23 красавiка 2024, aўторак, 16:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Полацкія працоўныя дамагаюцца права на страйк

25
Полацкія працоўныя дамагаюцца права на страйк
Фота: tut.by

Працаўнікі завода «Шкловалакно» дайшлі да Вярхоўнага суда.

Першасная арганізацыя Свабоднага прафзвязу Беларускага (СПБ) работнікаў ААТ «Полацк-Шкловалакно» абскардзіла пастанову Віцебскага абласнога суда аб прызнанні страйку «незаконным». Работнікі прадпрыемства - сябры СПБ з гэтай пастановай не пагадзіліся і звярнуліся з касацыйнай скаргай у Вярхоўны суд, паведамляе vitebskspring.org.

Супрацьдзеянне адміністрацыі завода аб'яднанню рабочых у Свабодны прафзвяз вядзецца стала і сістэмна. А за новым дырэктарам Мікалаем Бунаковым стала яшчэ больш жорсткім. Работнікаў прадпрыемства - сябраў Свабоднага прафзвязу абмяжоўваюць у прасоўванні па пасадзе, атрыманні сумежнай спецыяльнасці, падвышэнні разраду. Для іх звальнення не трэба згоды прафзвязу - у адрозненне ад сябраў іншага, лаяльнага наймальніку, Белхімпрафсаюза. Гэта з'яўляецца парушэннем як беларускага заканадаўства, так і канвенцыі Міжнароднай арганізацыі працы.

Доўгі час наймальнік адмаўляецца весці перамовы з СПБ, абгрунтоўваючы гэта адмовай прафзвязу даваць спісы сябраў сваёй арганізацыі. Праз гэта рабочымі завода была прынятая пастанова аб пачатку страйку з патрабаваннямі спыніць дыскрымінацыю. Страйк павінен быў пачацца 1 лістапада, і доўжыцца да канца снежня.

Аднак дырэктар завода накіраваў у суд заяву з патрабаваннем прызнаць страйк «незаконным». І адпаведная пастанова аб прызнанні страйку «незаконным» была вынесеная 26 кастрычніка суддзёй Віцебскага абласнога суда Наталляй Хількевіч.

У судзе інтарэсы сябраў прафзвязу прадстаўляў Мікалай Шарах. Ён сказаў, што судом былі парушаныя нормы матэрыяльнага права. Падчас разгляду пазову таксама не даследаваныя ў поўнай меры прычыны, якія прывялі да страйку. Не былі дадзеныя прыватныя вызначэнні з нагоды парушэння наймальнікам працоўнага кодэкса і дыскрымінацыйных пунктаў у калектыўнай дамове.

Старшыня першаснай структуры СПБ на ААТ «Полацк-Шкловалакно» Віктар Стукаў заявіў:

- Наш прафзвяз не падасць наймальніку спісы чальцоў прафзвязу, пакуль на прадпрыемстве ёсць дыскрымінацыя паводле прафзвязных прыкмет. І мы не ўважаем такую пазіцыю за парушэнне заканадаўства. Рабочыя завода з нашага прафзвязу прапаноўвалі і прапаноўваюць і цяпер наймальніку перамовы аб змены калектыўнай дамовы для ліквідацыі дыскрымінацыі. Да абвяшчэння страйку наш прафзвяз звяртаўся ў розныя дзяржаўныя органы - пракуратуру, Дэпартамент аховы працы, Міністэрства працы, галіновы канцэрн. Аднак ніводзін са зваротаў не даў выніку. Забарона страйку толькі пацвярджае, што дзяржава перашкаджае дзейнасці незалежных дэмакратычных прафзвязаў. Прафзвяз абскардзіў гэтую пастанову. І, калі не будзе выніку, прапануем рабочым завода правесці працэдуру падрыхтоўкі і правядзення страйку яшчэ раз.

Паказальная пазіцыя старога савецкага прафсаюза: на пасяджэнні абласнога суда старшыня заводскай пяршоўкі Белхімпрафсаюза Таццяна Гурава выступала на баку наймальніка. Такімі дзеяннямі Белхімпрафсаюз уносіць раскол у дзеянні рабочых, накіраваныя на паляпшэнне ўмоў іх працы на заводзе, - такую думку выказваюць актывісты Свабоднага прафзвязу Беларускага.

Напісаць каментар 25

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках