад сабою. Сотні людзей стаяць паабапал трасы. На бягу я разгортваю сцяг... Не ведаю, наколькі гэта мне дадае сілаў. Але перасякаючы лінію фінішу, я адчуваю сябе папросту шчаслівым чалавекам. На секунду пачынаюць душыць слёзы і ад гэтага становіцца смешна: я ж не спартовец, які здабыў залаты медаль.

Вакол шмат бягуноў, плынь нясе мяне да столікаў з тэрмакоўдрамі, пакетамі з сокам, вадою і перакусам.

Медалька

Валанцёрка вешае мне на шыю медаль у форме стадыёна, на якім я фінішаваў. На момант гэтая дзяўчына становіцца мне ледзь не самым блізкім чалавекам, з якім я магу падзяліцца тымі адчуваннямі, што перапаўняюць мой розум і сэрца. Я ў каторы раз за сёння кажу «Thank you!», укладаючы ў гэтыя два словы ўсё, што перажыў на дыстанцыі. І ўдзячнасць за ўсе ўсмешкі, за кожны глыток вады, за кожнае слова падтрымання.

100 метраў ад фінішу

Я ўжо запакаваны ў тэрмаізаляцыйную коўдру. На маіх нагах, як чужыя, замацаваныя цягліцы, набрынутыя крывёю, канцэнтраванаю мяшанкаю адчуванняў: гудзенне, боль, пакалыванне, стома і, дзіва… па-ранейшаму гатовасць да бегу. Пры гэтым ведаю, што калі прысяду, або лягу, то ўжо так проста не падымуся. Як там мая Наталля? Яна мне тэлефанавала пасля фінішу, здаецца? Ці не? Толькі цяпер мой розум праясніўся. Ці ўсё ў парадку з Крысцінай? Я «прамаргаў» яе на трасе.

У галаве туман. На твары і на руках – белы налёт солі і пылу: на разагрэтай скуры і пад ветрам пот высыхае, а чатырохгадзіннага бегу дастаткова, каб гэтая колькасць поту пераўтварылася ў белыя крышталікі. Яны асыпаюцца, як пясок, калі пацерці лоб ці шчокі. Раз'ядае вочы, калі неасцярожна пацерці іх рукамі.

Гэтая соль – як дадатак да медалю. Медаль сведчыць пра тое, што ўсё не было дарма. Соль – пра тое, што марафон усё ж – не забаўляльны шпацыр.

Мой вынік: 04:17:33, месца 5 480

Зарэгістраваных удзельнікаў: 18 500

Фінішавалі ў межах адведзенага ліміту: 14 740

Зміцер Ягораў, 42km.tilda.ws

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках