24 красавiка 2024, Серада, 12:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Генадзь Фядыніч: Трэба, каб да ўлады прыйшлі іншыя людзі

21
Генадзь Фядыніч: Трэба, каб да ўлады прыйшлі іншыя людзі
Генадзь Фядыніч
ФОТА: PRACA-BY.INFO

Цяперашняя ўлада не спраўляецца са сваімі абавязкамі.

Лідар незалежнага прафзвязу РЭП Генадзь Фядыніч мяркуе, што пратэстная тэмпература ў грамадстве можа пачаць павышацца ў пачатку новага года. Пра гэта ён распавёў у інтэрв'ю «Радыё Рацыя».

- Думаю, што калі новы дэкрэт будзе такім, як кажа кіраўніца адміністрацыі Лукашэнкі Наталля Качанава, то ён будзе праігнараваны большасцю тых, на каго ён, як спадзяецца дзяржава, разлічаны. Чалавек, які цяпер працуе ў Расеі і прывозіць сюды грошы, якія застаюцца ў Беларусі, не будзе плаціць 100 працэнтаў, калі яму стане дрэнна і спатрэбіцца выклікаць «хуткую дапамогу». А не дай бог, праз гэта будзе смяротны зыход? Гэта што, па-чалавечы будзе? Тады давайце рабіць такім чынам, у нас з Расеяй няма падвойнага падаткаабкладання. І людзі, якія там працуюць, не павінны нават і думаць пра тое, што тут з іх будуць патрабаваць поўную плату за медыцынскую дапамогу.

Ходзяць чуткі, што так званым дармаедамі трэба будзе плаціць у 5 разоў больш за камунальныя выплаты, цяпло ў кватэрах. Прабачце, давайце спачатку навядзём парадак у ЖКГ, які абяцаў навесці кіраўнік, але так і не навёў. Колькі гэтая гігакалорыя каштуе і чаму? ЖКГ робіць усе свае разлікі, зыходзячы са сваіх выдаткаў, а не з таго, ці зможа народ заплаціць ці не. Вось калі мы тут парадак навядзём і будзем ведаць дакладна, колькі гэта каштуе, то тады і можна казаць пра ўзровень платы за камунальныя паслугі. А пакуль я думаю, што сённяшняя палітыка неразумная і недальнабачная ў дачыненні да свайго народа. Трэба ісці іншым шляхам. Трэба даваць працу, даваць працу ў сваёй краіне, каб людзі заставаліся тут, працавалі, дзяцей нараджалі, каб ім было вельмі зручна жыць у нашай краіне. А пакуль я не скажу, што гэта так.

- Вось калі людзі сутыкнуцца з гэтымі новымі праблемамі, якія новая рэдакцыя дэкрэта аб «дармаедах» нясе, то можа быць зноўку выйдуць на вуліцу, таму што публічны пратэст - гэта адзіная магчымасць звярнуць на праблему ўвагу ўладаў.

- Улада недальнабачна працуе. Хоць здаецца, што яна вывучае грамадскую думку. Я ведаю, што адміністрацыя кіраўніка кожны квартал распаўсюджвае апытанні. Там нават вострыя пытанні пастаўленыя: ад каго залежыць ваша сённяшняе становішча, хто вінаваты: урад правіцелі, ці вы самі? Напісана, сфармулявана добра. Але ці захоча кіраўніцтва сумленна пачуць адказы, каб ведаць аб сапраўднай сітуацыі ў рэгіёнах? Сумняваюся, інакш бы такія дакументы, як дэкрэт аб «дармаедах», ні з'яўляліся. Відавочна, што і абноўлены варыянт нічога добрага не прынясе. Мне шкада і паліклінікі, і ЖКГ. Яны ж апынуцца крайнімі, калі новы дэкрэт увойдзе ў дзеянне, а яны зусім ні пры чым. Пачнецца такая сварка ў грамадстве, якая можа выйсці з-пад кантролю ўладаў. Таму нельга так з людзьмі рабіць. Калі ўлады хочуць напалохаць людзей, то хай па-добраму напалохаюць іх вялікімі заробкамі, вялікімі грашыма!

- Толькі праблема, дзе ўзяць вялікія грошы для людзей?

- Колькі ўжо гаварыцца аб аптымізацыі. Але яна нейкая дзіўная. Чамусьці, калі ўзяць той жа самы ЖКГ, то там пасля аптымізацыі з 20 дворнікаў стала 13, а начальства колькі было, столькі і засталося. Трэба даваць больш магчымасцяў мясцовай улады для самастойнага развязання сваіх спецыфічных мясцовых праблем. Менш імі кіраваць з цэнтра. Іх наогул трэба выбіраць, каб яны залежалі ад людзей, якія іх выбіраюць, каб гэта не былі прызначэнцы. Тады і народ паверыць ім... Але пакуль мы бачым, што ўлада чамусьці не хоча, ці не можа зрабіць крокі насустрач свайму народу.

Генадзь Фядыніч не выключае, што пратэстная тэмпература ў грамадстве можа пачаць павышацца ў пачатку новага года. На яго думку, праблемы ў краіне трэба развязваць разам, праз перамовы і круглыя сталы. А калі ўлада кіруе без дыялогу з грамадствам, аднаасобна, а ў выніку гэтага жыццё пагаршаецца, то і яе адказнасць павінна быць поўнай.

- Калі вы не можаце, то трэба, каб да ўлады прыйшлі іншыя людзі, - мяркуе Генадзь Фядыніч.

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках