25 красавiка 2024, Чацвер, 9:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аляксандр Хара: У рэжыму Лукашэнкі ёсць шмат болевых месцаў

5
Аляксандр Хара: У рэжыму Лукашэнкі ёсць шмат болевых месцаў
АЛЯКСАНДР ХАРА
ФОТА: FACEBOOK

Украінскія ўлады павінны ўзмацніць ціск на афіцыйны Менск.

Такое меркаванне выказаў Charter97.org украінскі палітолаг, экспэрт фонду «Майдан замежных спраў» Аляксандр Хара:

- На мінулым тыдні ўвесь украінскі палітыкум абмяркоўваў дэмарш Беларусі на галасаванні ў ААН наконт рэзалюцыі аб парушэннях правоў чалавека ў Крыме. Беларусь падтрымала пазіцыю Расеі і прагаласавала супраць прыняцця рэзалюцыі. 17 лістапада стала вядома пра затрыманне КДБ украінскага журналіста Паўла Шаройку. Як вы ацэньваеце такую палітыку афіцыйнага Менска?

- Пачнем з таго, што я не зусім разумею, чаму ўкраінскія журналісты дазваляюць сабе ездзіць у дзяржаву, якая з'яўляецца вайскова-палітычным хаўруснікам краіны-агрэсара Расеі, з якой мы дэ-факта знаходзімся ў стане вайны.

Мне гэта вельмі складана растлумачыць, бо кожны чалавек, які цікавіцца міжнароднай палітыкай, ведае, што Менск і Масква каардынуюць сваю палітыку на ўзроўні міністэрства абароны, міністэрства замежных спраў, усе спецслужбы знаходзяцца ў цесным супрацоўніцтве і ўзаемна інтэграваныя. Выклікае шчырае здзіўленне, што нашы грамадзяне ўспрымаюць лукашэнкаўскую Беларусь, як дружалюбную Украіне краіну.

Нічога іншага мы не можам чакаць ад рэжыму, які душыць правы і свабоды сваіх уласных грамадзян. Чаму ён павінен па-іншаму ставіцца да замежных грамадзян? Усё даволі проста і лагічна.

Такія дзеянні ніяк не назавеш палітыкай сяброўскай дзяржавы. Я здзіўлены, што няма ніякага дэмаршу і тых крокаў, якія павінны быць прынятыя ўкраінскім урадам у гэтай сітуацыі.

- Як павінны рэагаваць украінскія ўлады на такія дзеянні афіцыйнага Менску?

- Ва ўкраінскага вайскова-палітычнага кіраўніцтва ёсць пэўныя ілюзіі наконт Беларусі. Яны думаюць, што калі весці з Менскам сяброўскую размову, то гэта нейкім чынам паўплывае на яго нейтралітэт у расейска-ўкраінскім канфлікце.

Зразумела, што сама Беларусь не будзе нападаць на Украіну. Але Лукашэнка не можа гарантаваць, што тэрыторыя Беларусі не будзе выкарыстоўвацца Расеяй у якасці плацдарма для ўзброенай агрэсіі, не кажучы ўжо пра дыверсійныя і выведвальныя мерапрыемствы.

Я мяркую, што такая палітыка ўкраінскіх уладаў - недальнабачная. Вядома, не трэба адразу ж разрываць дыпламатычныя стасункі, але афіцыйная рэакцыя павінна быць. Усё павінна пачацца з выкліку беларускага амбасадара ў міністэрства замежных спраў, дзе яму ўкажуць, што такія дзеянні недапушчальныя.

Па-другое, у рэжыму Лукашэнкі ёсць шмат болевых момантаў. Пасля пачатку расейскай агрэсіі супраць Украіны, Беларусь стала пасярэдніцай з пункту гледжання транзіту людзей і тавараў, а таксама пасярэдніцай у пытаннях, якія не могуць быць наўпрост рэалізаваныя паміж Кіевам і Масквой.

З гэтага рэжым жыве, бо ён здабывае з такой сітуацыі эканамічную выгаду, ёсць і палітычныя дывідэнды. Можна гуляць на гэтым полі, перакрываючы рэжыму Лукашэнкі кісларод.

Украіна мае права звярнуцца да еўрапейскіх калег для таго, каб тыя націснулі на беларускі рэжым. Тым больш, што цяпер мы назіраем пэўнае «пацяпленне» паміж ЕЗ і Лукашэнкам. Гэта механізмы мяккага ўздзеяння.

Таксама я ўпэўнены, што пад прыкрыццём беларускага дыпламатычнага прадстаўніцтва ў Кіеве працуюць беларускія і расейскія спецслужбы. Таму, калі выйшла так, што нейкі наш грамадзянін выявіўся «шпіёнам», прынамсі, са слоў афіцыйнай прапаганды, то на тэрыторыі Украіны ёсць тыя, хто займаецца супрацьзаконнай дзейнасцю, якая супярэчыць сяброўскім стасункам, заяўленым на паперы афіцыйным Кіевам і Менскам. Заўсёды ёсць інструменты мяккага ціску, але паколькі такая непрыязная палітыка стала сістэмай - ціск трэба ўзмацніць.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках