24 красавiка 2024, Серада, 8:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Веткаўскім раёне пабудавалі птушкафабрыку, а потым звольнілі палову работнікаў

8
У Веткаўскім раёне пабудавалі птушкафабрыку, а потым звольнілі палову работнікаў

Улады згулялі злы жарт з жыхарамі Навасёлак.

На стадыі будаўніцтва птушкафабрыка ў Навасёлках Веткаўскага раёна планавалася як адна з найбуйнейшых у вобласці з магутнасцю вытворчасці мяса да 20 тысяч тон за год, пішуць «Моцныя навіны».

А для мясцовых жыхароў запуск прадпрыемства павінен быў развязаць праблемы з занятасцю. Адразу пасля адкрыцця на працу былі прынятыя 270 супрацоўнікаў, што вельмі нямала для сельскай мясцовасці.

Аднак, як паведамляе «Голас Веткаўшчыны», усяго праз год працы стала зразумела, што птушкафабрыка адчувае, скажам так, праблемы з рэнтабельнасцю. У выніку, Савет Міністраў прыняў пастанову перадаць усе будынкі прадпрыемства з абласной уласнасці ў рэспубліканскую.

«Птушачка» пырхнула з падведамнасці ААТ «Хальч» ва ўправу рэспубліканскага даччынага сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства «Беларуснафта-Асобіна».

РДСУП «Беларуснафта-Асобіна», што не сакрэт, мае вялікі досвед і напрацоўкі ў справах курыных і ўзялося за антыкрызісны мэнэджмэнт энергічна. Перш за ўсё было абвешчана, што з 270 чалавек, якія працавалі на фабрыцы, працоўныя месцы захаваюць толькі 106. А потым сярод вяскоўцаў і зусім з’явілася чутка, што работнікаў будуць вазіць ажно з Буда-Кашалёўскага раёна, дзе знаходзіцца асноўная база «Беларуснафта - Асобіна».

Чуткі - чуткамі, але людзі цалкам рэальна засталіся без працы і нават абурыліся. 13 лістапада яны сабраліся каля праўлення ў Хальчы. Там высветлілася, што клопат аб працаўладкаванні звольненых цяпер ляжыць на мясцовых уладах і тыя гатовыя зрабіць усё, што могуць, а менавіта: прыкласці ўсе намаганні, каб знайсці працоўныя месцы для кожнага, аддаючы перавагу цяжарным жанчынам і людзям перадпенсійнага ўзросту; абнавіць спіс вакансій і прапанаваць некаторым працу ў вытворчых цэхах мясцовага ААТ «Хальч» - на адзін-два месяцы.

Увогуле, захады будуць ужытыя.

А што да злашчаснай птушкафабрыкі, то - так. Людзей з яе звольнілі, ва ўстаноўленым парадку, праз непадаўжэнне кантрактаў.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках