20 красавiка 2024, Субота, 0:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«У беларускім КДБ не ўмеюць карыстацца Google»

21
«У беларускім КДБ не ўмеюць карыстацца Google»

Тымчук абвінаваціў спецслужбы ў фальсіфікацыі справы Шаройкі.

Дэпутат Вярхоўнай Рады Украіны, каардынатар групы «Інфармацыйны супраціў» Дзмітрый Тымчук абвінаваціў КДБ у фальсіфікацыях і маніпуляцыях у справе «ўкраінскіх шпіёнаў», каментуючы сюжэт беларускай тэлевізіі з кадрамі прызнальных сведчанняў Паўла Шаройкі. Аб гэтым перадае «Белсат».

Паводле Тымчука, у «прызнанне» Паўла ў шпіянажы, «можа паверыць толькі ўнутраны спажывец постсаўковага афіцыёзу». Дэпутат падкрэслівае, што ў КДБ прызнанні не рэдка выбіваюць катаваннямі і псіхалагічным уздзеяннем.

З пункту гледжання Тымчука, у сюжэце БТ шмат дзіўнага. Сакрэтны дакумент Мінабароны, які нібыта займеў Шаройка, аформлены няправільна – адсутнічае стандартная «шапка» дакумента, нумар асобніку паказаны няправільна. Заяву аб тым, што ў кватэры Шаройкі знойдзеныя копіі разведвальных данясенняў Тымчук высмейвае:

«Вялікі ўкраінскі «шпіён» у чыне цэлага палкоўніка захоўвае ўжо адпраўленыя ў Цэнтр данясення (відавочна, незашыфраваныя) – так бы мовіць, збірае калекцыю, каб унукам паказаць, а заадно збірае рэчдовады супраць сябе».

Дэпутат адзначае, што ў якасці доказаў БТ паказала кадры сачэння за Шаройкай, якія не маюць ніякага дачынення да шпіянажу – напрыклад, паказваюць, як Шаройка выходзіць з будынку Выканкаму СНД у Менску і садзіцца ў машыну. «Незразумела, што гэта павінна даказваць?», – пытаецца Тымчук.

Нарэшце, дэманстрацыя вайсковага пасведчання Шаройкі таксама нічога не даказвае, перакананы дэпутат.

«Што гэтым у КДБ хацелі сказаць? Калі прагледзець пакадрава, то выразна бачна, што гэта пасведчанне грамадскай арганізацыі «Аб’яднанне ветэранаў разведкі Украіны». Як усе мы цудоўна ведаем, Шаройка сапраўды служыў у ГУР МА Украіны да 2009 года і быў там публічнай асобай – прэс-сакратаром, і выйшаў у запас у званні палкоўніка. Таму яго сяброўства ў гэтай грамадскай арганізацыі больш чым зразумела. Гэта можа быць адкрыццём хіба што для КДБ РБ, дзе, відавочна, не ўмеюць карыстацца пошукавай сістэмай Google».

«Увогуле, на самой справе ніякіх фактаў супраць П.Шаройкі і Украіны, якая нібыта вядзе шпіёнскую дзейнасць у Беларусі, мы не ўбачылі. Ёсць нічога не значныя кадры сачэння, ёсць відавочныя фальсіфікацыі і маніпуляцыі. Гэта ўсё, што паказаў КДБ РБ», – рэзюмуе Тымчук.

Нагадаем, 25 кастрычніка ў Менску спецслужбы затрымалі карэспандэнта «Украінскага Радыё» Паўла Шаройка. Паводле КДБ, Шаройка стварыў у Беларусі «агентурную сетку з грамадзян Беларусі, якія за грашовую ўзнагароду выконвалі ягоныя заданні па зборы звестак выведвальнага характару ў вайскова-палітычнай сферы». Працу Шаройкі ў Беларусі, паводле заявы КДБ, каардынаваў супрацоўнік ГУР МА Украіны Ігар Скварцоў, які «дзейнічаў пад прыкрыццем саветніка амбасады Украіны ў Беларусі».

Ігар Скварцоў быў абвешчаны персонай нон грата. У адказ Украіна выслала першага сакратара амбасады Беларусі. Менск гэты крок расцаніў як «несяброўскі».

У дачыненні да Шаройкі распачатая крымінальная справа па ст.358 КК Беларусі (шпіянаж) і прынята рашэнне аб утрыманні яго пад вартай. Акрамя Шаройкі, затрыманы грамадзянін Беларусі – яму інкрымінуюць «дзяржаўную здраду».

Афіцыйны Кіеў адмаўляе датычнасць Скварцова і Шаройкі да выведвальнай дзейнасці і лічыць абвінавачванні беспадстаўнымі.

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках