19 красавiка 2024, Пятніца, 10:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Палацавыя перавароты прынца Саудаўскай Арабіі і мадэрнізацыя Усходу

Палацавыя перавароты прынца Саудаўскай Арабіі і мадэрнізацыя Усходу
МУХАМЕД БЭН САЛМАН

Чаго хоча новы моцны гулец у Эр-Рыядзе, акрамя кансалідацыі ўласнай улады?

Ці з'яўляецца наследны прынц Саудаўскай Арабіі бесцырымонным стратэгам, які апускае арабскі свет у далейшы крызіс, абы забяспечыць панаванне сваёй краіны? Ці ж ён смелы рэфарматар, які нарэшце пакончыць з сярэднявечнымі традыцыямі ў Саудаўскай Арабіі?

«Арыштаваныя мільярдэры, абвяшчэнне вайны і мёртвыя прынцы: наследны прынц Саудаўскай Арабіі ліквідуе сваіх апанентаў і рыхтуе змену пакаленняў у каралеўскім доме», - піша журналістка нямецкага выдання Focus Юлія Герлах (пераклад - inopressa.ru).

«Ці з'яўляецца наследны прынц Саудаўскай Арабіі бесцырымонным стратэгам, які апускае арабскі свет у далейшы крызіс, абы забяспечыць панаванне сваёй краіны? Ці ж ён смелы рэфарматар, які нарэшце пакончыць з сярэднявечнымі традыцыямі ў Саудаўскай Арабіі? Чаго хоча новы «моцны чалавек» у Эр-Рыядзе, акрамя кансалідацыі ўласнай улады?» - такія пытанні ставяць у інтэрнэце прыхільнікі ўрада і апазіцыянеры.

«У выпадку з арыштамі гаворка ідзе перш за ўсё аб карупцыі», - адзначаецца ў артыкуле. «Мухамед бэн Салман, які скарочана называе сябе МБС, сарваў апладысменты, упершыню заклікаўшы да адказу сямейнікаў караля», - піша Герлах, нагадваючы аб арышце прынца Аль-Валіда бэн Талала, прынца Мутаіба, а таксама пра загадкавую гібелі маладога прынца ў выніку катастрофы верталёта. «Натуральна западозрыць, што ў «зачыстцы» гаворка ідзе не толькі аб барацьбе з карупцыяй, але і пра адхіленне непажаданых канкурэнтаў наследнага прынца», - разважае журналістка.

Да таго ж абвяшчэнне ў чэрвені менавіта Мухамеда бэн Салмана наследным прынцам было і застаецца вельмі дыскусійным пытаннем у каралеўскай сям'і, бо звычайна абранню наследнага прынца папярэднічае складаная ўнутрысямейная працэдура, канцэпцыя якой была парушаная каралём Салманам. «Прынц МБС не пакідае сумневу ў тым, што многія ранейшыя традыцыі ён больш не ўважае за актуальныя. Мір у сям'і Аль-Сауд грунтоўна парушаны», - адзначае аўтар.

Ужо супольна са сваім сынам кароль Салман пачаў «грамадскую рэвалюцыю»: так, з наступнага лета жанчынам дазволяць ездзіць за стырном, дзяўчынкі ўпершыню ў гісторыі краіны змогуць наведваць заняткі спортам у школе, зноў з'явяцца кінатэатры, жанчыны ў будучыні нават змогуць наведваць стадыёны, гаворыцца ў артыкуле.

«Усе гэтыя крокі даўно наспелі, аднак раней уважалася, што такія рэформы непрымальныя для кансерватыўных рэлігійных колаў, - прадаўжае Герлах. - Улада сям'і Аль-Сауд грунтуецца на старадаўняй дамоўленасці з радыкальна-ісламісцкімі вахабітамі: каралеўская сям'я атрымлівае палітычную ўладу, за гэта рэлігійныя колы кантралююць грамадства і сочаць за мараллю жанчын». Аднак «МБС не захацеў больш чакаць».

«МБС разумее, што мы думаем і адчуваем. Ён не хоча чакаць вечна, і ён жыве прыкладна гэтак жа, як мы», - прыводзіць журналістка словы адной студэнткі з Джыда. «Цяжка сказаць, пажаданні гэта ці рэчаіснасць», - піша аўтар, адзначаючы, аднак, што на адным з сямейных здымкаў у сеціве каралеўская сям'я, раней «абсалютна непрыступная», атрымала «іншы, больш набліжаны да людзей вобраз».

«Амбіцыі гіперактыўнага прынца не абмяжоўваюцца ўнутранай палітыкай - у замежнай палітыцы ён таксама расстаўляе новыя, самаўпэўненыя акцэнты», - заўважае Герлах. Так, амаль адначасова з арыштамі ў Саудаўскай Арабіі сышоў у адстаўку прэм'ер-міністр Лівана Харыры, заявіўшы «з незадаволеным тварам», што гэты крок ён быў вымушаны зрабіць праз агрэсіўную палітыку падтрымоўванай Іранам «Хізбалы» ў Ліване. «Такім чынам, ён надаў Саудаускаму ўраду пераважную магчымасць далей абвастраць канфлікт з даўнім ворагам Іранам», - мяркуе аўтар.

«Федэрыка Магерыні, вярхоўны камісар Еўразвязу ў замежнай палітыцы, ацэньвае канфлікт, актыўна распалены наследным прынцам, як выключна небяспечны. Аднак, відавочна, МБС карыстаецца падтрымкай магутнага хаўрусніка – ЗША», - заўважае журналістка. Так, The New Yorker паведамляў пра «цесную сувязь» МБС і Джарэда Кушнера, зяця Дональда Трампа, а сам Трамп пісаў у Twitter: «Я вельмі веру ў караля Салмана і наследнага прынца Саудаўскай Арабіі. Яны дакладна ведаюць, што робяць. Некаторыя з тых, супраць каго яны цяпер выступаюць, гадамі даілі іх краіну!»

«МБС: веснік надзеі або пагроза бяспецы, як ён быў пазначаны ва ўнутраным дакуменце службы вонкавай выведкі ФРГ у 2015 годзе? Рэфарматар або ваенны звадыяш?» - задаецца пытаннем выданне. «Магчыма, ісціна ляжыць пасярэдзіне, - падсумоўвае аўтар артыкула: - МБС - аўтарытарны кіраўнік новага тыпу, прадстаўнік новага пакалення палітыкаў краін Персідскага заліва. Ён добра адукаваны, уладны і нецярплівы. Але галоўнае - ён прыйшоў, каб застацца. Відавочна, што цяпер прынц абсалютна адкрыта вызначае асноўныя шляхі сваёй будучыні праўлення».

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках