19 красавiка 2024, Пятніца, 10:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сяльчанка адпрацавала месяц без выходных - і засталася без заробку

40
Сяльчанка адпрацавала месяц без выходных - і засталася без заробку
ФОТА: GS.BY

У разліковым лістку Наталлі Міхно за 31 работы бухгалтэрыя паставіла «нуль» рублёў да выдачы.

Наталля Міхно адпрацавала цэлы месяц без выходных (229 гадзін), а ў разліковым лісце ў графе «да выдачы» стаіць нуль.

Сяльчанка забіла трывогу, стала тэлефанаваць у бухгалтэрыю сельгаспрадпрыемства «Галынка», дзе яна працуе паляводам, патэлефанавала і ў «Газету Слонімскую».

- Сёння мне на рукі выдалі разліковы ліст, у якім стаіць налічэнне 430 рублёў, ды толькі атрымліваць няма чаго: у графе «да выдачы» стаіць нуль. Але як так?! Бо я добрасумленна хаджу на працу, не п'ю, у мяне няма прагулаў, нічога з прадуктаў у гаспадарцы я не брала. Тэлефанавала неаднаразова ў бухгалтэрыю сельгаспрадпрыемства «Галынка», там мне сказалі, што нібыта малады спецыяліст памыліўся. У мяне няма грошай, каб нарыхтаваць дровы, заплаціць за электраэнэргію. Я жыву адна, мне няма каму дапамагчы і заступіцца за мяне няма каму, - паведамляла пра сваю праблему занепакоеная жанчына.

ФОТА: GS.BY

Наталля Міхно жыве ў вёсцы Дзярэчыне Зэльвенскага раёна. Пра тое, што дзяржава ў яе адабрала дзяцей і зрабіла, фактычна, яе рабыняй, мы пісалі раней. Сяльчанцы даводзіцца выжываць на 30-60 рублёў за месяц. У яе забралі дзяцей, аргументуючы тым, што ў доме бруд, яна п'е, але афіцыйнага пацверджання, са слоў жанчыны, таму няма. Цяпер сяльчанцы даводзіцца працаваць і аддаваць амаль увесь заробак на ўтрыманне дзяцей. Больш за тое, як снежны ком назапашваюцца пазыкі за камунальныя паслугі.

У Дзярэчыне ў той дзень мы заспелі Наталлю за працай у полі. Яна паказала нам разліковы ліст, у якім сапраўды ў графе «да выдачы» нічога не стаяла. Толькі ўказвалася запазычанасць на пачатак месяца ў суме 64 рублі 79 капеек і ўтрыманне ў суме 365 рублёў 91 капейка. Наталля сказала, што тэлефанавала шмат разоў у бухгалтэрыю, дзе ёй паабяцалі выплаціць заробак і пералічыць яго на картку.

- Яны мне сказалі, што праз збой у кампутары адбылася памылка з віны маладога спецыяліста. Я збіраюся ў адпачынак 17 лістапада, але мне ў бухгалтэрыі сказалі, што адпускныя я змагу атрымаць толькі ў сярэдзіне снежня.

Я неаднаразова звярталася да старшыні Зэльвенскага райвыканкама з просьбай дапамагчы з аплатай электраэнэргіі, але ён кажа, што ў раённым бюджэце няма грошай на гэтыя мэты. Хай бы дапамаглі мне, а потым вылічвалі б кожны месяц з заробку. Мне адной не вырвацца з гэтай пазыковай ямы. Яны забралі ў мяне дзяцей. Але за што? Я не п'ю. Калі б піла, то даўно прадала б лядоўню і тэлевізар, - распавяла пра сваю сітуацыю жанчына.

Да журналістаў падышлі жанчыны, якія працавалі з Наталляй у той дзень на полі. І вось што яны распавялі.

- Сёння ўсім нялёгка жывецца, але мы неяк выкручваемся. Наталлі маглі б дапамагчы, яе шкада па-чалавечы. Хай бы далі ёй матэрыяльную дапамогу, а потым бы вылічвалі з заробку. Ёй трэба дапамагчы, - заўважыла падчас размовы адна з працаўніц.

З Дзярэчына мы заехалі ў сельгаспрадпрыемства «Галынка», дзе бухгалтар патлумачыла, што Наталля Міхно - матэрыяльна абавязаная асоба.

ФОТА: GS.BY

- У Наталлі Міхно запазычанасць вялікая. А калі яна набярэ яшчэ каўбас ці яшчэ чаго?..Заробак ёй сёння пералічылі на картку.

- А чаму адпускныя выплачваеце не ў тэрмін?

- У мяне няма яе заявы на адпачынак.

- А гэта нармальна, што чалавек працуе без выходных, бо гэта парушэнне працоўнага заканадаўства?

- У яе аплата здзельная, ёй налічана за працу ў выходныя, - патлумачыла галоўны бухгалтар Марыя Уладзіміраўна.

Наталля цэлы дзень працуе ў полі, вяртаецца дадому ўвечары, а ў доме няма святла, холадна, ежу прыгатаваць няма на чым, ды і не з чаго. І так з дня ў дзень ёй даводзіцца чэзнуць. Аб праблеме вяскоўкі Наталлі Міхно ведаюць усе: старшыня Дзярэчынскага сельсавета, старшыня Зэльвенскага райвыканкама, намеснік старшыні Зэльвенскага райвыканкама, ён жа і «дэпутат» у Дзярэчынскай выбарчай акрузе, кіраўнік сельгаспрадпрыемства «Галынка», але ніхто, на жаль, з іх не ўзяўся дапамагчы простай сяльчанцы. Хаця Лукашэнка неаднаразова кажа, што людзей нельга крыўдзіць, што аніводзін чалавек, аніводная сям'я, якія знаходзяцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, не павінны заставацца без дапамогі дзяржавы. Відавочна, што наказ прэзідэнта чыноўнікі ў Зэльвенскім раёне проста ігнаруюць.

Напісаць каментар 40

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках