29 сакавiка 2024, Пятніца, 18:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Леанід Злотнікаў: Новая хваля крызісу прыйдзе ў Беларусь з Расеі

27
Леанід Злотнікаў: Новая хваля крызісу прыйдзе ў Беларусь з Расеі
КАРЫКАТУРУ: CARTOON.KULICHKI.COM

Але выйсце ёсць.

Беларусам шмат разоў распавядалі пра «адмысловы шлях» і «сацыяльна - арыентаваную» эканамічную мадэль. Людзі на сваёй шкуры пераканаліся, наколькі яна «сацыяльна - арыентаваная», калі беларусам, якія засталіся без працы, прыйшлі «лісты шчасця», падняліся кошты на прадукты харчавання, а «наватары» ў кабінетах заявілі, што беларусы павінны будуць выйсці на 100% узровень кампенсацыі выдаткаў за ўсе паслугі ЖКГ.

А можа не варта было адкрываць Амерыку і замест «луканамічнага цуду» скарыстацца досведам рэформ у суседзяў? Чым пагражае Беларусі адсутнасць эканамічных рэформ сайту Charter97.org распавёў эканаміст Леанід Злотнікаў.

- Улады заявілі аб стварэнні пры Нацыянальнай Акадэміі Навук Беларусі цэлага навукова-даследчага цэнтра аб пытаннях ЖКГ. Лукашэнка збірае планёркі на тэму праблем у камунальнай сферы. А ці павінна дзяржава ўмешвацца ў такія пытанні, ці, можа, варта аддаць гэтую прэрагатыву прыватнаму бізнэсу?

- Калі мы зірнем на досвед нашых суседзяў, то ўсё стане на свае месцы. У той жа Польшчы, Літве, Латвіі прыватныя фірмы займаюцца будаўніцтвам, продажам нерухомасці, рамонтам, выкананнем камунальных паслуг. Як правіла, дзяржава не ўмешваецца ў гэтую сферу, гэтымі пытаннямі займаецца прыватны сектар. І гэтая сістэма значна больш эфектыўная, чым у Беларусі.

Магу прывесці прыклад без усялякай тэорыі. Калі ў Санкт-Пецярбургу з'явіліся першыя прадпрыемствы, якія займаюцца выкананнем камунальных паслуг, адразу ж загаварылі пра тое, што калі ЖКГ займаецца вывазам смецця, падачай электраэнэргіі, цяпла - то кошт выходзіць значна вышэйшы, чым на тыя ж паслугі ў краінах з рынкавай эканомікай. Сусветны досвед паказвае, якая сістэма мае права на жыццё. І тут не трэба вынаходзіць ровар.

- Нам увесь час кажуць пра «рэформы», «мадэрнізацыю» прамысловасці, «лібералізацыю» эканомікі, але вынікаў няма. Чаму?

- Мы ўжо маем досвед «мадэрнізацыі», якая не дала ніякага эфекту пры значных інвестыцыях. Сродкі ўкладваліся і ў сельскую гаспадарку, і ў прамысловасць, спрабавалі рэфармаваць сферу ЖКГ. Але гэта не дало ніякіх пладоў.

Усё гэта адбылося з прычыны таго, што такімі рэформамі займаюцца не тыя людзі, а нашая сістэма - не эфектыўная. Яна нават не рынкавая. І не трэба казаць пра адмысловую «беларускую мадэль». Мы маем справу са звычайнай каманднай эканомікай: планы на прадпрыемствах, «пяцігодкі», няма прыватнай уласнасці на зямлю і многае іншае. Якая сістэма - такія і інвестыцыі, такая эфектыўнасць камунальных паслуг. Усё ўзаемазвязана.

- Атрымліваецца, што ніякіх рэформаў мы не назіраем. А якімі могуць быць наступствы?

- У камандай эканоміцы асобныя мерапрыемствы, якія робяць улады, не дадуць ніякага эфекту. Мы бачым, чым пагражае адсутнасць рэформаў. Асабліва гэта стала прыкметна на прыкладзе апошняга года: узровень жыцця беларусаў вельмі моцна ўпаў. Гэта збядненне пачалося два з паловай гады таму.

Рост сусветнай эканомікі трохі палегчыў тую сітуацыю, у якой апынуліся беларускія ўлады, але гэта не мяняе сутнасці справы.

Беларуская эканоміка наўпрост залежыць ад расейскай, а ўсе эканамісты кажуць пра тое, што Расею чакае стагнацыя. Такая ж доля чакае і беларускую эканоміку. Не будзе росту, вось што небяспечна. А адсутнасць рэформаў наўпрост адаб'ецца на ўзроўні жыцця насельніцтва.

- Калі цяперашнія кіраўнікі не хочуць займацца рэформамі, іх будуць рабіць людзі, якія прыйдуць на змену дзейнай уладзе. Як можна палегчыць пераход нашай краіны на рэйкі рынкавай эканомікі?

- Усё вельмі проста, бо такі пераход ужо ажыццяўляецца ў краінах Балтыі, Усходняй Еўропы, некаторых краінах Азіі.

Нават у Казахстане зразумелі, што трэба пераходзіць ад наўпроставага кіравання да рынкавай эканомікі. Самае галоўнае правіла такіх пераходаў - дзейнасць дзяржавы павінна быць падпарадкаваная законам эканомікі. Гэтую простую формулу трэба ўзяць за правіла.

Беларусі значна прасцей, бо ўсё такія трансфармацыі выпрабаваныя іншымі краінамі. Мы ўжо не можам абмежавацца сваімі ўнутранымі сіламі і проста даць свабоду прадпрымальнікам, пара зрабіць эканоміку адкрытай, прыцягваць замежныя інвестыцыі. Трэба перастаць азірацца на інтарэсы ўлады, а паставіць на першае месца прынцыпы эканомікі. Тады мы ўбачым змены.

Складанасць ў тым, што склалася кола асоб, якім добра жывецца і з гэтай сістэмай.

Былы міністр фінансаў Расеі Аляксей Кудрын заявіў, што трэба адказаць для сябе на два пытанні: па-першае, што перашкаджае працаваць прадпрымальнікам, а па-другое, што перашкаджае прытоку інвестыцый. І ўсё, што перашкаджае - прыбраць, вось тады эканоміка запрацуе. Але без палітычных змен такія рэформы немагчымыя.

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках