«Француз з патронам»: Я люблю падарожнічаць, таму што люблю свабоду
12- 20.11.2017, 11:21
- 23,022
Жалан Віё, які абвінавачваецца ў «правозе патрона» праз мяжу, выступіў з апошнім словам.
У тым, што грамадзянін Францыі Жалан Віё сёння выйдзе на волю ў зале суда ніхто ўжо не сумняваецца. Бо на папярэднім пасяджэнні нават дзяржабвінаваўца прапанавала, спасылаючыся на адмысловы артыкул Крымінальнага кодэкса, прызначыць яму пакаранне ніжэйшае за прадугледжаны мінімум - а менавіта абмежавацца, хоць і немалым (6900 рублёў) штрафам і адпусціць французскага хлопца, піша tut.by. Тым не менш, суддзя ўзяла паўзу. І выхадныя абвінавачанаму давялося правесці-такі ў СІЗА.
Сёння судовае пасяджэнне пачалося з апошняга слова абвінавачанага.
- Усё сваё жыццё я стараўся быць сумленным з павагай ставіўся да законаў сваёй краіны Францыі і Вялікабрытаніі, дзе я жыву і любой іншай краіны, дзе ступала мая нага. У мяне не было намеру прыехаць сюды і ўчыніць злачынства, - заявіў Жалан.
Малады чалавек адзначыў, што прыехаў у краіну, каб наведаць сваю знаёмую. Але, нягледзячы на першы адмоўны досвед, заявіў Віё, ён не расчараваны ў Беларусі, а крануты тым, наколькі ўважлівыя былі незнаёмыя людзі, якія дасылалі пасылкі і лісты са словамі падтрымкі.
- Я люблю падарожнічаць, таму што люблю свабоду. І ніколі б не прамяняў свабоду на гэты сувенір. Яшчэ раз паўтару, што я не меў намеру ўчыняць злачынства. Гэты тэрмін ужо, думаю, дастатковы, таму што я перажыў столькі страху, столькі ўсяго, што гэта было для мяне добрым урокам...
Суд пайшоў у дарадчы пакой. Прысуд будзе агучаны а 12.30.
Нагадаем, што крыху больш за тры месяцы таму 24-гадовы француз адправіўся ў падарожжа па Еўропе: Гішпаніі, Італіі, Славеніі, Харватыі, Вугоршчыне, Аўстрыі, Славакіі. А 21 верасня Віё затрымалі пры выездзе з Беларусі ва Украіну пры праходжанні мытнага кантролю па «чырвонаму калідоры»: сярод яго рэчаў быў знойдзены патрон, які, як сцвярджае іншаземец, яму на памяць падарыў яго сябар-паляк.
Экспэртыза паказала, што патрон працоўны і можа выкарыстоўвацца ў якасці боепрыпасу. Так Віё апынуўся за кратамі. Ён абвінавачваўся адразу паводле двух артыкулаў, звязаных з незаконнымі дзеяннямі ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў і незаконным перамяшчэннем іх праз мяжу.