29 сакавiка 2024, Пятніца, 10:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вольга Нікалайчык: Дзе нашы грошы?

49
Вольга Нікалайчык: Дзе нашы грошы?
КАРЫКАТУРА: CARTOON.KULICHKI.COM

Беларусы часта параўноўваюць кошты прадуктаў у сваёй краіне і ў суседзяў.

Відавочна, што многія тавары значна больш выгадна набываць у суседніх краінах.

Рэжысёрка і грамадская актывістка Вольга Нікалайчык цяпер знаходзіцца ва Украіне і здзіўленая, наколькі ў суседняй краіне, нягледзячы на ўсе цяжкасці, людзі жывуць лепш. Сваімі ўражаннямі Вольга падзялілася з сайтам Charter97.org:

- У Беларусі адбываецца сапраўдны эканамічны генацыд. Я цяпер знаходжуся ў Кіеве. Нягледзячы на тое, што ў краіне ідзе вайна, тут я хаджу па крамах, вуліцах і магу сказаць, што людзі значна лепш адзетыя, чым у Беларусі, яны дазваляюць сабе больш прадуктаў лепшай якасці.

У Кіеве шмат людзей адпачывае ў кавярнях у той час, калі ў нас яны пустуюць. Разумееце, нягледзячы на вайну, у краіне зусім іншая сітуацыя! А ў нас жа я хаджу па крамах і бачу, што да кас людзі ідуць з пустымі кошыкамі. Гэта шмат пра што гаворыць.

У нас няма ні бясплатнай медыцыны, ні адукацыі - гэта ўсё міфы. І паляпшэння сітуацыі не прадбачыцца. Паглядзіце, якія кошты ў краіне! Памяняеш 10 даляраў і гэтага ні на што не стае, а тры гады таму гэтага магло ставаць на некалькі дзён. І такая сумная сітуацыя ў нас усюды. Але ж беларусы вартыя лепшага жыцця!

- Вы цяпер кажаце пра жыццё ў Менску. А якая сітуацыя ў рэгіёнах?

- Паводле вастрыні эканамічнага крызісу рэгіёны - гэта як Менск «у квадраце». Ці нават «у кубе». Адтуль пастаянна прыходзяць навіны пра тое, што людзям плацяць мізэрныя заробкі. Як, напрыклад, кіроўцу БелАЗа за месяц заплацілі 4 даляры, а работніцы калгасу за 31 працоўны дзень бухгалтэрыя нарысавала «нуль» рублёў да выдачы. Такія гісторыі проста трэба друкаваць у незалежных СМІ.

Гэты кіроўца, які атрымаў 4 даляры, павінен прыехаць і стаць каля Дому ўраду з плакатам «Дзе мае грошы?». Людзі павінны ўсвядоміць, што яны могуць супрацьстаяць і дамагацца свайго.

Што тычыцца гэтай жанчыны, якая запрацавала «нуль», то гэтая лічба акурат сімвалізуе сённяшнюю сітуацыі стаўлення ўладаў да беларусаў. Мы жывем у ГУЛАГу, а працоўныя людзі сталі рабамі. Беларуская рэальнасць такая, што чалавеку за месяц працы без выходных могуць не заплаціць і гэта будзе ўважацца за «норму» ў цэнтры Еўропы. Увогуле, рабаўладальніцкай лад.

Таму, я думаю, што трэба смела гаварыць пра тое, што мы жывем у краіне, дзе зарабляем «нуль». Трэба выходзіць з плакатамі на Плошчы і рабіць усё, каб хутчэй скінуць гэтае ярмо! Нават у сталінскія часы людзям плацілі. Выходзіць, што Лукашэнка - неасталініст.

- У мінулым годзе пратэстным класам сталі «дармаеды». А хто цяпер можа стаць у авангардзе пратэстаў?

- Сёння ў авангардзе пратэстаў павінны стаць людзі, якія адпрацавалі 20 гадоў на краіну і не могуць выжыць за сваю пенсію. Людзі, якія адвучыліся сем гадоў на доктара і не могуць жыць за 100 даляраў заробку, або інжынеры, якія не могуць знайсці працу.

У нас краіна, у якой пачалася беспрацоўе эліты, бо не развіваецца ніводная сфера. Сённяшні пенсіянер, а ўчарашні інжынер або доктар - гэта людзі, якія павінны былі стаць сярэднім класам у краіне. Вось яны і павінны стаць у авангардзе.

У той час як палякі на сваю пенсію падарожнічаюць па ўсім свеце, беларусы вымушаны займацца агародамі, каб вырасціць капусту ці агурок і нешта з'есці зімой.

Усё ўжо дайшло то таго, што эліта нацыі, людзі, якія адпрацавалі 25 гадоў за Лукашэнкам, прыйшлі маладымі ў сваю сферу - выйшлі на заслужаны адпачынак жабракамі. А людзі ж аддалі краіне ўсё. Вось менавіта яны, падкрэсліваю, павінны выйсці і сказаць: «Мы адвучыліся, адпрацавалі і цяпер - жабракі».

Беларусы чакаюць адстаўкі Лукашэнкі ўжо больш як два дзесяцігоддзі. Ён павінен быў сысці пасля першага тэрміну. Сярод 10 мільёнаў беларусаў стае выбітных грамадзян, якія могуць яго замяніць. Знойдуцца больш разумныя, адукаваныя, інтэлектуальныя, арыстакратычныя духам - абярэм! Упэўненая, калі Лукашэнка сыдзе, то ўся краіна будзе весяліцца і спяваць ад шчасця.

Я думаю, што задача беларусаў усімі сіламі данесці да Лукашэнкі, што ён нам не патрэбны. Мы хочам іншага прэзідэнта! Ён - слуга, а мы - народ.

- І як гэтага дамагчыся?

- Маладыя пенсіянеры і «дармаеды» павінны выйсці пад Дом ураду і стаяць там з 9 раніцы да 18 вечара і выходзіць кожны дзень. Тады Лукашэнка занервуецца і пачне рабіць чарговыя памылкі. Бо чалавек, які не мае рацыі і нервуецца, пачынае памыляцца. Тады ў краіне пачнуцца перамены.

Вось я прыехала ва Украіну - краіну, дзе ідзе вайна. А тут свабода, і трэба ўсім беларусам на гэтую свабоду паглядзець. Я раю ўсім - прыязджайце ў Кіеў і любуйцеся! Тут людзі выходзілі і патрабавалі адстаўкі Януковіча, і яна адбылася - цяпер жыццё ў краіне паступова наладжваецца.

Напісаць каментар 49

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках