29 сакавiка 2024, Пятніца, 13:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Карысных радыянуклідаў не бывае»

6
«Карысных радыянуклідаў не бывае»

Навукоўцы распавялі пра рутэній-106, воблака з якім прайшло над Беларусьсю.

У выніку магчымага выкіду радыяцыі пад расейскім Чалябінскам ў верасьні радыяактыўнае воблака прайшло над Браславам і Пінскам, але абруджаньня тэрыторыі Беларусі не адбылося, запэўнівае Белгідрамэт.

Чым небясьпечны для здароўя радыяактыўны ізатоп рутэнію-106? Ці магла радыяцыя асесьці на тэрыторыі Беларусі? Што рабіць, калі вы ўжо абпраменіліся рутэніем? «Радыё Свабода» зьвярнулася з гэтымі пытаньнямі да профільных навукоўцаў.

«Мы не займаемся менавіта гэтым радыянуклідам»

У беларускім Інстытуце радыялёгіі патлумачылі, што не вывучаюць гэты радыяактыўны элемэнт. А маніторынгам радыянуклідаў у паветры займаецца Белгідрамэт, сказаў дырэктар Інстытуту радыялёгіі Аляксандар Зайцаў.

— Мы не займаемся менавіта гэтым радыянуклідам. Мы займаемся праблематыкай чарнобыльскіх тэрыторый. То бок тымі доўгажывучымі радыянуклідамі, якія выпалі ў выніку аварыі на ЧАЭС. Яны жывуць доўга, і праблема застаецца на многія гады.

— Аднак гэты радыянуклід можа зьявіцца ў выніку аварыі на любой АЭС?

— Так, калі будзе нейкая аварыя, ён уваходзіць у склад ізатопаў, выкід якіх можа адбыцца.

— А хто-небудзь у Беларусі вывучае рутэній?

— Я думаю, што вядзецца толькі маніторынг. Я ня чуў, каб нехта займаўся навуковымі дасьледаваньнямі.

Пэрыяд паўраспаду рутэнію-106 складае крыху больш за год (373 сутак). Гэты ізатоп — адзін з прадуктаў распаду ўрану-235, які ўжываецца ў ядзернай зброі і ў якасьці паліва ў ядзерных рэактарах. Рутэній або атрымліваюць штучна, або ён знаходзіцца ў складзе адпрацаванага ядзернага паліва.

«Беларусь павінна мець сваю глябальную сыстэму кантролю»

Паводле супрацоўніка Інстытуту радыяцыйнай бясьпекі «Белрад» Паўла Фарботкі, застацца на тэрыторыі Беларусі рутэній-106 ня мог, бо яго канцэнтрацыя ў паветры была невялікая.

— Я думаю, што калі б было нешта значнае, то нашы прыборы гэта б зафіксавалі. У нас ёсьць прыбор, якім можна праверыць гэты ізатоп і зафіксаваць яго. Але для нас большая праблема — постчарнобыльскія цэзій і стронцый.

— Ці дастатковы ў Беларусі ўласны кантроль радыянуклідаў у навакольным асяродзьдзі?

— Я думаю, што гэты кантроль недастатковы. Бо вакол Беларусі разьмешчаныя дзьве дзейныя АЭС, Смаленская і Ровенская. Былі Ігналінская і Чарнобыльская, ёсьць могільнікі, узводзіцца ўласная АЭС. Беларусь павінна мець сваю глябальную сыстэму кантролю. Хаця калі нешта глябальнае здарыцца, то яно зафіксуецца. А невялічкі выкід таго ж рутэнію можна і не зафіксаваць, мы можам гэтым дыхаць і ўжываць гэта з паветрам ці вадой. І нават ведаць ня будзем.

«Відаць, была нейкая аварыйная сытуацыя»

Вядучы навуковы супрацоўнік Палескага радыяцыйна-экалягічнага запаведніку Канстанцін Буздалкін кажа, што там замераў рутэнію не рабілі — вядомыя толькі вынікі замераў Белгідрамэту.

— Хаця фактычных дадзеных, лічбаў пра канцэнтрацыю, пра аб'ёмную актыўнасьць у паветры, у тым ліку ў зоне дыханьня насельніцтва, не было прыведзена. Проста паведамілі, што канцэнтрацыя нязначная, якая не стварае радыяцыйных рызыкаў. У мяне няма ніякіх прычынаў не давяраць. Калі б былі значныя ўзроўні гэтага ізатопу ў паветры, то нашы прыборы зафіксавалі б. Але такога не было.

Паводле Канстанціна Буздалкіна, выкід рутэнію ня быў зьвязаны з аварыяй на АЭС, іначай разам зь ім зафіксавалі б іншыя спадарожныя ізатопы. Бо ў працэсе ядзернага сынтэзу ўтвараецца каля 600 радыянуклідаў.

А чаму зьявіўся менавіта рутэній-106? Дзеля нечага яго, відаць, выдзялялі, захоўвалі, а потым, відаць, была нейкая аварыйная сытуацыя.

— А ён шкодны для здароўя?

— Так, як і любы радыяактыўны элемэнт. Карысных не бывае, гэта дакладна.

— Але чаму адразу не паведамілі пра рутэній, выяўлены ў атмасфэры ў Беларусі і ў Расеі?

— Гэта мне таксама дзіўна. Але яны абавязаныя паведамляць у выпадку, калі дозы перавышаюць дапушчальныя.

— Што рабіць, калі нехта абпраменіўся рутэніем?

— Трэба праводзіць дэзактывацыю, паспрабаваць вывесьці радыянукліды з арганізму. Дрэнна, калі радыянукліды, калі яны яшчэ біялягічна значныя, празь лёгкія асядуць у нейкіх органах і тканках. Тады адтуль іх выцягнуць даволі цяжка. Дзеля гэтага існуюць пэўныя прэпараты. Але гэта немагчыма, каб значныя дозы былі выяўленыя ў Беларусі. Бо ўсе лябараторыі адразу паднімуць шум.

Рутэній-106 быў зафіксаваны ў Браславе і Пінску

У афіцыйнай зводцы «Росгидромет» заявіў пра перавышэньне ўзроўняў радыяцыі на ўсіх пастах Паўднёвага Ўралу і фіксацыю «экстрэмальна высокага» забруджаньня радыяактыўным ізатопам рутэнію-106 з 25 верасьня па 1 кастрычніка, і згадаў, што радыяактыўны рутэній раней фіксавалі ў шэрагу эўрапейскіх краінаў.

На запыт Свабоды ў Белгідрамэце паведамілі, што рутэній-106 быў зафіксаваны 3-5 кастрычніка ў Браславе і Пінску. Аднак забруджваньня тэрыторыі не адбылося, а колькасьць ізатопу была нязначная.

У Міністэрстве прыроды Беларусі карэспандэнту Свабоды сказалі, што расейскія ўлады афіцыйна не інфармавалі пра выкіды рутэнію пад Чалябінскам.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках