25 красавiка 2024, Чацвер, 14:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гомельскі праваабаронца: Улады адмаўляюцца несці адказнасць за свае пастановы

9
Гомельскі праваабаронца: Улады адмаўляюцца несці адказнасць за свае пастановы
ЛЕАНІД СУДАЛЕНКА
ФОТА: «РАДЫЁ СВАБОДА»

Дзякуючы кампаніі прафзвязу РЭП школьнікі ўжо зніклі з калгасных палёў.

У справе трынаццацігадовай Вікторыі Папчэні, якая загінула пад коламі грузавіка на зборы бульбы, яшчэ рана ставіць кропку. Чаму прафзвяз РЭП прадаўжае кампанію супраць прымусовай дзіцячай працы, калі ўжо прызнаныя вінаватымі кіроўца і настаўніцы? Прававы інспектар працы прафзвязу РЭП, юрыст Леанід Судаленка адказаў на пытанні praca-by.info.

– Суд выявіў вінаватых. Так, кіроўца грузавіка ужо адбыў тэрмін пакарання блізу года. Якія прэтэнзіі і каму выстаўляе цяпер сям'я загінулай дзяўчынкі?

– У гэтым няшчасным выпадку вінаватая дзяржава. Менавіта яна стварыла небяспечную сітуацыю, калі дзеці апынуліся на полі. Але вінаватымі былі прызнаныя толькі выканаўцы волі дзяржавы, ды і то – не чыноўнікі, якія пісалі загады, а кіроўца і настаўніцы. А самі чыноўнікі, як гаворыцца, «умылі рукі». А дзе забарона на дзіцячую працу? Чаму Міністэрства адукацыі не прыняло захады, каб дзяцей не вывозілі на палі? Каб знішчыць саму прычыну, бацька дзяўчынкі, Алег Папчэня, падаваў скаргу ў суд Маладзечанскага раёна на парушэнне службовымі асобамі дзяржаўных органаў права на жыццё ягонай дачкі.

– Які быў вынік разгляду гэтай скаргі? Ці прызнала дзяржава сваю віну?

– Суд адмовіўся разглядаць справу з прычыны непадведамаснасці: стварыў небяспечны прэцэдэнт, калі злачынства ёсць, а паскардзіцца няма каму.

– Чаму суд прыняў такую пастанову?

– На маю думку, суд трапіў у нявыкрутку, упершыню сутыкнуўшыся з такой скаргай. Не ведаў, што рабіць, таму пастанавіў адмовіць прычыны непадведамаснасці.

– Як вы ацэньваеце з пункту гледжання міжнароднага права адмову суда вызначыць ступень віны дзяржавы ў загубе дзяўчынкі?

– Як праваабаронца, я расцэньваю гэта як адмову ў правасуддзі. З такімі высновамі мы не пагадзіліся; падалі скаргу на пастанову суда першай інстанцыі; і 4 снежня Менскі абласны суд будзе разглядаць скаргу на адмову ў разглядзе справы. Пасля чаго нам нішто не будзе перашкаджаць звярнуцца ў Камітэт правоў чалавека ААН са скаргай аб парушэнні права на жыццё і на адмову ў правасуддзі. Я хачу падаць скаргу 10 снежня, сімвалічна прымеркаваўшы яе да Сусветнага дня правоў чалавека.

– Акрамя звароту ў КПЧ ААН, ці будзе яшчэ штосьці рабіць сям'я Папчэні?

– Пасля таго, як дзяржава адмовілася разглядаць нашыя прэтэнзіі, сям'і нічога не заставалася, акрамя як выставіць усім вінаватым пазоў аб кампенсацыі маральнай шкоды. Сям'я ацаніла яе на 50 000 BYN. Вызначаючы суму, мы зыходзілі з практыкі, якая склалася ў Беларусі, калі пасля гібелі работніка на прадпрыемстве сям'я атрымлівала пэўную суму. Зразумела, што жыццё чалавека – неацэннае, і нельга ацэньваць яго грашыма.

– Ці будзе прафзвяз РЭП, як і раней, прадстаўляць у справе аб маральнай шкодзе інтарэсы сям'і Папчэні?

– Хоць сам пазоў – аб маральнай шкодзе, але нашы патрабаванні выцякаюць з працоўных стасункаў. Нягледзячы на тое, што працоўныя стасункі так і не былі прызнаныя судом, але суддзя дапускала ў працэс і мяне, і Юрася Белякова, і Андрэя Стрыжака для прадстаўлення інтарэсаў чальца нашага прафзвязу Алега Папчэні.

– Сустракаецца меркаванне, што прафзвяз РЭП удзельнічае ў гэтай справе «дзеля славы»; падымае шум дзеля шуму – бо дзяўчынку ўжо не вернеш. А як вы самі акрэслілі б ролю і мэты прафзвязу ў гэтай кампаніі?

– Сваімі дзеяннямі мы хочам, па-першае, паказаць, што за ўсё трэба несці адказнасць. У Беларусі – небяспечная тэндэнцыя: ніхто не хоча адказваць за свае пастановы. Столькі пастаноў канкрэтных людзей, пачынаючы ад Міністэрства адукацыі і заканчваючы намеснікам дырэктара выхаваўчай работы, склаліся ў трагічны ланцужок – і ўсё умылі рукі! Ніхто з іх не вінаваты! – хоць яны прымалі пастановы, выдавалі дакументы... Можа быць, Папчэня і не падаваў бы пазоў аб маральнай шкодзе, калі б дзяржава прызнала ў судовым парадку парушэнне права на жыццё іх дачкі. Але дзяржава не ідзе насустрач свайму грамадзяніну! Працоўныя стасункі – не прызналі! Просім прызнаць парушэнне права на жыццё – суд не хоча займацца гэтай справай! Няўжо дзяржава адмовіць яшчэ і ў кампенсацыі маральнай шкоды?

– Па-другое, мы хочам стварыць прэцэдэнт – хай ён будзе ў пастанове Камітэта правоў чалавека ААН, калі дзяржава ў асобе чыноўнікаў будзе прызнаная парушальнікам права дзіцяці на жыццё. Хай гэта справа «Папчэня супраць Беларусі» будзе ахоўнай граматай для кожнага ў такой сітуацыі. Дзіцячая прымусовая праца ў Беларусі не павінна існаваць! Пакуль яшчэ не ўсе гэта разумеюць.

– Хіба прымусовая дзіцячая праца ў Беларусі не забароненая заканадаўча?

– Заканадаўства расплывіста. Кодэкс «Аб адукацыі» забараняе дзіцяці прымусовую працу, а праграма, прынятая Міністэрствам адукацыі на 4 гады, ужо называе гэтую працу «перавыхаваўчым працэсам», і, высвятляецца, вывозіць дзяцей на полі можна! Там абумоўлены ўзрост: з 14 гадоў; але на практыцы 13-гадовая дзяўчынка паехала на збор бульбы з лёгкай рукі намесніка дырэктара ВР. Трэба устанавіць наўпроставую забарону!

– Ці змяніла штосьці кампанія, якую праводзіць прафзвяз РЭП?

– Частку працы мы ўжо зрабілі. У гэтым годзе ніводзін школьнік ні ў адным раёне ні ў адным сельскагаспадарчым прадпрыемстве не працаваў. Нават калі заклікалі «на лён» студэнтаў, у загадах пазначалі: «дасягнулі 18 гадоў». Аб тым, каб прыцягнуць студэнтаў ПТВ, якім па 14, 15 гадоў, гаворкі нават не ішло.

– Пра што гэта сведчыць?

–Гэта значыць, прафзвяз РЭП ужо змяніў правапрымяняльную практыку. Але гэтага мала. Мы хочам замацаваць правапрымяненне пастановай Камітэта правоў чалавека ААН. Мы зробім так, каб справа «Папчэня супраць Беларусі» была ў кожнай школе і ахоўвала дзяцей ад усялякіх спроб адправіць іх «на бульбу».

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках