25 красавiка 2024, Чацвер, 1:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Каго ў Беларусі ўсё ж перасадзяць на Geely?

35
Каго ў Беларусі ўсё ж перасадзяць на Geely?

Чаму загад Лукашэнкі выканаць будзе надзвычай цяжка.

На ўрачыстым адкрыцці завода «БелДжы» Лукашэнка заявіў, што з часам белбеларускія чыноўнікі перасядуць з імпартных аўтамабіляў на вырабленыя ў Беларусі Geely.

- Цяпер паступова будзе ісці замена - ад урада да старшыні райвыканкама, - сказаў Лукашэнка. - У нас гэта ўжо адбываецца, і мы гэта зробім.

Аднак гісторыя прымушае моцна сумнявацца ў рэальнасці рэалізацыі пазначаных планаў. Такую задуму спрабавалі ўвасобіць у жыццё ў Расеі роўна 20 гадоў таму, піша gazetaby.com.

Малады віцэ-прэм'ер Барыс Нямцоў прапанаваў, каб чыноўнікі выкарыстоўвалі ў якасці службовых аўтамабіляў «Волгі». Такім чынам, бюджэтныя грошы не марнаваліся б на куплю нямецкіх «Мэрсэдэсаў», а накіроўваліся б на падтрымку расейскага аўтамабілебудавання. Акрамя таго, гэта магло стаць нядрэннай рэкламай, якая б заклікала шараговых грамадзян пільнавацца прыкладу высокіх кіраўнікоў.

Аднак быццам бы нядрэнная ідэя рэалізаваная да канца не была. Чаму?

Па-першае, пераканаць чыноўнікаў у вартасцях расейскага аўто не ўдалося. «Волга» часта ламалася і патрабавала дарагога рамонту. Некаторыя, каб выключыць форс-мажоры, куплялі адразу па два аўтамабілі. Акрамя таго, чыноўнікі замаўлялі дарагую камплектацыю. У выніку расейскае аўто каштавала не значна танней за нямецкае, сцвярджалі кіраўнікі, апраўдваючы сваю адмову ад айчыннай прадукцыі.

Але, магчыма, яны дыскамфорт змаглі б перажыць. Пра другі, больш важны чыннік, што спрыяў краху ідэі, пасля распавядаў сам Нямцоў.

Прэзідэнт Расеі Барыс Ельцын падтрымаў пачынанне віцэ-прэм'ера адпаведным указам, і бюракратыя кінулася закупляць айчынныя аўто. Штоквартальна колькасць чыноўнікаў на «Волгах» павялічвалася. Аднак і ў шараговых грамадзян, і ў бюракратаў было адчуванне, што нічога не мяняецца. Усё таму, што Ельцын парушыў свой жа ўказ і далей ездзіў на браняваным «шасьцісотым».

А калі так, то неўзабаве рух пайшоў у адваротным кірунку: чыноўнікі сталі перасаджвацца назад на «Мэрсэдэсы».

- Мая мара зрабіць свой легкавы аўтамабіль здзейснілася, - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Толькі вось ці перасядзе ён сам на гэты аўтамабіль? Калі не, то гісторыя рызыкуе паўтарыцца: пераканаць іншых чыноўнікаў ездзіць на Geely будзе няпроста.

Напісаць каментар 35

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках