24 красавiка 2024, Серада, 7:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

СМІ: Загінулы выратавальнік з Гомеля прыцягваўся да такіх работ упершыню

31
СМІ: Загінулы выратавальнік з Гомеля прыцягваўся да такіх работ упершыню

Трагедыя, што адбылася на ферме ў Буда-Кашалёўскім раёне, патрэсла гамельчукоў.

НЗ, якое адбылося 18 лістапада на ферме «Марозавічы-Агра» ў вёсцы Бушаўцы, Буда-Кашалёўскага раёна, узрушыла гамельчукоў, піша gomel.today.

33-гадовы работнік газавыратавальнай службы хімзаводу, былы супрацоўнік МНС Кірыл Раманаў, разам з калегамі, былі накіраваныя на сельгаспрадпрыемства - чысціць кароўнікі. Мужчына працаваў на даху без страхоўкі, і ў адзін момант канструкцыя не вытрымала і трэснула. Кірыл зваліўся з 7-метровай вышыні проста на бетонную падлогу. Нягледзячы на першую дапамогу, якую яму спрабавалі надаць таварышы, а пасля і хуткая дапамога, Кірыл загінуў.

СМІ паведамілі пра гэта ў нядзелю, і НЗ справакавала медыйную рэакцыю: нягледзячы на выхадны, афіцыйныя асобы зрабілі шэраг каментароў.

Так, прадстаўніца Следчага камітэта Марыя Крываногава паведаміла, што паводле факту гібелі рабочага ААТ «Гомельскі хімічны завод» праводзіцца праверка, прызначаны шэраг адпаведных экспэртыз.

Першая намесніца старшыні Буда-Кашалёўскага райвыканкама, начальніца управы сельскай гаспадаркі і харчавання Людміла Пракапенка сказала, што не ведае пра падрабязнасці інцыдэнту на ферме.

- У мяне было іншае даручэнне, я займалася іншым пытаннем, - сказала Людміла Пракапенка. - Ведаю, што хімзавод рабіў на ферме падрадныя работы: ставілі паркан, хто фарбаваў, хто мазаў. Але гэта не звязанае з прыездам прэзідэнта, гэта планавыя работы.

Другі намеснік кіраўніка раёна Аляксандр Кавалёў, які курыруе ахову працы, адмовіўся ад каментару і кінуў слухаўку.

Выданне Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта прапанавала гамельчукам азнаёміцца з каментаром намесніка галоўнага інжынера ў ахове працы і прамысловай бяспекі Гомельскага хімічнага завода Дзмітрыем Тамашэнкам.

Прадстаўнік прадпрыемства, напрыклад, заявіў, што работнікі прадпрыемства былі адпраўленыя на ферму ў рамках месячніка для добраўпарадкавання і навядзення парадку на зямлі. Выданне нагадвае, што гаспадарка «Марозавічы-Агра» з'яўляецца структурным падраздзяленнем Гомельскага хімзавода, таму такія дзеянні - звычайная практыка.

Дзмітрый Тамашэнка таксама паведаміў, што Кірыл Раманаў загінуў падчас ачысткі светлавых ліхтароў - праёмаў на даху кароўніка, закрытых полікарбанатнымі насціламі. З ягоных слоў, перад працамі быў праведзены інструктаж, падчас якога ўсе былі папярэджаныя, што наступаць, а тым больш, хадзіць па гэтых паверхнях забараняецца.

Кірыл Раманаў працаваў на даху з калегам-газавыратавальнікам. Са слоў Дзмітрыя Тамашэнкі, адправілі туды менавіта іх, бо гэтыя людзі добра падрыхтаваныя фізічна і навучаныя дзейнічаць у аварыйных сітуацыях.

Кіраўніцтва Гомельскага хімзаводу абяцае сачыць за ходам расследавання і надаць сям'і загінулага ўсебаковую падтрымку.

Нагадаем, у нядзелю 19 лістапада «Моцным навінам» стала вядома, што напярэдадні, у суботу, у вёсцы Бушаўцы Буда-Кашалёўскага раёна Гомельскай вобласці трагічна загінуў супрацоўнік газавыратавальнай службы Гомельскага хімзавода, былы супрацоўнік МНС, Кірыл Раманаў.

У працоўны час яго з калегамі адправілі чысціць кароўнікі, Кірыл працаваў на даху, канструкцыя не вытрымала, мужчына праваліўся, зваліўся з 7-метровай вышыні на бетонную падлогу і ў выніку атрыманых траўмаў сканаў.

Калегі загінулага і раней прыцягваліся да такіх прац, Кірыл Раманаў жа быў адпраўлены на іх упершыню.

Як распавялі сваякі загінулага, яшчэ ў абед ён звязваўся з сям'ёй і дасылаў фатаграфіі, а ўжо а 17 гадзіне да іх з трагічнай весткай прыехалі прадстаўнікі прадпрыемства.

Кірылу было ўсяго 33 гады. У яго засталося двое маленькіх дзяцей - шасці і трох гадоў.

Калегі, якія пажадалі застацца невядомымі, выказвалі меркаванне, што іх масава кінулі на чыстку кароўнікаў у сувязі з будучым візітам Лукашэнкі, зрэшты, гэтую інфармацыю немагчыма ні пацвердзіць, ні зняпраўдзіць, а пасля трагічнага здарэння ў злашчаснай вёсцы дыктатар напэўна не з'явіцца, нават калі першапачаткова такія планы і былі.

Напісаць каментар 31

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках