19 красавiка 2024, Пятніца, 1:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алесь Яўсеенка: Оруэл адпачывае

48
Алесь Яўсеенка: Оруэл адпачывае

Улада затрымалася ў савецкім мінулым.

Апошнім часам Беларусь усё часцей параўноўваюць з велізарным працоўным лагерам, дзе прыцягненне да прымусовых прац далёка не заўсёды звязанае з наўпроставай спецыяльнасцю чалавека.

У нядзелю выратавальніка з Гомеля накіравалі рамантаваць дах кароўніка ў Буда-Кашалёўскім раёне. Па чутках, гаспадарка рыхтавалася да візіту Лукашэнкі. Калегі загінулага 33-гадовага мужчыны сцвярджаюць: ён выконваў такое заданне ўпершыню і працаваў без страхоўкі.

Якія яшчэ працоўныя і непрацоўныя павіннасці становяцца часткай беларускай штодзённасці і як доўга можа доўжыцца такое становішча рэчаў? На гэта і іншыя пытанні Charter97.org адказвае прадстаўнік Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу ў Гомелі Алесь Яўсеенка.

- Што кажуць у Гомелі пра выпадак з 33-гадовым выратавальнікам, які сарваўся з даху?

- Людзі абураныя: тут відавочна, што былі парушэнні з боку арганізатараў гэтага аўральнага «навядзення парадку». Праца на вышыні выконвалася без страхоўкі. І такое стаўленне да людзей у нас у краіне - запар і побач.

Настаўнікаў прымусова зганяюць на рамонтныя работы: без падрыхтоўкі, без інструкцый у тэхніцы бяспекі. Калі нешта адбываецца - імкнуцца ўтаіць, замаскаваць пад бытавую траўму.

Так і ў Буда-Кашалёўскім раёне адбылося: выратавальнік павінен людзей ратаваць, а не кароўнікі рамантаваць. Маладзёна адправілі туды з парушэннем закона. Наколькі вядома з папярэдняй інфармацыі, не быў арганізаваны інструктаж, чалавек прыцягваўся да такіх прац упершыню, не было страхоўкі. У наяўнасці цэлы букет парушэнняў працоўнага заканадаўства.

Але самае абсурднае і абуральнае ў гэтай сітуацыі тое, што мясцовыя ўлады ідуць на парушэнне правоў і рызыкуюць жыццём людзей проста дзеля таго, каб дагадзіць начальству. Гэта больш за ўсё абурае тых, хто кажа пра гэты выпадак.

Ёсць прымаўка: людзі гінуць за метал. У Беларусі крыху інакш: людзі гінуць праз самадурства начальства.

- Гомельская вобласць «праславілася» сёлета яшчэ і ўсеагульнай мабілізацыяй бюджэтнікаў на збор ільну. Навошта ў 21-м стагоддзі звяртацца да такіх феадальным метадаў гаспадарання?

- А па-іншаму наш галоўны «аграрый» не ўмее. Гэтая ганьба, які адбываецца штогод на палях Беларусі - вынік ягонага 23-гадовага дыктатарскага праўлення.

Улада затрымалася ў саўгасных рэаліях: сагнаць як мага больш людзей на сезонныя працы за капейкі. Гэта ўжо нават не саўгас «Гарадзец» у цэнтры Еўропы, гэта нейкая «Хаціна дзядзькі Тома» на новы лад.

Ды і эфектыўнасць гэтай сістэмы кіравання такая ж, як у рабскай працы. Нашы «паказчыкі» ў эканоміцы - найлепшае таму пацвярджэнне. Для канкрэтыкі можна ўзяць тую ж Гомельскую вобласць: тут праз «аўралы» не толькі лён своечасова не прыбралі, але і кукурузу. Паборамі з людзей потым будуць кампенсаваць мільённыя страты. А ў кіраўніка і метаду іншага няма, акрамя як паказаць па тэлевізары «відовішчы» замест хлеба: і тады пачынаецца паказуха і «адкручванне галоў» на камеру.

А насамрэч галоўны «аграрый» толькі і думае, каго б яшчэ прыцягнуць да паншчыны: ці то «дармаедаў» адправіць на камяні, ці то вайскоўцаў выгнаць у палі, як гэта было ў Савецкім Саюзе. Вось толькі толку ад прымусовай працы не будзе. Лукашэнка ўважае сябе за галоўнага спецыяліста ва ўсіх пытаннях, а палітыка ягоная даўно збанкрутавала.

- У чым яшчэ праяўляецца банкруцтва сацыяльнай палітыкі ў Беларусі?

- Дастаткова азірнуцца навокал. Або паглядзець у крывое люстэрка дзяржаўнага папулізму. Бачачы беларускую рэальнасць, як той казаў, Оруэл адпачывае.

Паглядзіце: Лукашэнка ўвесь час кажа пра «сацыяльную дзяржаву», а, напрыклад, тарыфы на ЖКГ будуць павышаць для людзей, а не для прадпрыемстваў. Або спецыяльныя падаткі і платную медыцыну прыдумалі не дзеля стратных заводаў і калгасаў, а для беспрацоўных грамадзян, назваўшы іх «дармаедамі».

Як гэта назваць? Казаць пра «сацыяльную дзяржаву» і перш за ўсё ўводзіць паборы для самых неабароненых грамадзян. Гэта ўжо не проста кароткая памяць, гэта нешта больш сур'ёзнае.

Звярніце ўвагу яшчэ, якімі метадамі праводзіцца гэтая палітыка супраць грамадзян сваё краіны. За пратэрмінаваную камуналку забіраюць у закладнікі дзяцей! Ведаеце, што мне гэта нагадвае? Дзеянні карнікаў з СС супраць партызан.

- Як можна супрацьстаяць прымусовай працы і незаконным паборам ад дзяржавы?

- Самае малое, з чаго трэба пачаць - гэта падтрымліваць нармальныя, незалежныя прафзвязы і звяртацца да іх па дапамогу. А фактычна - так трэба мяняць усю ўладу і палітыку. Лукашэнка давёў краіну «да ручкі». Не толькі ў сельскай гаспадарцы і працоўных стасунках.

Толькі вярнуўшы ўладу закона ў Беларусі можна выратаваць нашых грамадзян ад прымусовай працы і пабораў. Пры дэмакратыі і вяршэнстве права кожны ў краіне займаецца сваёй справай.

- А цяпер?

- А цяпер можна сказаць коратка: дурні ля стырна. На пасады людзей падбіраюць не з колькасці кампетэнтных спецыялістаў, а каго-небудзь са сваякоў, альбо з асабіста адданых таму, хто вышэй. І так уся сістэма паслухмяна выконвае загады і памнажае абсурд.

Але ёсць адзін просты закон - і фізічны і сацыяльны. Чым мацней душыш на нешта - тым больш магутнай будзе зваротная рэакцыя. Пакуль ва ўладаў яшчэ «рука руку мые»: ім атрымоўваецца схаваць канцы ў ваду, збіць хвалю пратэстаў рэпрэсіямі і пустымі абяцаннямі, замоўчваць самыя вострыя праблемы. Хоць апошняе ўжо не атрымліваецца. А з часам і за ўсё астатняе давядзецца адказаць. Прадаўжаючы ў тым жа духу, яны дачакаюцца вялікага пажару.

Напісаць каментар 48

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках